Страчаныя культурныя каштоўнасці вярнуліся на Радзіму

Цырымонія перадачы ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” шэрагу культурных каштоўнасцяў, па розных прычынах вывезеных з Беларусі, адбылася сёння ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Цырымонія перадачы ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” шэрагу культурных каштоўнасцяў, па розных прычынах вывезеных з Беларусі, адбылася сёння ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Галоўным героем мерапрыемства стаў Валеры Казакоў, старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Менавіта дзякуючы працы аўтаноміі “Беларусы Расіі” і высілкам асабіста Валерыя Казакова Беларусь атрымала шыкоўныя падарункі, сярод якіх:

- медаль у гонар Людвігі-Караліны Радзівіл, 1667 год;

- медаль “Узяцце Смаленска Уладзіславам IV, каралём Рэчы Паспалітай”,1634 год;

- гравюра, якая належала роду Радзівілаў;

- кніга “Настаўленне па складанню радавых гербаў”, нямецкае выданне 1711 года;

- 2 рэпрынтных выданні Слуцкага (15 стагоддзе) і Баркулабаўскага (17 стагоддзе) летапісаў;

- арыгінальная Біблія выдання 1816 года;

- кніга А.П.Сапунова “Віцебская даўніна” з аўтографам аўтара, выданне 1885 года;

- 12 альбомаў “Вялікая вайна ў вобразах і карцінах”, выданне Д.Я.Макоўскага 1914 года.

Выступаючы падчас цырымоніі Валеры Казакоў падкрэсліў, што Беларусь – сусветная нацыя: “Калі мы паглядзім на любую зямлю ў Еўропе, мы ўбачым, што там ёсць беларусы”. Ён заклікаў беларусаў, якія жывуць за мяжой, памятаць, што яны беларусы і не чакаць, што Беларусь зменіцца.

Валеры Казакоў

Словы падзякі Валерыю Казакову за перададзеныя падарункі выказалі дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Сергей Клімаў, намеснік Старшыні Брэсцкага райвыканкама Людміла Жуковіч.

Ліст падзякі Валерыю Казакову перадае Раман Матульскі

Падзяку Валерыю Казакову выказаў Міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Ён адзначыў, што перадача культурных каштоўнасцяў стала магчымай “дзякуючы канкрэтным людзям, дзякуючы таму, што Валеры Казакоў – чалавек слова”. Павел Латушка паабяцаў, што супраца з беларускай дыяспарай будзе працягвацца. Зараз вядзецца праца над адмысловай праграмай “Беларусы ў свеце”, адзначыў спадар міністр. Ён нагадаў, што ў пачатку ліпеня ў Беларусі будзе праходзіць Першы фестываль мастацтваў беларусаў замежжа.

Павел Латушка

Надзею на тое, што “эстафета, пачатая Валерыем Казаковым, будзе пашырацца”, выказаў Міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Ён перадаў Валерыю Казакову ганаровую грамату ад МЗС Беларусі ў знак падзякі за развіццё сувязяў з Расіяй і садзейнічанне вяртанню культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Сяргей Мартынаў

Прымаючы грамату Валеры Казакоў заўважыў: “Мы не замежныя людзі, мы тутэйшыя”. “Мы перадавы атрад Беларусі за Смаленскам”, - пажартаваў кіраўнік аўтаноміі “Беларусы Расіі”. Яшчэ адным падарункам ФНКА “Беларусы Расіі” стаў экземпляр факсімільнага выдання “Слуцкага Евангелля”.

Слуцкае Евангелле ў падарунак

Інфармацыйны цэнтр “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”