Першы анімацыйны фільм па гісторыі Беларусі — у тoп-10 на Youtube і топ-3 на Yandex!

Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!” увайшоў у Toп-10 праглядаў на Youtube і топ-3 на Yandex. Фільм быў выкладзены ў адкрыты доступ адразу пасля прэс-прэзентацыі ў суботу, 28 траўня, на партале TUT.By. Цягам тыдня відэа стала хітом нумар адзін у байнэце.

Мяжа ў 100 тысяч праглядаў за месяц, прагназаваная пасля закрытага прагляду скептычнымі блогерамі, была пераадоленая ўсяго за 4 дні. Так першая прафесіянальная гістарычная анімацыя з цэнтральнай падзеі праекту БудзьмаTUT ператварылася ў адлюстраванне высокай патрэбы беларусаў у сучасных відах мастацтва на глебе нацыянальнай культуры.

Юлія Сакалова, эксперт кампаніі “Адкрытыя сацыяльныя медыі” так пракаментавала становішча роліка:

— Калі падсумаваць усе спасылкі з youtube, yandex video і іншых рэсурсаў, якія потым былі ўбудаваныя ва ўсе сацыяльныя сеткі, ролік прагледзела на сярэдзіну тыдня больш за 350 тысячаў чалавек, 66% з якіх знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі.

Поспех відэа не абмежаваўся Беларуссю. На мінулым тыдні анімаваны ролік “Будзьма беларусамі!” працягваў трыумфальнае шэсце па прасторах глабальнага сеціва. На Youtube ролік увайшоў у топ-10 відэа, што абмяркоўваліся ў свеце найбольш, і ў рэгіянальныя топ-100 самых прагляданых, напрыклад, у Чэхіі і Польшчы. У тройку найлепшых на Яндэкс-відэа ролік трапіў ужо ў першыя дні пасля з’яўлення.

Ролік  “Будзьма беларусамі!” - цэнтральная падзея праекту БудзьмаTUT, але далёка не фінал. Працяг кампанія “Будзьма беларусамі!” абяцае зусім хутка!

budzma.org