Па-беларуску выйшаў зборнік шведскай паэткі Катарыны Фростэнсан

У Бібліятэчцы часопіса "Дзеяслоў" выйшаў зборнік вершаваных перакладаў адной з самых вядомых шведскіх паэтак Катарыны Фростэнсан "Чыстая краіна".

У Бібліятэчцы часопіса "Дзеяслоў" выйшаў зборнік вершаваных перакладаў адной з самых вядомых шведскіх паэтак Катарыны Фростэнсан "Чыстая краіна". На беларускую мову паэзію аўтаркі перастварыў беларускі пісьменнік і перакладчык з Швецыі, сябра Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Дзмітры Плакс, які таксама аздобіў кнігу сваімі фотаздымкамі.

У кнігу Катарыны Фростэнсан уключаныя вершы, напісаныя ў 80-х і 90-х гадах мінулага стагоддзя.

З прадмовы перакладчыка Дзмітрыя Плакса:

"Напружаны, насычаны, сканцэнтраваны тэкст, які патрабуе ад чытача поўнае ўвагі, глыбокіх ведаў, шырыні далягляду, тонкасці слыху. Пры гэтым – чыстыя маляўнічыя карціны, моцныя пачуцці, выразны сексуальны падтэкст.

Насамрэч, перакласці такую паэзію немагчыма. Але спакуса для перакладчыка тут вельмі вялікая, і я патраціў шмат часу на тое, каб выбраць патрэбнае слова, паспрабаваць пакінуць, хаця б дзе-нідзе, цудоўную шматсэнсоўнасць, выкрыць за гравійным пылам баразну вужакі і бляск карабельнага срэбра…"

Пра аўтарку:

Катарына Фростэнсан –  паэтэса і драматург, сябра Шведскай Акадэміі. Нарадзілася ў 1953 годзе ў Стакгольме. Жыве і працуе ў Стакгольме.

Прэсавая служба СБП