Каложы вернуць гістарычнае аблічча

Беларускія вучоныя сумесна з архітэктарамі плануюць аднавіць гістарычнае аблічча аднаго з самых вядомых айчынных помнікаў архітэктуры - Барысаглебскай (Каложскай) царквы, размешчанай у Гродне.

Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык аддзела археалогіі сярэдневяковага перыяду Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Мядзведзеў. Царкву плануюць рэканструяваць, каб вярнуць ёй той выгляд, які яна мела ў ХІІ стагоддзі. Летам археолагі пачнуць раскопкі вакол царквы, каб больш дэталёва вывучыць культурныя слаі прылеглай да яе тэрыторыі. Тут могуць быць знойдзены рэшткі старажытных пабудоў, якія дапамогуць вучоным вывучыць гісторыю гэтага архітэктурнага помніка. "Археалагічныя даследаванні праводзіліся тут даўно, - расказаў Аляксандр Мядзведзеў. - Царква не раз закідалася, часткова абвальвалася, перабудоўвалася, культурныя слаі нарасталі, менавіта таму тут неабходны дадатковыя і больш глыбокія раскопкі, якія мы і хочам правесці". Чакаецца, што раскопкі каля царквы будуць выконвацца ў некалькі этапаў. "Гэта абумоўлена тым, што Барысаглебская царква - дзеючы храм, нашы даследаванні не павінны моцна перашкаджаць яго распарадку", - дадаў субяседнік. На аснове археалагічных даследаванняў вучоныя вызначаць, якім першапачаткова быў фундамент царквы, аддзелка сцен і падлогі. "Усё гэта дасць магчымасць у будучым аднавіць царкву больш набліжана да першапачатковага выгляду", - падкрэсліў Аляксандр Мядзведзеў. Акрамя археолагаў у раскопках прымуць удзел таксама студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. Барысаглебская царква, заснаваная ў другой палавіне ХІІ стагоддзя, з'яўляецца помнікам старажытнай беларускай архітэктуры, дзе спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Галоўнай архітэктурнай асаблівасцю царквы стала выкарыстанне ў кладцы сцен шліфаваных каляровых валуноў уперамежку са старажытнай цэглай, а таксама ўпрыгажэнне сцен фігурнымі керамічнымі пліткамі, якія ствараюць выявы крыжоў і розных геаметрычных фігур. Храм лічыцца адзіным захаваным будынкам, які адносіцца спецыялістамі да гродзенскай архітэктурнай школы ХІІ стагоддзя, аналагаў якой няма ў гісторыі ўсходніх славян.

"БЕЛТА"