Шматвяковая гісторыя за 5 хвілін — ці магчыма гэта? Так! — кажа кампанія "Будзьма беларусамі!" і запрашае ўсіх на шырокую прэзентацыю мультыплікацыйнага фільма "Будзьма беларусамі!", якая адбудзецца 28 траўня падчас опэн-эйра "Канцэрт на траве".
Доўгачаканы анімацыйны фільм "Будзьма беларусамі! дае магчымасць паглядзець на нашую гісторыю ў новай, сучаснай графіцы. Аўтары ідэі — Юлія Ляшкевіч і кампанія "Будзьма беларусамі!" — увасобілі гісторыю Беларусі ў лёгкай, даступнай кожнаму форме. Шыкоўная анімацыя ад Юліі Рудзіцкай у музычным суправаджэнні Аляксандра Памідорава і Лявона Вольскага — такой гісторыі Беларусі вы яшчэ не бачылі!
Болей за тое, гасцей фестывалю кампанія “Будзьма беларусамі!” чакае ў сваім намёце, дзе рыхтуе для ўсіх тузін культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Менавіта ў намёце "Будзьма беларусамі!" размесціцца інфацэнтр фэсту. Тут госці змогуць атрымаюць усю інфармацыю пра расклад опэн-эйра, пры неабходнасці даць абвестку ды перапісаць на свае флэш-носьбіты новы мульцік і іншыя медыя-прышпілы ад "Будзьмы".
Насычаная праграма падрыхтаваная не толькі для дарослых, але і для дзетак, якіх чакае адмысловая праграма. Бавіць час у добрым настроі ў намёце "Будзьма!" можна будзе ад самага ранку: усе ахвотныя змогуць зрабіць сабе бодзі-арт, згадаць на практыцы, як вырабляць папяровыя капелюшы, ці ўзяць майстар-клас па лепцы з гліны ды народных танцах і шмат іншых цікавостак і сюрпрызаў.
Пасля прэзентацыі мультыплікацыйны фільм назаўжды атрымае прапіску па адрасе tut.budzma.org, адкуль яго змогуць спампаваць усе ахвотныя!
Паглядзець трэйлер да анімацыйнага фільма можна тут.