Распачынаецца кампанія па зборы літаратуры для следчых ізалятараў і турмаў

"Малады Фронт" (зарэгістраваны ў Чэхіі) распачынае кампанію па зборы беларускамоўнай літаратуры для беларускіх следчых ізалятараў і турмаў.

— Калі раней маладафронтаўцы меліся займацца праблемаю выхавання дзетак з дзіцячых дамоў на грунце нацыянальнай ідэі, дык у цяперашняй сітуацыі мы вымушаны памяняць ракурс і падтрымаць палітвязняў, — паведамілі “Народнай Волі” ў прэс-службе МФ. — Суды за Плошчу-2010 амаль скончаныя, і хутка ўсіх бязвінна асуджаных развязуць па калоніях на невядомы тэрмін. Чым мы можам дапамагчы нашым братам у гэтым выпрабаванні? Сярод звычайных адказаў накшталт пісання лістоў і арганізацыі акцый салідарнасці мы знаходзім і новы - перадача ў СІЗА і калоніі беларускамоўнай і духоўнай літаратуры. Вядома, што сучасныя беларускія турмы не могуць пахваліцца добрымі бібліятэкамі, і многім вязням у вольны ад працаў час застаецца здавольвацца нізкаякаснымі раманамі пра каханне ці міліцэйскія разборкі. Відавочна, такая літаратура не спрыяе духоваму развіццю чалавека, не дае падтрымкі і надзеі вязням у складаны перыяд іх жыцця.

Дарэчы, кожны чалавек можа перадаць кнігу на беларускай мове ці на духовую тэматыку у “МФ”, сябры якога затым падрыхтуюць невялікія бібліятэкі для ўсіх калоній, дзе будуць адбываць пакаранні палітвязні.. Каб перадаць кнігу, напішыце на емэйл press.mfront@gmail.com.

"Народная Воля"