Цяпер спецыялісты займаюцца высокамастацкімі рэстаўрацыйнымі работамі - аддзелкай інтэр'ераў (лепка, пазалота). Плануецца, што замак будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў пачатку ліпеня: ён поўнасцю адкрыецца для турыстаў, будзе сфарміравана музейная экспазіцыя. І хоць у бягучым годзе завершацца асноўныя работы, не выключана, што асобныя работы па рэстаўрацыі, якія патрабуюць асаблівай увагі (напрыклад, аднаўленне фрэсак і комінаў), прадоўжацца пасля 2011 года. "Цяпер вырашаецца пытанне аб тым, якія менавіта памяшканні будуць уведзены ў эксплуатацыю ў першую чаргу", - растлумачылі ў Міністэрстве культуры. Акрамя таго, завершана будаўніцтва апартаментнай часткі Нясвіжскага замка: гасцініца, кафэ і рэстаран гатовы прымаць наведвальнікаў, аднак афіцыйна пачнуць працаваць з адкрыццём Нясвіжскага замка. Нясвіжскі замак быў закладзены Радзівілам Сіроткам у 1583 годзе, галоўным архітэктарам стаў італьянскі майстар Бернардоні. Згодна з праектам таго часу, замак уяўляў сабой прамавугольнік і быў абнесены землянымі валамі з бастыёнамі і вежамі. Нясвіжскі замак будаваўся ў першую чаргу як абарончае збудаванне, якое можа вытрымліваць працяглую аблогу. У вале, які яго акружаў, былі зроблены шматлікія памяшканні для слуг і гаспадарчыя склады, тут таксама размяшчаліся канюшні. Як адзначаюць спецыялісты, палац цікавы не толькі сваімі наземнымі збудаваннямі, але і шматлікімі падваламі, падзямеллямі, склепамі.
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане