Прыгоды беларускага Джэймса Бонда ў коміксах

Хутка свет пабачыць фантастычна-прыгодніцкі комікс "Андрэй Трасянок і загадка плошчы Каліноўскага". Галоўны герой твора – былы міліцыянер, які воляй лёсу расследуе справу ў намётавым лагеры апазіцыі, што паўстаў пасля выбараў 2006 года. "Беларускі Джэймс Бонд" – так называюць дэтэктыва Андрэя Трасянка аўтары комікса Лёлік Ушкін, Мікола Мялюк і Анатоль Тадорскі.

Падрабязней пра кнігу ў інтэрв’ю budzma.org распавёў адзін з аўтараў твора Лёлік Ушкін.

_cover

— Распавядзі для пачатку пра падзеі, што адбываюцца ў кнізе?

У комікса дзве сюжэтныя лініі. Паводле адной з іх, падзеі адбываюцца ў ХІХ стагоддзі падчас паўстання Каліноўскага ў Вільні, дзе расійскі сышчык шукае бунтара Каліноўскага па загадзе Мураўёва. Паводле другой лініі, у намётавым гарадку апазіцыі ў 2006 годзе, дзе па загаду кіраўніцтва апазіцыі былы міліцыянер, а цяпер бомж шукае агента, які працуе ў лагеры. Наш галоўны герой Андрэй Трасянок – гэта прадукт позняга застою 80-ых гадоў. Увесь час ён ментальна вяртаецца ў сваю маладосць, у часы Перабудовы, калі кантрабандысты з-за мяжы прывозілі югаслаўскія вінілавыя пласцінкі, на сценах пісалі "Heavy Metal Rock", куплялі жвачкі са Скруджам Макдакам і г.д.

— Чаму вы абралі менавіта фармат комікса?

Па-першае, было цікава працаваць у невядомым жанры, таму што яшчэ з часоў выдання газеты "Навінкі"** у нас была традыцыя выходзіць на прасторы, дзе яшчэ не ступала нага чалавека. Беларускі комікс у лепшым выпадку – гэта "Саша і Сярожа", дзе ўся фабула змяшчаецца ў 10-12 кадрах. А вось такога як на Захадзе, калі выходзіць кніга коміксаў памерам 100-200 старонак, у нас яшчэ не было. То бок, гэта спроба эксперымента ў жанры вялікага, паўнафарматнага коміксу.

— Якая галоўная ідэя кнігі? Што вы хацелі данесці людзям?

Па-першае, мы атрымалі задавальненне ад стварэння коміксу, бо гэта творчы працэс. Па-другое, мы разлічваем, што наша кніга падштурхне маладых людзей да працы ў гэтым жанры. Па-трэцяе, зразумела, кніга нясе культурны мэсыдж. Мы заўсёды былі фанатамі фільмаў Таранціна, бо лічым, што гледача альбо чытача трэба заўжды трымаць у напружанні, трэба прыдумваць для яго цікавы сюжэт, фікш. Гэты мусіць быць прадукт, які чытаецца альбо глядзіцца на адным дыханні. Да таго ж, комікс каштоўны тым, што дае магчымасць рабіць з галоўным героем што заўгодна. Можна перанесці яго ў космас альбо адправіць у пекла. Таксама для нас гэта была спроба зазірнуць у палітычную культуру апазіцыі і ўладаў.

— Ці будзе ў кнігі працяг?

Мы планеум раз на год альбо раз на два гады рабіць працяг прыгодаў Трасянка з улікам нашых папярэдніх памылак. Таксама зараз мы спрабуем стварыць анімацыйны фільм паводле кнігі.

— Калі і дзе можна будзе набыць кнігу?

Ёсць папярэдняя дамова з кнігарняй "ЛогвінаЎ" наконт прэзентацыі кнігі на 25 траўня. Сачыце за абвесткамі.

— Некалькі слоў напрыканцы.

Хочацца, каб чытачы зразумелі, што гэта не проста кніжка, а этап эвалюцыі беларускай культуры.

 
*Лёлік Ушкін – сузаснавальнік сатырычнай газеты"Навінкі", якая была зачынена ўладай у 2003 годзе. Карыкатурыст і фельетаніст,замежны аглядальнік газеты "Новы час", аўтар кнігі "Левым вокам" (2008).

Гутарыў Алесь Ёрш, budzma.org