Пісьменнікі беларускага замежжа наведаюць Беларусь

5 траўня а 16-й гадзіне ў галерэі "Лабірынт" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікамі беларускага замежжа "У сэрцы з Радзімай".

Мерапрыемства пройдзе ў рамках ХV Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі", для ўдзелу ў якой запрошаны суайчыннікі, прадстаўнікі СМІ і літаратурнай творчасці з-за мяжы.

Удзел у творчай сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прымуць прадстаўнікі беларускай дыяспары з Украіны, Эстоніі, Грузіі, Польшчы, Латвіі. Сярод іх – старшыня праўлення таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой "Радзіма" Максім Дубёнак; намеснік старшыні культурна-асветніцкага таварыства "УЗДЫМ", паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валадзько; старшыня Саюза беларусаў Латвіі Галіна Піскунова; старшыня Данецкай абласной грамадскай арганізацыі "Культурна-асветніцкая суполка беларусаў "Нёман"; прэзідэнт Асацыяцыі беларусаў Эстоніі, галоўны рэдактар і вядучая беларускамоўнай радыёпраграмы "Бацькаўшчына" радыёстанцыі "Радыё-4" дзяржаўнай эстонскай тэлерадыёкампаніі Ніна Савінава; намеснік старшыні таварыства беларусаў Грузіі "Беларускія сябры" Лідзія Шацірышвілі; саветнік, кіраўнік культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Аляксандр Карачун і інш.

У рамках правядзення творчай сустрэчы будзе арганізавана выстаўка-прагляд, на якой прадстаўлена каля 60 дакументаў аб гісторыі беларускага замежжа, выхадцах з беларускіх зямель, імёны якіх вядомыя як на роднай зямлі, так і ў Расіі, Украіне, Чэхіі, Велікабрытаніі і інш. Акрамя кніг па гісторыі беларускай эміграцыі будуць прадстаўлены зборнікі твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, якія працуюць за мяжой. Падчас мерапрыемства Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі будуць перададзены ў дар кнігі паэтаў і пісьменнікаў Беласточчыны, выдадзеныя пры падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы.

tut.by