Прэзэнтацыя Беларускай Інтэрнэт Бібліятэкі Kamunikat.org у Гародні і Берасьці

Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org узьнікла ў 2000 годзе, як прыватная ініцыятыва і і праз некалькі гадоў існавала на грамадзкіх пачатках. Аднак на працягу больш як 10-ці гадоў, сьціплы збор публікацыяў беларусаў Беласточчыны перарос у буйную бібліятэку, якая сёньня зьяўляецца адной з найбольш папулярных беларускіх бібліятэкаў у сеціве.

Прэзэнтацыя Беларускай Інтэрнэт Бібліятэкі Kamunikat.org

28 красавіка 2011 – Гародня

29 красавіка 2011 – Берасьце

Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org узьнікла ў 2000 годзе, як прыватная ініцыятыва і і праз некалькі гадоў існавала на грамадзкіх пачатках. Аднак на працягу больш як 10-ці гадоў, сьціплы збор публікацыяў беларусаў Беласточчыны перарос у буйную бібліятэку, якая сёньня зьяўляецца адной з найбольш папулярных беларускіх бібліятэкаў у сеціве.

З 2007 году праект падтрымліваецца польскім Міністэрствам Замежных Справаў у рамках праграмы „Польская дапамога” а зараз карыстаецца таксама падтрамкай у рамках праграмы “Зьмены ў Рэгіёне” - RITA, фінансаванай Польска-Амерыканскім Фондам Свабоды.

Kamunikat.org – праект Беларускага Гістарычнага Таварыства ў Беластоку супрацоўнічае з рэдакцыямі многіх пэрыядычных выданьняў Беларусі і замежжа, з выдавецтвамі і аўтарамі, з навукоўцамі і дасьледчыкамі, з творцамі розных напрамкаў мастацтва.

Па адрасу www.kamunikat.org знаходзяцца публікацыі як клясыкаў беларускай літаратуры, так і маладых пачынаючых аўтараў. Багатыя зборы гістарычнай літаратуры і кнігаў, недаступных у традыцыйных бібліятэках Беларусі, робяць Kamunikat.org крыніцай інфармацыі для студэнтаў і навукоўцаў.

Kamunikat.org у рамках праекту «Беларускія аўтары» дае таксама магчымасьць ствараць пэрсанальныя сайты беларускіх пісьменьнікаў, публіцыстаў і дасьледчыкаў, якіх кнігі знаходзяцца ў рэсурсах бібліятэкі. Існуе таксама некалькі сайтаў беларускіх выдавецтваў і выдавецкіх сэрыяў.

Падчас прэзэнтацыі ў Гародні і Берасьці, Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org пакажа сваё новае аблічча. Адначасова са зьменай вонкавага выгляду, што адбылося ў мінулым годзе, дадаліся таксама пэўныя магчымасьці і ў самой сыстэме бібліятэкі, якая зрабілася нашмат багацейшай і – што найважнейшае – нашмат зручнейшай. Цяпер кожны наведнік бібліятэкі без найменшага клопату адшукае ня толькі кнігу патрэбнага аўтара, але і асобны яго артыкул, які схаваўся ў таўшчэзным зборніку ці часопісе.

Апрача кнігаў на паліцы бібліятэкі штораз часьцей трапляюць гукавыя запісы. Тут пачуеце і архіўныя запісы галасоў тых, каго ўжо няма з намі, і расповеды пра літаратуру, творчасьць і жыцьцё тых, хто плённа працуе на ніве беларушчыны.

Пра ўсё гэта падчас прэзэнтацыяў у Гародні ды Берасьці распавядуць яе стваральнікі – Яраслаў Іванюк і Натальля Герасімюк.

У сустрэчах прымуць удзел вядомыя беларускія аўтары (м.ін. Алесь Краўцэвіч у Гародні і Генадзь Праневіч у Берасьці). Адбудзецца таксама вастава-кірмаш кнігаў, выдадзеных беларусамі Беласточчыны, прэзэнтацыя праекту Беларусы Польшчы вачыма фатографа Андрэя Лянкевіча ды канцэрт беларускага барда Алеся Камоцкага.

Усё гэта і яшчэ больш можна будзе паглядзець 28 красавіка 2011 году ў Гародні (вул. Будзённага 48А, зала ва ўнутраным дворыку, пачатак а 18:30) ды 29 красавіка 2011 году ў Берасьці (Цэнтр ім. Уладзіміра Калесьніка, вул. Міцкевіча 28, аўдыторыя 315, пачатак а 11:40)

Уваход  на абедзьве сустрэчы свабодны.