У ліпені пройдзе Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету

У развіццё прапаноў, выказаных дэлегатамі V з’езду беларусаў свету і падтрыманых членамі Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, Міністэрствам культуры ажыццяўляецца падрыхтоўка Першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету.

Правядзенне фестывалю запланавана на 7-10 ліпеня 2011 г. з арганізацыяй культурных мерапрыемстваў у гг. Мінску і Віцебску ў рамках XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар”.

Фестываль мастацтваў беларусаў свету – першае падобнага кшталту мерапрыемства ў Рэспубліцы Беларусь, правядзенне якога прадугледжвае шырокую прэзентацыю дасягненняў мастацкай творчасці беларусаў замежжа, актывізацыю культурнага супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой.

Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрашаюцца калектывы мастацкай творчасці, асобныя выканаўцы, мастакі, скульптары, дызайнеры, майстры народных промыслаў, фотамастакі, празаікі і паэты з ліку прадстаўнікоў беларускіх аб’яднанняў за мяжой. Колькасны склад творчых дэлегацый беларусаў замежжа ад кожнай краіны вызначаецца прызначаным Міністэрствам культуры аргкамітэтам пасля атрымання заявак грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа, узгодненых з Міністэрствам замежных спраў. Агульная колькасць удзельнікаў фестывалю – да 200 чалавек.

Праграма фестывалю прадугледжвае правядзенне канцэртаў беларускай фальклорнай і сучаснай музыкі, выстаў жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотавыстаў, творчых сустрэч з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі замежжа, іншых мерапрыемстваў. У  час правядзення фестывалю плануецца адзначыць узнагародамі Міністэрства культуры, іншых міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь прадстаўнікоў беларускіх аб’яднанняў замежжа за щнёсак у захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускай культуры і мовы ў краінах пражывання.

Плануецца прымеркаваць да фестывалю правядзенне другога пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры для абмеркавання актуальных пытанняў супрацоўніцтва беларускай дзяржавы з суайчыннікамі за мяжой, а таксама круглага стала “Рэаліі і перспектывы нацыянальных меншасцяў у краінах Усходняй Еўропы”.

Асноўныя ўмовы ўдзелу ў фестывалі для калектываў мастацкай самадзейнасці:

- выкананне ў конкурснай праграме 1-2 твораў з песеннага і (або) танцавальнага фальклору, выступленне да 10 хвілін у канцэртнай праграме і сольная канцэртная праграма да 60 хвілін;

- пражыванне, трохразовае харчаванне і экскурсійная праграма за кошт арганізатараў фестывалю;

- транспартныя выдаткі за кошт накіроўваючага боку.

Для ўдзелу ў фестывалі неабходна да 30 красавіка накіраваць заяўку на адрас Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11

Да заяўкі пажадана дадаць інфармацыю аб творчай дзейнасці калектыва і яго кіраўніку, тэхнічны рэйдэр калектыва, не меней 2 фотаздымкаў калектыву ў фармаце jpg, jpeg або tiff памерам не меней 800x600 pix.

Іншыя ўдзельнікі фестывалю (літаратары, мастакі, фотамастакі і г.д.) накіроўваюць заяўкі згодна з формай, якую можна атрымаць у Міністэрстве культуры.

Кантакты для даведак:

Тэл.: +375 17 203 71 76

Факс: +375 17 203 94 13

E-mail: folk5@kultura.by

Па інфармацыі Міністэрства культуры РБ