"Я вельмі добра ведаў прозу беларускага пісьменніка Міхася Андрасюка, але падзівіўся з’яўленню польскага творцы Michałа Androsiukа", — зазначыў Хадановіч у сваім уступным слове. І праўда, гэты зборнік — польскамоўны дэбют сталага ўжо аўтара, лаўрэата "Залатога апострафа" ды аднаго з самых яркіх беларускіх літаратараў з тых, хто жыве за мяжой. Сам Міхал прызнаўся, што роднай лічыць беларускую мову. Але пэўна, што каб нарадзіўся па іншы бок Белавежскай пушчы, то стаў бы хутчэй міліцыянтам якім, а не пісьменнікам. Ён дасціпна адказваў на пытанні вядоўцы вечарыны. "На якой мове вам лягчэй усё ж пісаць?" — дапытваўся Андрэй Хадановіч. — "Спытайце мяне тады, каго я больш люблю, тату ці маму", — парыруе Андрасюк, а потым, падумаўшы, дадае: "Усё ж па-польску хутчэй выходзіць, бо, як ні дзіўна, у Польшчы ўсе размаўляюць на сваёй мове. Уяўляеце — заходзіце ў польскую краму, гаворыце па-польску, і вам па-польску адказваюць". Гэтыя іранічныя развагі прысутныя прынялі з усмешкай. Яшчэ болей ажывіў залу адказ на пытанне: "Як вы сталі пісьменнікам?". — "Пісьменнікі з’яўляюцца на свет тым жа шляхам, што і слесары, і пекары…". Міхась, дарэчы, першы зборнік выдаў ажно ў 40 гадоў, хоць пісьменнікам вырашыў стаць у юнацтве. Па жыцці змяніў нямала прафесій — ад настаўніка да каменячоса. Але ўсё сышлося на літаратуры.
"Wagon drugiej klasy" складаецца з зацемак пра жыццё на радзіме аўтара — у Гайнаўцы ды яе ваколіцах, звычайнае, будзённае, якое апісанае жыва і з гумарам, хоць за смешнымі выпадкамі часам прыхоўваецца неадольная туга. Напрыклад, адзін з герояў аповедаў Міхася марыць набыць жырафа, чым выклікае немалое здзіўленне сваіх суседзяў, якія раяць яму забыцца на фантазіі ды прыдбаць вепрука… Аўтар неяк сам зладзіў хэпенінг на вуліцах Гайнаўкі, калі хадзіў з фотаробатам жырафа ды пытаўся ў месцічаў, ці бачыў хто з іх яго.
кіраўнік Польскага Інстытута Пётр Казакевіч
Месяц польскай літаратуры працягнецца 6 красавіка сустрэчай з пісьменнікам Ігнацыем Карповічам, 13 красавіка ў Мінск завітае польскі літаратар і даследчык Міхал Ягела, а 20-га — паэт і польскі перакладчык Набокава Лешак Энгелькінг. У арганізатараў гэтых вечарынаў планы напраўду сусветнага маштабу. Надалей беларускіх чытачоў плануецца пазнаёміць з творцамі з Нямеччыны, Украіны, азіяцкіх краінаў, а там паступова ахапіць увесь свет.