Творчы тандэм Алеся Камоцкага, Рыгора Барадуліна, Джона Кунстадтэра заявіў пра сябе стварэннем кнігі вершасказаў Рыгора Барадуліна “Навошта”. Нядаўна да гэтага тандэму далучыўся аранжыроўшчык і піяніст Аляксандр Віслаўскі. У выніку атрымаўся праект пад назвай “Вяровіца Алеся Камоцкага складзеная з вершаў Рыгора Барадуліна і фотаздымкаў Джона Кунстадтэра пры музычным аздабленні Аляксандра Віслаўскага”.
Праект складаецца з кнігі вершаў Рыгора Барадуліна ў аздабленні фотаздымкаў Джона Кунстадтэра і музычнага дыска. На ім псалмы на вершы Рыгора Барадуліна, праспяваныя Алесем Камоцкім. Фактычна гэты матэрыял пабачыў свет 12 гадоў таму і існаваў у выглядзе чарнавых запісаў. Цяпер дзякуючы Аляксандру Віслаўскаму гэтыя песні набылі новае гучанне, як сказаў Алесь Камоцкі, сталі больш “слухабельнымі”.
Алесь Камоцкі
Прэзентацыя “Вяровіцы” адбылася 24 сакавіка ў Музеі Янкі Купалы ў Мінску. Дарэчы, прэзентацыя кнігі “Навошта” таксама праходзіла ў Купалавым доме, як называюць музей яго супрацоўнікі. Адкрыла вечарыну дырэктарка музея Алена Мацевасян. Яна выказала надзею, што паспяхова распачатае супрацоўніцтва з таленавітымі творцамі працягнецца і надалей. Спадарыня Алена паведаміла, што 11 чэрвеня плануецца правесці выставу фотаздымкаў Джона Кунстадтэра ў філіяле музея Янкі Купалы ў Вязынцы. Адкрыццё выставы будзе прымеркавана да падвядзення вынікаў конкурсу аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”. Алена Мацевасян перадала праз Алеся Камоцкага Рыгору Барадуліну “Пасведчанне сябра музею”. Сам дзядзька Рыгор крыху прыхварэў і таму не змог прыйсці на вечарыну.
Падзяку Алесю Камоцкаму за апекаванне Рыгорам Барадуліным выказаў Уладзімір Сіўчыкаў, кіраўнік выдавецтва “Радыёла Плюс”, у якім выйшла кніга “Вяровіца”. Ён адзначыў, што ганарыцца тым, што “Вяровіца” выйшла ў ягоным выдавецтве.
Падчас вечарыны Алесь Камоцкі праспяваў некалькі псалмоў з “Вяровіцы”, а таксама парадаваў песнямі з ранейшых альбомаў.
Прысутны на прэзентацыі Джон Кунстадтэр адзначыў, што свамі фотаздымкамі ён хацеў бы выказаць пашану новаму нараджэнню веры ў беларускім народзе, а таксама тым людзям, якія перадаюць свае традыцыі новаму пакаленню. У архіве Джона Кунстадтэра больш за 20 тысяч фотаздымкаў, зробленых у Беларусі. Так што Алесю Камоцкаму прыйшлося весці зусім няпросты адбор, але ён прайшоў гэтае выпрабаванне з гонарам. На кожнай старонцы “Вяровіцы” змешчана па два фотаздымкі. У іх спалучэнні схаваны свой таемны сэнс. Кожны, хто будзе гартаць кнігу, раскрые яго па-свойму.
Вечарына прайшла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Джон Кунстадтэр
Удельнікі імпрэзы, на першым шэрагу -- Уладзімір Сіўчыкаў і Алена Мацевасян
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”