Што ў беларусаў беларускае

За апошнія гады Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» генерыравала столькі ідэяў, што актыўнасці яго магла б пазайздросціць любая грамадская арганізацыя. Якія з іх былі пачутыя і пра што па-ранейшаму марыць ТБМ, аналізуе «Заўтра тваёй краіны».

Стварыць спецыяльны дзяржаўны орган па падтрымцы беларускай мовы

У студзені ТБМ прадставіла канцэпцыю закона «Аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы», дзе прапанавала стварыць спецыяльны дзяржаўны орган па падтрымцы беларускай мовы. Мяркуецца, што канцэпцыя будзе зацверджана 23 кастрычніка на XI з`ездзе ТБМ і перададзена ў Савет міністраў.

Абвясціць у Беларусі Год культуры і мовы

ТБМ выступіла з такой прапановай 29 верасня 2010 года. Сутнасць абвяшчэння ў прыцягненні ўвагі да мовы і прыняцці паправак у закон аб беларускай мове, каб ёй можна было карыстацца ва ўсіх сферах і каб ажыццявілася сапраўдная роўнасць дзвюх дзяржаўных моваў.

Прыняць закон аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы

У верасні мінулага года была спроба яшчэ раз звярнуць увагу на ўжыванне мовы ў адукацыі. ТБМ прыняла заяву, дзе адзначалася, што 1 верасня набывае моц закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», адначасова ў школе павялічваецца колькасць гадзін на навучанне замежнай мове.

«Здаецца, тое ж трэба зрабіць і з беларускай мовай -- дадаць колькасць гадзін, вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ва ўсіх школах на роднай мове, а таксама экзамен па беларускай літаратуры. Але Міністэрства адукацыі пра беларускую мову дбаць не збіраецца, і таму колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, скарацілася да 18% … Зараз у першы клас ідуць дзеці, якія дома ніколі не чулі беларускай мовы, бо іхнія бацькі і дзяды, што жывуць у вялікіх і малых гарадах, згубілі повязь з родным беларускамоўным асяродкам, гавораць дома ў асноўным на «трасянцы», — адзначаецца ў заяве.

Нічога ў сістэме адукацыі не змянілася. У параўнанні з мінулым годам вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, стала на 1% меней. Чыноўнікі прыкрываюцца тым, што мову навучання ў школе выбіраюць бацькі.

Вярнуць мову на тэлеканалы!

Кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька пагадзіўся амаль з усімі прапановамі старшыні Алега Трусава па беларусізацыі айчынных тэлеканалаў. Сярод прапаноў аб’яднання — перавод на беларускую мову з 1 лютага паловы навінаў на Першым нацыянальным тэлеканале; падрыхтоўка цыкла перадач па тэматыцы: «Шэдэўры беларускага дойлідства», «Нашы славутыя землякі», «Нацыянальны тэатр на экране», «Беларусы ў свеце».

Амаль усё спраўдзілася. Праўда, прапанова ТБМ на працягу года перавесці цалкам на беларускую мову адзін з айчынных тэлеканалаў, як гэта зроблена ў іншых дзвюхмоўных краінах (Казахстане альбо Ірландыі) яшчэ разглядаецца.

Назваць вуліцы па-беларуску

Шмат якія прапановы ТБМ тычыліся назваў вуліц па-беларуску. З апошніх дасягненняў —мінскай вуліцы Гандлёвай вянулі яе даўняю назву — Зыбіцкая. Акрамя таго, у мікрараёне Сокал новай вуліцы будзе нададзена імя Героя Савецкага Саюза лётчыцы Валянціны Грызадубавай, а запраектаванай магістралі, якая працягне вуліцу Пятра Глебкі ў межах вуліц Сяргея Прытыцкага і Аляксандра Адоеўскага, нададзена імя Еўфрасінні Полацкай.

У Алега Трусава яшчэ ёсць ідэя — каб сталічная вуліца Берсана атрымала імя Эдварда Вайніловіча — фундатара касцёла Святых Сымона і Алены, выбітнага грамадска-палітычнага дзеяча, які шмат зрабіў для Беларусі і Мінска.

Пашырэнне ўжытку белорускай мовы ў транспарце

Адна з самых значных ініцыятыў, якія мелі поспех — пашырэнне ўжытку беларускай мовы ў транспарце.

— Мы сем гадоў змагаліся, каб стаў магчымым ужытак беларускай мовы ў транспарце. Заўважу: тое, якая мова гучыць у аўтобусах, электрычках, вельмі важна, бо гэта яднае людзей і робіць адпаведным іх стаўленне да мовы. Я ж езжу ў электрычцы штодзень і бачу, як людзі пачынаюць натуральна размаўляць на беларускай мове, -- адзначае Алег Трусаў.

Ён прыгадвае анекдот з найноўшай гісторыі на гэтую тэму. Маўляў, прыязджае з Беларусі іншаземец і кажа, што вывучыў беларускую мову. Яго просяць: «Ну, скажы што-небудзь». «Асцярожна, дзверы зачыняюцца», — кажа той.

Сярод дасягненняў прысутнасці беларускай мовы ў штодзеным жыцці Алег Трусаў нагадаў рэкламу на беларускай мове.

Стварыць беларускамоўны універсітэт

Сярод важных спраў, якія трэба зрабіць, але пакуль не ўдаецца — стварэнне беларускага нацыянальнага універсітэта, дзе выкладанне будзе весціся на беларускай мове.

— За гэта мы змагаемся 15 гадоў. Але пакуль такой навучальнай установы ў краіне няма, -- прызнае Алег Трусаў. -- Нейкія невялікія зрухі ў ВНУ ёсць. Напрыклад, удалося пакінуць выкладанне беларускай мовы. Цяпер паўсюль выкладаюць прафесійную лексіку беларускай мовы. Між тым, калі будуць беларускамоўныя ВНУ, будзе распаўсюджвацца мова і ў школах, бо бацькі пачнуць выбіраць для сваіх дзяцей навучанне менавіта на беларускай мове. Так адбылося на Украіне. Заўважу, што у Беларусі ёсць дзеля гэтага і арганізацыйная, і навукова-метадычная база, а таксама выкладчыкі. Мы верым, што ідэя стварэння беларускамоўнага універсітэта спраўдзіцца.

Як адзначае адзін са стваральнікаў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Уладзімір Дунаеў, можна шукаць нетрадыцыйныя спосабы рэалізацыі гэтага праекта.

-- Напрыклад, перспектыўным рынкам адукацыйных паслуг можа стаць электроннае навучанне, якое ў Беларусі знаходзіца на нізкім узроўні. Беларуская мова магла б стаць вызначальным рэсурсам развіцця такой незалежнай ВНУ. Бо гэтая ніша пакуль не запоўненая, нягледзячы на грамадскую патрэбу, -- лічыць эксперт.

"Заўтра тваёй краіны"