У гэтыя дні спаўняецца пяць год падзеям на плошчы Каліноўскага. На наступны дзень пасля «элегантнай» перамогі Лукашэнка (83 % галасоў выбаршчыкаў паводле ЦВК) некалькі тысяч чалавек выйшлі на плошчу, каб выказаць пратэст. Намётавы лагер у цэнтры сталіцы прастаяў з 20 па 24 сакавіка.
Беларусаў палохалі дохлымі пацукамі
За тры дні да прэзідэнцкіх выбараў старшыня КДБ Беларусі Сцяпан Сухарэнка выступіў па тэлебачанні. Дэманструючы дохлых пацукоў, ён расказаў пра распачатае крымінальнае расследаванне супраць некалькіх лідэраў апазіцыі і грузінскіх актывістаў нібыта за планаванне тэрарыстычнага нападу з мэтай звяржэння прэзідэнта Лукашэнкі. Генерал Сухарэнка пагражаў, што ўсе, хто выйдзе на вуліцу, будуць разглядацца, як тэрарысты, і абвясціў, што КДБ Беларусі будзе разглядаць любыя спробы выйсці на вуліцы як патэнцыйныя тэрарыстычныя акты, якія будуць карацца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам.
Людзі пераступілі мяжу страху
– Удзельнікамі пратэсту ў 2006 былі студэнты, працоўныя, бізнэсмены і інжынеры, бацькі і іхнія дзеці, людзі з розных гарадоў і нават асобныя грамадзяне Расеі і Ўкраіны, Польшчы і Канады, – узгадвае праваабаронца Алесь Бяляцкі ў кнізе «Верым. Можам. Пераможам». – Але што бянтэжыла ўлады, дык гэта тое, што ні штодзённыя затрыманні, ні выключэнне асвятлення на плошчы, ні дробныя правакацыі не спынялі прыток новых людзей ў намётавы гарадок, якія цяклі туды штовечар шырокай ракой. Што прыемна ўразіла ў вясновых падзеях, дык гэта ўдзел у іх тысячаў і тысячаў маладых людзей, якія пераступілі мяжу страху.
Намётавы лагер: арыштавалі 250 чалавек
На самым пачатку чацвёртай гадзіны раніцы 24 сакавіка на плошчы з’явіліся каля сотні спецназаўцаў, а таксама аўтобусы і грузавікі. Дэманстрантам абвясцілі, што дэманстрацыя незаконная і загадалі пакінуць плошчу. На працягу наступных гадзін прыкладна 250 чалавек арыштавалі і адправілі ў прыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна. Большасць былі арыштаваныя на 5-15 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі.
Па паведамленнях сведкаў, службы бяспекі жорстка білі ўдзельнікаў і арганізатараў акцый пратэсту, у тым ліку маладых жанчын, нагамі і дубінкамі. АМАП і антытэрарыстычнае спецпадраздзяленне “Алмаз” збівалі дэманстрантаў у пастарунку і пагражалі некаторым смерцю ці згвалтаваннем.
Многіх з затрыманых арыштавалі на 10-15 сутак у выніку судоў, якія доўжыліся не больш як 10 хвілін. Не паступала звестак пра тое, каб хто-небудзь быў апраўданы.
Тысяча палітвязняў па ўсёй краіне
Паводле звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, улады затрымалі ці арыштавалі каля 1000 чалавек па ўсёй краіне па палітычных прычынах напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў. Многіх, у тым ліку дваіх сыноў Мілінкевіча, затрымалі ці арыштавалі, калі яны неслі ежу і цёплае адзенне дэманстрантам.
Паводле звестак Беларускай асацыяцы і журналістаў, напярэдадні і пасля выбараў быў затрыманы, аштрафаваны ці пазбаўлены волі 31 журналіст.
Экс-кандыдата асудзілі на пяць з паловай гадоў турмы
Пасля жорсткага разгону АМАПам мірнага шэсця да прыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна 25 сакавіка выкарыстоўваліся дубінкі і слёзатачывы газ. Таксама байцы шукалі і збівалі тых дэманстрантаў, што хаваліся ў крамах ці дварах.
Палкоўнік унутраных войскаў Дзмітры Паўлічэнка асабіста збіў кандытата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. У выніку Казуліну былі нанесеныя траўмы галавы і пазваночніку. 13 ліпеня Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зняволення нібыта за хуліганства і арганізацыю беспарадкаў падчас і адразу пасля 19 сакавіка.
Плошча Каліноўскага ў літаратуры
Ідэю назваць Кастрычніцкую плошчу імем Кастуся Каліноўскага агучыў падчас акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў. І гэта невыпадкова, бо менавіта 22 сакавіка 1864 быў пакараны смерцю герой паўстання супраць расейскага панавання Кастусь Каліноўскі.
Падзеям на плошчы-2006 пісьменнік Барыс Пятровіч прысвяціў аповесць «Плошча. Гісторыя аднаго кахання». Героі кнігі – маладыя людзі, якія пакахалі адзін аднаго задоўга да Плошчы, але развіццё із пачуццё атрымала менавіта на Плошчы і пасля яе.
Вячаслаў Сіўчык: «Мы яшчэ вернемся на плошчу, таму што мы пераможам»
Адзін з арганізатараў той акцыі пратэсту – палітык Вячаслаў Сіўчык, які знаходзіцца ў эміграцыі, павіншаваў беларусаў з пятай гадавінай падзей, якія адбыліся на Кастрычніцкай плошчы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Палітык прапануе разам узгадаць «мужнасць тысяч беларусаў, абараняўшых Плошчу пяць гадоў таму», успомніць «пра дзесяткі тысячаў, якія іх падтрымлівалі, перадавалі рэчы і ежу, удзельнічалі ў мітынгах», падзякаваць «нашым героям, якія паставілі першыя намёты 20 сакавіка 2006 года».
Вольга Слуцкая, "Салідарнасць"