Сяргей Скараход, marketing.by
Адкрыццё Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы AD.NAK! прайшло ў канферэнц-зале Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Ранейшая пляцоўка ў галерэі "Ў" падалася арганізатарам замалой, каб рэалізаваць напоўніцу свае ідэі. Фармат сёлетняга фестывалю пашыраецца — разам са звычайнай рэкламай і піярам увага будзе аддадзеная і культурным праектам, якія прасоўваліся да аўдыторыі маркетынгавымі шляхамі. Таму і назва яго дапоўненая: цяпер AD.NAK! — фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі. І заявы на ўдзел у ім могуць падаваць таксама арганізатары фотапленэраў, выставаў, фестываляў, канцэртаў, выдаўцы кіна-, відэа-, аўдыёпрадукцыі.
Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Алена Макоўская, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Вядоўца цырымоніі адкрыцця AD.NAK! Валянцін Серада пачаў сваю прамову са схаванай рэкламы: "Гэта самы тэхналагічны фестываль, таму я выйшаў да вас не з чырвонай тэчкай, а з планшэтам Samsung", — радасна заявіў ён і назваў кампанію "Будзьма беларусамі!" і рэсурс Marketing.by сапраўднымі аптымістамі, якія наважыліся на правядзенне такога мерапрыемства ў краіне, дзе рэкламы не так шмат, не кажучы ўжо пра беларускамоўную. Каардынатар кампаніі Алена Макоўская на тое заўважыла: "Рэкламісты — народ кансерватыўны, таму іх варта пераканаць, што будучыня менавіта за рэкламай на нашай мове", — і паўтарыла "мантру" першага фэсту, сфармуляваную па выніках сацыялагічнага апытання: 70 %беларусаў хацелі б ведаць пра сваю краіну больш, а 35 % лічаць, што не стае рэкламы па-беларуску. З таго і варта зыходзіць усім зацікаўленым бакам. Таму да назвы AD.NAK у якасці сімвалаў дадалі яшчэ шэсць клічнікаў, каб падкрэсліць, што рэклама па-беларуску можа быць больш дзейснай і дазволіць вылучыцца сярод астатніх.
На цырымоніі адкрыцця згадалі тых, хто ўжо праявіў сябе ў гэтай сферы, — каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Ніна Шыдлоўская прадставіла буклет з пералікам працаў пераможцаў Першага фестывалю, падрыхтаваны рэкламнай групай "Aдліга", які сам па сабе можна лічыць творам мастацтва. Самі працы прысутныя маглі яшчэ раз ацаніць на відэа і ўпэўніцца ў тым, што беларускамоўная рэклама можа быць яскравай, смешнай, цікавай, забаўнай, сур’ёзнай, лагоднай, агрэсіўнай, нейтральнай, правакацыйнай. Для тых, хто так не лічыць, на Другім фестывалі AD.NAK! таксама будзе свая намінацыя — "Каша сувораўская". Гэтую антыпрэмію дадуць таму, хто абыякава ставіцца да сваіх каранёў. Астатнія ж намінацыі — выключна для тых, хто верыць, што будучыня за нацыянальна арыентаваным прадуктам.
Працы ўдзельнікаў фестывалю прымаюцца да 6 чэрвеня 2011 года. Усе падрабязнасці — на сайце adnak.by/
Андрэй Эзерын і Віктар Малішэўскі
Міхал Анемпадыстаў
Алена Макоўская, Андрэй Эзерын, Ніна Шыдлоўская
Аляксандар (Таранціна) Ждановіч, Мікалай Дубавіцкі, budzma.org