Цяжкае вяртанне на Радзіму

Памятаецца, у 1988 годзе на прэс-канферэнцыі ў Віцебску, прысвечанай адкрыццю Усесаюзнага фестывалю польскай песні, журналісты з Польшчы пацікавіліся, як у горадзе зберагаецца памяць Марка Шагала. Начальніца абласнога ўпраўлення культуры не знайшла што адказаць. Не дзіўна: імя мастака было тады ледзь не пад забаронай.
Лёс мастака Анатоля Каплана шмат у чым паўтарае гісторыю вяртання Беларусі імя Марка Шагала.

Мастацтвазнаўца Тамара Карандашава, распавядаючы пра жыццё і творчасць Анатоля Каплана, сказала, што з-за гэтага ўраджэнца Рагачова яна звольнілася з Нацыянальнага мастацкага музея. Хоць менавіта дзякуючы ёй звыш трохсот прац Каплана вярнуліся на радзіму. Але, як аказалася, іх тут не вельмі і чакалі...

Анатоль (Танхум) Каплан нарадзіўся ў 1902 годзе і ўжо ў юнацтве зарабляў на жыццё маляваннем шыльдаў. У 1922 годзе ён паехаў у Петраград, дзе паступіў у Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут, і вучыўся ў Вярэйскага, Рылова, Пятрова-Водкіна. Засвоіў тэхніку літаграфіі, у якой і стварыў свае найбольш значныя працы. Тварыў таксама ў галіне кніжнай графікі, жывапісу, керамікі. Найбольш значныя яго працы — цыкл літаграфій “Пейзажы Ленинграда”, “Еврейские песни”, “Воспоминания о Рогачеве”, “Былое”, ілюстрацыі да твораў Шолам-Алейхема і іншых пісьменнікаў. Першая яго персанальная выстава адбылася ў 1961 годзе ў Лондане. Цяпер ягоныя творы зберагаюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі, Траццякоўскай галерэі, Эрмітажы, Нацыянальнай галерэі Вашынгтона, буйнейшых музеях Ватыкана, Лондана, Кёльна, Амстэрдама.

Аднак у сябе на радзіме, за адзіным выключэннем, ажно да студзеня гэтага года ніводнай персанальнай выставы Анатоля Каплана не было! 30 студзеня ў Віцебскім музеі Марка Шагала адкрылася выстава, ініцыяваная піцерскімі калекцыянерамі Кушнірамі, якія прывезлі больш за сотню твораў, з якіх 62 падаравалі музею. Больш за тое: у выпадку, калі ў Рагачове будзе заснаваны музей мастака, яны паабяцалі перадаць яму значную частку свайго збору прац Каплана.

Гэтаму можна было толькі парадавацца, калі б не той факт, што значная частка творчай спадчыны Каплана з 2006 года знаходзіцца ў запасніках мінскага музея. Аднак прадстаўлены яны публіцы былі даволі кур’ёзным чынам.

Тамара Карандашава расказала, што ў 2006 годзе, знаходзячыся па службовых справах у Дрэздэне, яна пазнаёмілася з Рудольфам Маерам, які ў свой час па сутнасці і вывеў творчасць Анатоля Каплана на сусветны рынак, спрычыніўся да правядзення выстаў мастака, выдання буклетаў і кнігі. Рудольф Маер сам прапанаваў, каб творы Каплана ў колькасці звыш за 300 найменняў пераехалі ў Мінск.

— Было такое ўражанне, што Каплану тут мала хто быў рады, — гаворыць Тамара Карандашава. — Усяго адбылося ажно дзевяць пасяджэнняў мастацкага савета музея, на якіх абмяркоўвалася, што з імі рабіць. Георгій Паплаўскі прывёў тады, здавалася б, важкі аргумент, сказаўшы: адчыніце любы альбом, прысвечаны гісторыі графікі, і вы там абавязкова ўбачыце творы Каплана. Аднак кіраўніцтва музея стаяла на сваім: маўляў, нам столькі Каплана не патрэбна, трэба раздаць яго творы па іншых музеях. На гэта скульптар Уладзімір Слабодчыкаў адказаў: уявіце, што вам падарылі сервіз. І вы кажаце: вось гэтыя кубкі нам не патрэбныя, а талеркі пакінем сабе.

Менавіта з гэтай прычыны Тамара Карандашава і падала заяву аб звальненні...

Толькі аднойчы, восенню 2006 года, з нагоды прыезду ў Мінск Рудольфа Маера і яго жонкі, былога дырэктара Дрэздэнскай галерэі “Старыя майстры” спадарыні Маер-Мейнчэль, працы Анатоля Каплана былі прадстаўлены ў залах гэтага музея. Выстаўка працавала толькі адзін тыдзень замест запланаваных двух, паколькі чакаўся прыезд Аляксандра Лукашэнкі, якому, як сказала Тамара Карандашава, магчыма, гэтыя творы маглі не спадабацца. Дарэчы, буклет да гэтай выставы быў надрукаваны ў колькасці... 20 штук.

Ці не праўда, што ў сэнсе прызнання на радзіме ў лёсах Шагала і Каплана шмат агульнага? Першага яшчэ ў 80-я гады лічылі мастаком выключна буржуазным і толькі пазней пачалі неяк асцярожна прызнаваць беларускім. Тое ж адбывалася і з Хаімам Суціным. Амаль тое ж адбываецца ў нашы дні з Анатолем Капланам, якога надта ўжо неахвотна прызнаюць ураджэнцам Беларусі, хоць амаль да апошніх сваіх гадоў (памёр у Ленінградзе ў 1980 годзе) ён рэгулярна наведваў родны Рагачоў.

— Мы любім нашых мастакоў “там”, а вось тут робім вельмі мала для папулярызацыі іх творчасці, — сумна падвяла рысу пад сваім расповедам пра Анатоля Каплана Карандашава...

Дзмітрый Падбярэзскі, "Народная Воля"