Юбілейны “Дзеяслоў”

Днямі выйшаў 50-ы нумар літаратурнага часопіса “Дзеяслоў”. У юбілейным нумары выдання –  паэтычныя падборкі ад Рыгора Барадуліна, Андрэя Хадановіча, Алеся Аркуша, Віктара Ярца, Макса Шчура і Уладзіміра Папковіча.

Першую кнігу з рамана “Цана Еўропы, альбо Гісторыі Вільмана” друкуе Славамір Адамовіч у рубрыцы “Проза”. Акрамя яго тут жа можна знайсці аповесць Сяргея Рублеўскага “Святло лускі”, “жаноцкі раман” Аксаны Спрынчан “Беларускі дурань”, апавяданні Юрася Несцярэнкі і Сяргея Верацілы.

Рубрыку “Дэбют” у часопісе прадстаўляюць паэзія Віктара Сямашкі і Змітрака Кузменкі, а таксама “амаль казка” Марылі Паўлоўскай.

З перакладной літаратуры нумар змяшчае апавяданне “Разалія едзе паміраць” аўстрыйска-нямецкага пісьменніка Даніэля Кельмана (пер. Веранікі Дзядок),  а таксама падборку грузінскай паэзіі, пераствораную па-беларуску Андрэем Хадановічам.

Казку-фарс “Кардыяграма: гісторыя адной нязгоды” друкуе Вольга Гапеева ў рубрыцы “Тэатр”.

“Дзеяслоўны” нон-фікш  нумара  –  ўспаміны Сяргея Законнікава, даследаванне аповесці  Міхася Стральцова “Конь гуляў на волі” ад Ціхана Чарнякевіча, адкрыццё невядомых твораў паэта Алеся Емяльянава яго цёзкам, пісьменніцкія бласлаўленні Уладзіміра Караткевіча, сабраныя Сяргеем Шапранам, гістарычнае эсэ Анатоля Грыцкевіча пра вайну 1612 года ў Расіі, згадкі Юрыя Станкевіча пра Акіру Курасаву.

Крытыкамі ў нумары выступаюць Маргарыта Аляшкевіч з даследаваннем постмадэрнізму ў беларускай літаратуры і Марыя Мартысевіч з рэцэнзіяй на кнігу Валерыя Гапеева “Урокі першага кахання”.

Цалкам за зместам 50-га “Дзеяслова” можна пазнаёміцца ў блогу Анатоля Івашчанкі.

Прэс-служба СБП