"Будзьма з мовай!": беларускія налепкі на клавіятуру і праграма для лацінкі

Нацыянальная грамадская кампанія "Будзьма беларусамі!" віншуе ўсіх з сусветным днём роднай мовы і прэзентуе свой новы праект – "Будзьма з мовай!". Рэалізацыя праекту дапаможа ўсім карыстальнікам кампутарaў зручней і разнастайней ужываць штодня беларускую мову. Праект ажыццяўляецца з удзелам студыі дызайну "Адліга".

budzma_z_movai1

Нацыянальная грамадская кампанія "Будзьма беларусамі!" віншуе ўсіх з сусветным днём роднай мовы і прэзентуе свой новы праект – "Будзьма з мовай!". Рэалізацыя праекту дапаможа ўсім карыстальнікам кампутарaў зручней і разнастайней ужываць штодня беларускую мову. Праект ажыццяўляецца з удзелам студыі дызайну "Адліга".

Алена Макоўская, каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!":

– Праект "Будзьма з мовай!" – з’ява для сучаснай Беларусі, без перабольшання, унікальная. З аднаго боку, мы падтрымліваем людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай у штодзённым жыцці і банальна не маюць беларускіх літар на клавіятуры. І для вучняў сярэдняй школы, і для пісьменнікаў, і для навукоўцаў – праблема для ўсіх адна. Адначасова з тым выпуск такой прадукцыі – дэманстрацыя рэальнага прагалу ў гэтым сегменце беларускага рынку. Запускаючы праект, мы спадзяемся падштурхнуць мясцовых вытворцаў да выпраўлення існай сітуацыі.

Праект "Будзьма з мовай!" цалкам арыентаваны менавіта на беларускага юзера. Адзіны камплект літар уключае ўсе мовы, найбольш запатрабаваныя сучаснымі беларусамі: беларускую, англійскую, расійскую, а таксама ўкраінскую ды польскую. Стваральнікі ўніверсальнай раскладкі для клавіятуры паклапаціліся і пра аматараў беларускай лацінкі, зрабіўшы налепкі як з кірылічнымі, так і з лацінскімі літарамі. Для беларускага карыстальніка шматмоўнасць з’яўляецца штодзённай рэаліяй, таму толькі такая клавіятура можа задаволіць ягоныя патрэбы. Непаўторныя беларускія "І", "Ў" і апостраф "’" побач з лацінскімі "Š", "Č" і "Ŭ" – рэальны ўзор таго, як прынцып "аднаго акна" павінен быць рэалізаваны для беларускіх карыстальнікаў кампутараў!

Анатоль Лазар, кіраўнік студыі дызайну “Адліга”:

– Галоўная мэта праекту – забяспечыць карыстальнікаў зручным інструментам выкарыстання роднай мовай на кампутары і адпаведнай раскладкай. Чаму, калі вам трэба літара "Ў", вы вымушаныя націскаць кнопку з надпісам "Щ" і ўвесь час трымаць у свядомасці, што пад гэтай расійскай літарай хаваецца беларуская? Давайце ж пачнем нарэшце выпускаць нашую беларускую свядомасць на паверхню, хаця б па ўзоры літараў. Мы спадзяемся на зацікаўленасць ідэяй з боку вытворцаў кампутарнагa софту і далейшую падтрымку праекту "Будзьма з мовай!".

Новую ўнікальную клавіятуру можна знайсці на стэндах Fly Cards па Мінску. Разам з яе распаўсюдам пачынае працу вэб-старонка mova.budzma.org, дзе  можна спампаваць праграму-дапаможнік па карыстанні беларускай лацінкай, даведацца пра гісторыю паходжання беларускіх алфавітаў і атрымаць прыемныя бонусы. Тэхпадтрымка раскладак таксама ажыццяўляецца праз інтэрнэт. Увесь софт для беларускай клавіятуры і тэхнічная дапамога рэалізуюцца ягонымі стваральнікамі на валанцёрскай аснове.

Праект "Будзьма з мовай!" запрашае ўсіх беларусаў заставацца з беларускай мовай назаўжды!

budzma.org