Ёсць што чытаць: беларускія пісьменнікі нарэшце пачалі прадукаваць «літаратуру для ўсіх»

28 студзеня адбылася беспрэцэдэнтная ў гісторыі айчыннага кнігадруку акцыя: пісьменнік з помпай адзначаў першы дзень продажу свайго твору. У выдавецтве «Логвінаў» выйшаў «Шалом» — доўгачаканы раман мастака і, ад нядаўняга часу, пісьменніка Артура Клінава. Апроч таго, прадстаўнікі выдавецтва «Логвінаў» намякнулі наконт далейшых планы кнігадруку.

28 студзеня адбылася беспрэцэдэнтная ў гісторыі айчыннага кнігадруку акцыя: пісьменнік з помпай адзначаў першы дзень продажу свайго твору. У выдавецтве «Логвінаў» выйшаў «Шалом» — доўгачаканы раман мастака і, ад нядаўняга часу, пісьменніка Артура Клінава. Апроч таго, прадстаўнікі выдавецтва «Логвінаў» намякнулі наконт далейшых планы кнігадруку. Рыхтуецца да выхаду яшчэ адзін узор займальнага чытва — раман «Тэорыя змовы» Уладзіслава Ахроменкі, літаратара, які, выяўляецца, умее пісаць і адзін — без Максіма Клімковіча. Здаецца, самы час абвесціць: доўгачаканая экспансія беларускамоўнай масавай літаратуры на кніжны рынак пачалася.

«Шалом»: хочаш міру — рыхтуйся да вайны У рамане «Шалом» беларускі мастак-авангардыст з Магілёва па імені Андрэ, як ён сам пра сябе кажа, «радавы арміі мастацтва», натхніўшыся пленэрам у Заходняй Германіі і не ў апошнюю чаргу пад уплывам вінных пароў, купляе на ўсе свае грошы кайзераўскую каску часоў першай сусветнай і вырашае ніколі яе не здымаць. Раскошны шалом ззяе на яго галаве ў той час, калі ён вандруе ад Бона да Магілёва праз Гановер, Берлін, Варшаву, Брэст і Мінск, збіраючы па дарозе водгукі простых немцаў, палякаў, беларусаў наконт такой незвычайнай з’явы. Чытач рамана атрымлівае выдатную магчымасць пераканацца, з якімі менавіта эстэтычнымі, ідэалагічнымі і проста цяжкасцямі сутыкаецца творца ў сучасным нятворчым свеце. Бо шалом напяты на галаву мастака Андрэ не толькі «ад балды», а ў межах яго персанальнага арт-праекту, «мірнай вайны», абвешчанай усяму свету. Слова «шалом» — неаднаразова падкрэсліваецца ў кнізе, — можа быць перакладзенае як «мір». На гэтым каламбуры Артур Клінаў і будуе ўражвальны павільён свайго твору. Раман «Шалом» — выдатны экспанат для венецыянскага Біенале, калі б на гэтую шаноўную выставу прымалі і літаратуру таксама. Гэта дактыласкапічны адбітак сучаснага беларускага мастацкага андэграўнду. Шэраг айчынных дзеячаў культуры пазнАюць (і ўжо пазнаЮць) сябе ў персанажах раману, выпісаных аўтарам з добрай іроніяй і бязмежнай сімпатыяй. Тым жа, хто далёкі ад колаў творчай багемы, выпадае шанец ненадоўга трапіць у іх хімерычны свет нефармальных арт-галерэяў, выдадзеных дзяржавай майстэрняў, вулічных перформансаў, сяброўскіх упісак, вакзальных гастраномаў і выцвярэзнікаў. Што-што, а быт мастака ХХІ стагоддзя ў рамане рэканструяваны папросту ідэальна.

Аўтарскае азначэнне жанру — «ваенны раман». Але ў кнізе пераплялося безліч іншых атракцыйных жанраў. Найперш, гэта раман-падарожжа — Артур Клінаў падае ўласнае бачанне кожнага гораду, у якім спыняецца яго альтэр-эга Андрэ, адводзячы найбольш увагі свайму ўлюбёнаму Гораду Сонца (ён жа Мінск, герой першай кнігі таго ж аўтара). Кожны горад асацыюецца ў героя з пэўным алкагольным напоем, што надае ўсяму палатну постмадэрністычнае падабенства з раманам «Москва-Петушкі» Венедыкта Ерафеева (у ролі Пятушкоў — дарагі кожнаму беларусу Магілёў, у ролі Масквы — груба кажучы, Заходняя Еўропа). Гэта, само сабой, і авантурны раман. І, нарэшце, гэта раман-палеміка з Фёдарам Дастаеўскім, якая будзе зразумелай любому, хто азнаёмлены з творчасцю расійскага класіка хаця б на ўзроўні школьнай праграмы.

Напрыканцы кнігі аўтар выруліў сюжэт на такі сабе раман-батлейку, але своечасова апамятаўся, і дзеянне заканчваецца на, скажам так, рэалістычнай ноце... Не меншае (а на дадзеным этапе) і большае за змест кнігі значэнне мае разгорнутая вакол яе рэкламная кампанія. Здаецца, гэта першы выпадак у гісторыі айчыннага кнігадруку, калі адмыслова пад выхад кнігі запушчаны сайт, на якім да таго ж саму кнігу называюць не іначай, як «першым беларускім бестселерам». Сам Клінаў лічыць такі рэкламны вэрхал мастацкай акцыяй і, здаецца, не памыляецца. Калі ў першы дзень продажу тавару разыходзіцца на суму, меншую за патрачаную аўтарам на набыццё каньяку, які ён з радасцю распівае з пакупнікамі, то пра якую камерцыю тут можа ісці гаворка? З іншага боку — і гэта яшчэ не было прэзентацыі! Так што, як паглядзець, як паглядзець… Фактам застаецца тое, што Клінаў — адзін з першых нашых пісьменнікаў, які свядома і цвёрда пастанавіў даць свайму чытачу лёгкі чытэльны прадукт, і пастаўленую задачу з поспехам выконвае. «Тэорыя змовы»: бітва дабра з казлом Іншы пісьменнік, які сёлета запускае масавы праект, — Уладзіслаў Ахроменка. Яго «Тэорыя змовы» напісаная ў найлепшых традыцыях раману «Янкі, або Апошні наезд на Літве», створанага ім не так даўно ў суаўтарстве з Максімам Клімковічам. «Янкі...», — расказаў нам аўтар, — паводле нашай задумы, былі амерыканскім гангстэрскім баевіком. «Тэорыя змовы» — таксама кінараман, але гэта ўжо еўрапейскае кіно». З ласкі пісьменніка, культаглядальнік НЧ атрымаў магчымасць азнаёміцца з рукапісам рамана да афіцыйнага рэлізу. «Кінараман-фарс» — так азначае свой твор Ахроменка — гэта гісторыя, якая адбываецца ў беларускім гарадку Таргачове ў наш час і ў залатыя часы Вялікага Княства Літоўскага. Сюжэт пабудаваны вакол барацьбы за Дзіду Лангіна — міфічную суперзброю чалавецтва, якой рымскі салдат аблегчыў пакуты Ісуса. У гэтай барацьбе змяшаліся высакародныя адраджэнцы пятнаццатага і дваццаць першага стагоддзя, ліцвіны, беларусы, рускія і «тожа рускія», а таксама адвечныя сілы Дабра і Зла. Сілы зла прадстаўленыя, адпаведна, Казлом — лідарам «рагатага быдла», якое запаланіла наш край і якому варта і жыццёва неабходна супрацьстаяць. Дабро ўвасабляюць немаўля-анёлак і загадкавы мача з абрэзам, які ахвочым шукаць літаратурныя паралелі нагадае Чорнага Вершніка з «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Персанаж, які адначасова і коннік «Пагоні», і Інфернальны Каўбой, і Апошні Партызан — даўні архетып беларускай рамантычнай думкі, які вось-вось прыедзе, усё вырашыць і ўсіх ворагаў беларушчыны пакарае. Менавіта яго прысутнасць закручвае ўвесь твор на манер істэрну (так называюць вестэрны, дзеянне якіх адбываецца на ўсход ад Тэхасу).

«Тэорыя змовы» — сатырычны раман. Тут трапна і месцамі злосна выпісаныя ўсе тыпажы беларускай правінцыйнай рэчаіснасці: начальнікі-прыстасаванцы, ветэраны-сталіністы, ведзьмакі-камерсанты, дзяўчаткі-німфеткі і патрыёты-падпольшчыкі. Пільная ўвага надаецца насельнікам расійскай вайсковай базы «Волга-Волга», тон апісання якіх у творы, па чутках, зрабіў яго публікацыю ў рускім перакладзе неажыццяўляльнай. Усе вобразы выкананыя ў тэхніцы карыкатуры, а стыль раману проста вымагае яго раскадроўкі на коміксы. У галоўным героі — «высакародным адраджэнцы, паэце і маладым спецыялісце» Скіргайлу пазнае сябе ці не палова айчынных апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў. Палова гэтай паловы на аўтара смяротна пакрыўдзіцца — так з крышталёвых ідэалаў Зянона Пазняка ў Беларусі не кпілі з часоў «Зянон-хопу». Іншая палова з удзячнасцю знойдзе ў прачытаным сваю порцыю пазітыву. Бо «Тэорыя змовы» — гэта таксама класічны раман-выхаванне. Тры раздзелы твору маюць характэрныя загалоўкі «Фетышыст», «Змагар» і «Герой». З інфантыльнага аматара абвешваць сваё жытло бел-чырвона-белымі сцяжкамі ды значкамі «Пагоня» і крычаць лозунгі на плошчы, паэт Скіргайла пакрысе ператвараецца ў дарослага чалавека, які разумее, у чым сапраўднае геройства... Выхад рамана «Тэорыя змовы» запланаваны на канец лютага. Дзесяць адрозненняў «Шалом» Артура Клінава і «Тэорыя змовы» Ахроменкі гуляюць у адной вагавай катэгорыі, але, здаецца, аўтары — не канкурэнты. Па-першае, таму, што кнігі выдадзеныя звычайнымі для РБ мізэрнымі накладамі, якія не перавышаюць 1000 асобнікаў, і пра нейкі завоблачны прыбытак казаць не выпадае. Па-другое, таму, што па-за рабленнем літаратурнай кар’еры абодва аўтара ставяць перад сабой кожны сваю звышзадачу, што ў звычайных умовах для масліту ўвогуле не характэрна. На мой погляд, пры розніцы ў стылях і асабістым досведзе пісьменнікаў, у іх раманах шмат падобнага. Так адбылося, мабыць, таму, што аўтары апісваюць розныя бакі адной рэчаіснасці. Мастак-канцэптуаліст, які трапіў на заходні мастацкі пленэр, і паэт-адраджэнец, які загрымеў па размеркаванні ў райцэнтр, — прыватныя выпадкі агульнай з’явы, а менавіта — маргіналізацыі нашых творчых элітаў, абсалютна непатрэбных дзяржаве і сумнавядомай з нядаўняга часу «большасці». Для прадстаўнікоў гэтых элітаў, а таксама для тых, хто ім спачувае, і працуюць пісьменнікі. Раманы поўныя рэфлексіяў над лёсам мастацтва (Клінаў) і беларускай незалежніцкай ідэі (Ахроменка). Герояў не задавальняе тое, што яны бачаць навокал, і яны даюць гэтаму рады кожны, як умее: мастак Андрэ ўздзявае на галаву кайзераўскі шалом, а паэт Скіргайла прадае д’яблу душу за Бацькаўшчыну. Што характэрна, у фінале абодвух раманаў нам раскрываюцца рай і пекла. Чытач аўтаматычна ператвараецца ў гледача, месца якога — перад музейнай батлейкай. Так-так, нас, здаецца, зусім за дзяцей лічаць... З іншага боку, магчыма, здзейснілася мара дзяўчынкі, якая нядаўна задалася ў Сеціве рытарычным пытаннем: да якога часу па-беларуску будуць друкаваць «адно інтэлектуалаў»? Дзе «нармальныя аўтары»? «Нармальныя аўтары», як бачыце, на падыходзе.

-----------------------------------------------------------------------

Самы надзейны спосаб прыдбаць «Шалом» і — у перспектыве — «Тэорыю змовы» — зайсці ў кнігарню «Логвінаў», якая месціцца па мінскім адрасе праспект Незалежнасці, 37 А. Нямінскім чытачам можна параіць звярнуцца ў інтэрнэт-крамы knihi.by і prastora.by.

Алесь Гінзбург, "Новы час"