Беларусь будзе плаціць мігрантам $1000 за іх уезд у краіну і адаптацыю

Кожная сям’я мігрантаў, якія ўязджаюць на тэрыторыю Беларусі ў 2011 годзе, атрымае ад дзяржавы да $1000 на адаптацыю і пражыванне. Бюджэтныя сродкі прадугледжвае новая праграма нацыянальна-дэмаграфічнай бяспекі Беларусі, якая будзе прынятая ў першым квартале 2011 года. Такім чынам урад плануе павялічыць прыток мігрантаў і, як вынік, кампенсаваць натуральнае змяншэнне беларусаў.

Як паведаміў у інтэрв’ю парталу TUT.BY начальнік упраўлення па міграцыі, працы з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун, у 2010 годзе ў Беларусь прыехала 17 тыс. 169 мігрантаў, што на 30% кампенсавала натуральнае змяншэнне насельніцтва.

Таму каб дадаткова стымуляваць пэўную катэгорыю асобаў да пераезду і пражывання ў нашай краіне, дзяржава будзе выдзяляць бюджэтныя сродкі.

«Сярод агульнай колькасці мігрантаў, — адзначае спецыяліст, — 95% складаюць грамадзяне Расіі, Украіны і краін СНД. З іх толькі кожны шосты — пенсіянер (яны часцей за ўсё прыязджаюць у Беларусь у рамках уз’яднання сям’і). У асноўным гэта працаздольныя асобы, часта высокакваліфікаваныя спецыялісты. Да таго ж сярод мігрантаў шмат дзяцей, што радуе».

Аднак гэтак жа можа трапіць у нашу краіну іншы кантынгент — тыя, хто можа паўплываць на маральны і фізічны стан грамадства…

«У Беларусі існуюць надзейныя фільтры, — запэўніў Аляксей Бягун, — якія не дазваляюць пранікнуць у краіну так званым непажаданым асобам — выхадцам з краін трэцяга свету. Закон Рэспублікі Беларусь „Аб прававым становішчы замежных грамадзян“ выбудоўвае цэлы шэраг адміністрацыйных бар’ераў на іх шляху. Таму выхадцаў з краін трэцяга свету ў Беларусі вельмі мала. Акрамя таго, мігранты праходзяць адпаведнае медыцынскае абследаванне. Пры наяўнасці сур’ёзных захворванняў мы мае права адмовіць ім у пераездзе. Такое было неаднаразова».

Што да верагоднасці ўзнікнення міжэтнічных канфліктаў з ростам колькасці мігрантаў, начальнік упраўлення па міграцыі падкрэсліў, што пры правільнай інтэграцыі мігрантаў у грамадства ніякіх канфліктаў не будзе.

«Беларуская нацыя сама па сабе мірная. У нас фактаў ксенафобіі, расізму практычна не адзначаецца. Скінхэдства як руху наогул няма. Так, замежнікаў будзе шмат, і мы павінны быць да гэтага гатовыя. Яны запаўняюць незапатрабаваныя беларусамі месцы і працуюць там. Трэба разумець, што ў сувязі з „дэмаграфічнымі нажніцамі“ з дапамогай мігрантаў на пэўным этапе можна цалкам кампенсаваць натуральнае змяншэнне насельніцтва. Яны будуць працаваць сярод нас і карыстацца тымі ж правамі, што і мы», — адзначыў Аляксей Бягун.

Tut.by, пераклад "Нашай Нівы"