27 чэрвеня 1989 г. у Менску адбыўся Першы устаноўчы з’езд Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і ўжо ў сакавіку 1990 г. пачаў выходзіць штомесячны бюлетэнь “Наша слова”. Старшынём ТБМ і рэдакцыйнай калегіі бюлетэня стаў адзін з самых няўрымслівых змагароў за беларускую мову народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч - галоўны ініцыятар і арганізатар іх стварэння. Цягам таго года “Наша слова” рыхтавалася на грамадскіх асновах, і асноўны цяжар гэтай працы ўзяў на сябе Генадзь Тумаш.
Ужо са студзеня 1991 г. бюлетэнь ператварыўся ў васьміпалосную ўсебеларускую штотыднёвую газету, галоўным рэдактарам якой стаў вядомы пісьменнік Эрнест Ялугін.
Выхад газеты “Наша слова” быў сустрэты большасцю беларускай грамадскасці з вялікай прыхільнасцю і нават энтузіязмам. Газета адыграла значную ролю ў справе прыняцця Вярхоўным Саветам БССР Закона аб мовах, у адпаведнасці з якім беларуская мова абвешчана дзяржаўнай; Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР і надання ёй статусу канстытуцыйнага закона; змене назвы БССР на Рэспубліку Беларусь, прыняцця Дзяржаўнага герба і сцяга.
Газета “Наша слова” змяшчала цікавыя і важныя артыкулы па культуры мовы, публіцыстычныя, гістарычныя. мовазнаўчыя і іншыя матэрыялы, якія моцна ўплывалі на справу беларускага адраджэння. Роля і аўтарытэт “Нашага слова” значна ўзраслі, і наклад газеты дасягнуў больш за 8000 асобнікаў
Пасля рэферэндуму 1995 г., калі дзяржаўнай мовай была аб’яўлена не толькі беларуская мова, але і руская, моўная сітуацыя ў краіне вельмі змянілася. Беларуская мова стала актыўна выдаляцца з усіх сфер грамадскага жыцця. У красавіку 1997 г. урад адмовіў у дзяржаўным фінансаванні газеты. Дзякуючы рашучай пазіцыі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, выхад газеты “Наша слова” на прыватныя сродкі быў адноўлены ўжо ў лістападзе 1997 г. у Лідзе, дзе яна і выдаецца да гэтага часу. Ад 1997 года і да сёння газету ўзначальвае паэт і публіцыст Станіслаў Суднік.
ТБМ і газета “Наша слова” актыўна працуюць на ніве беларушчыны. І калі ў першыя біяграфічныя гады газеты жыла верай у моўнае паразуменне, то сёння, цяпер патрэбна мужная настойлівасць: мы ёсць! Мы будзем!
“Наша слова” - заўсёды адлюстроўвае працу свядомых патрыётаў на карысць беларушчыны і асабліва беларускай мовы. Газета мае асветніцкае і інструктыўнае значэнне для арганізацый ТБМ. Для сяброў ТБМ яна неабходна, каб быць у курсе падзей і дзейнічаць узгоднена, у адным кірунку. Яна звязвае нас духоўна: друкуе думкі, светапогляды, якія яднаюць сяброў і прыхільнікаў ТБМ.
Рада ТБМ