“Каласы пад сярпом тваім”: праца над кінасцэнарыем завершана

Нягледзячы на таўшчыню, раман Караткевіча заўсёды з задавальненнем чыталі і ў школах, і ва ўніверсітэтах. Алеся Загорскага і Майку Раўбіч многія беларусы лічаць сваімі любімымі літаратурнымі героямі. Якой жа прыемнай нечаканасцю, думаецца, стала для іх навіна пра тое, што на кінастудыі “Беларусьфільм” збіраюцца экранізаваць раман.

Нягледзячы на таўшчыню, раман Караткевіча заўсёды з задавальненнем чыталі і ў школах, і ва ўніверсітэтах. Алеся Загорскага і Майку Раўбіч многія беларусы лічаць сваімі любімымі літаратурнымі героямі. Якой жа прыемнай нечаканасцю, думаецца, стала для іх навіна пра тое, што на кінастудыі “Беларусьфільм” збіраюцца экранізаваць раман. Прыступіць да здымкаў чатырохсерыйнага фільма плануецца ўжо сёлета. Пачынаць ёсць з чаго — літаратурны сцэнарый ужо напісаны. Над ім працаваў беларускі сцэнарыст Аляксандр Качан, добра вядомы гледачам па стужках “Павадыр”, “Розыгрыш”, “Масакра” і іншых.

Аляксандр жыве і працуе ў Кіеве. Але часам наведваецца і на радзіму. У адзін з такіх візітаў Аляксандр Качан пагадзіўся спецыяльна для чытачоў “НГ” адказаць на некалькі пытанняў.

— Аляксандр, як вы адрэагавалі на прапанову напісаць сцэнарый па раману Караткевіча?— Канешне, пазітыўна. Спачатку з прапановай звярнулася галоўны рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм” Наталля Сцяжко. Затым было абмеркаванне з міністрам культуры Паўлам Латушкам. Задача ставілася няпростая. Калі я ўпершыню прачытаў твор, я не ўяўляў сабе, як можна напісаць сцэнарый, з чаго пачынаць. Але мне было цікава працаваць. І паступова я знайшоў выйсце.— Адна справа пісаць сцэнарый з нуля, іншая — па ўжо вядомым творы...— Гэта зусім розныя задачы. Я не першы раз пішу экранізацыю. Але ўпершыню — па творы, які мне па-сапраўднаму падабаецца. Калі ў іншых выпадках прыходзілася перасачыняць, то тут я пастараўся па максімуму зберагчы Караткевіча. Канешне, увесь раман не мог увайсці ў сцэнарый. Многія рэчы проста немагчыма перадаць у кіно. Але тое, што мажліва, я пастараўся перадаць. Асабіста майго ўмяшання там мала.— Аляксандр, што для вас было самым складаным ў рабоце над сцэнарыем?— Спякота, якая стаяла падчас напісання сцэнарыя.  Немагчыма было працаваць. У мяне згарэў адзін ноўтбук. Другі я перазагружаў, паклаўшы на яго чатыры кілаграмы замарожанага мяса — інакш не хацеў пераўсталёўвацца Windows. Ды і ў цэлым праца над сцэнарыем аказалася  досыць складанай.Я больш люблю пісаць па начах. Днём можна падумаць-падумаць, а ноччу — ужо занатоўваць. Да таго ж днём на ўсё не хапала часу, я паралельна працаваў яшчэ над адным сцэнарыем. Прыходзілася сумяшчаць.— Героі не блыталіся?— Не. Гэта зусім іншы час, зусім розныя героі. Ды і як можна пераблытаць  герояў Караткевіча! Яны вельмі свае, арыгінальныя, незвычайныя.— У фільме будуць задзейнічаны ўсе героі “Каласоў”?— Канешне, не ўсе. Таму што не ўсе лініі ў рамане раскрыты дастатковым чынам. А ў кіно немагчыма паказаць персанаж аднойчы і забыцца на яго. У фільме, напрыклад, не будзе брата Алеся  Загорскага, персанаж якога ў рамане слаба развіты. Некаторых герояў я аб’яднаў.— Чаго больш атрымалася ў сцэнарыі — кахання ці паўстання?— Мабыць, кахання. Гістарычныя падзеі адлюстраваны там у меншай ступені. Таму што ў кіно мы не можам надта адыходзіць ад персанажаў. Фільм будуецца вакол галоўнага героя. Яго нельга надоўга адпускаць. Шмат увагі ў сцэнарыі надаецца станаўленню галоўнага героя, развіццю яго характара, адносінаў з роднай старонкай, народам...— Наколькі складана было перадаць мову Караткевіча? — Сцэнарый — гэта ў першую чаргу дыялогі. А моўныя асаблівасці Караткевіча ў большай ступені праяўляюцца ў апісаннях. Аднак і ў размовах герояў часам сустракаюцца досыць нязвыклыя словы. Замест звычайнага так — але, замест досыць — до. У такіх выпадках я аддаваў перавагу больш традыцыйным выразам, зразумелым сучаснаму чытачу. Большую частку дыялогаў я пакінуў на беларускай мове. Але тыя героі, якія не маглі размаўляць па-беларуску, як, напрыклад, паручнік Мусатаў, будуць размаўляць на рускай, польскай і французскай мовах.

— Караткевіч жа і сам пісаў сцэнарыі. Ваш атрымаўся ў духу класіка?— Шчыра кажучы, мне складана супаставіць. Я бачыў “Чорны замак Альшанскі”, зняты па сцэнарыю Караткевіча. Але не скажу, што гэты фільм мне спадабаўся. Калі пісьменнік адаптуе ўласную прозу — гэта ўсё ж такі нешта іншае.— Як вядома, “Каласы” — гэта  незакончаны твор, планаваўся працяг. Ён будзе ў кіно? Ці ваш сцэнарый закачваецца, як у  Караткевіча?— Амаль як у Караткевіча. Раман абарваны. І гэта мяне насцярожвала спачатку. У фінале твора  ёсць прадчуванне паўстання. Я вырашыў закончыць свой сцэнарый вяселлем Алеся і Майкі, развязкай іх кахання. Фінал атрымаўся, хоць ён, натуральна, не зусім закрыты. Для тых, хто мала ведае пра паўстанне 1863—1864 гадоў, магчыма, ён будзе не зусім зразумелы. Але, думаю, такіх — адзінкі. Бо і “Каласы”, і гісторыю паўстання падрабязна вывучаюць у школе. Да таго ж на працягу сцэнарыя галоўны герой Алесь  знаходзіцца ў кантэксце гістарычнай барацьбы. І, я думаю, гэта дастаткова адлюстроўвае і паслядоўнасць падзей, і атмасферу таго часу, і настрой людзей. Дарэчы, я закончыў лінію Чорнага Войны. Гэта важны персанаж, які сімвалізуе рамантычны бунт. Такі байранаўскі герой, адзіночка, які супрацьстаіць сістэме. Яго час заканчваецца, ён гіне. Якім чынам, не буду пакуль што расказваць.— Магчыма, вы ўжо кагосьці ўяўляеце ў ролі герояў?— У падборы акцёраў я поўнасцю давяраю Мікалаю Пінігіну, які мяркуецца на ролю пастаноўшчыка. Ён цалкам кампетэнтны ў гэтым пытанні. А я, прызнацца, нават не задумваўся аб акцёрах. Хаця, думаю, тут могуць быць пэўныя праблемы. Калі мы рабілі з Андрэем Кудзіненкам фільм “Масакра”, то аказалася, што  ў Беларусі —  вялікі недахоп арыстакратычных тыпажоў. Але, думаю, Мікалай, які добра ведае магчымасці беларускіх артыстаў, зможа рашыць гэту праблему.— Фільм яшчэ не пачалі здымаць. Але многія ўжо гавораць, што ён можа стаць нацыянальным кіно. Як вы думаеце, Аляксандр, чаму? — Таму што Караткевіч у першую чаргу гэта наш нацыянальны здабытак. Ён сыграў важную ролю ў фарміраванні самасвядомасці беларусаў. У нашым грамадстве доўгі час бытаваў вобраз беларуса-селяніна ў лапцях. Караткевіч паказаў гісторыю Беларусі як гісторыю шляхетнага і адукаванага народа.

Людміла Мінкевіч, "Народная газета"