Выйшла кніга пра рыцарскую музычную культуру ВКЛ і Каралеўства Польскага

У выдавецтве “Кнігазбор” убачыла свет кніга Зміцера Сасноўскага “Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага”.

У выдавецтве “Кнігазбор” убачыла свет кніга Зміцера Сасноўскага “Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага”.

Рыцарскае саслоўе ВКЛ і Польшчы мела багатую музычную культуру, якая развівалася ў шчыльных кантактах з актуальнымі тэндэнцыямі ў еўрапейскай музыцы і ў сувязі з музычнай культурай іншых пластоў грамадства ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Як адзначае аўтар ў прадмове да кнігі, “падрыхтоўка рыцара абавязкова ўключала засваенне комплексу сігналаў, неабходных для вайсковага побыту, вартавой службы і арганізаванага ўдзелу ў бітвах. [...] Пра каштоўнасць вайсковых музыкаў сведчыць тое, што пры абмене ваеннапалоннымі музыкаў залічвалі да афіцэраў”.

У кнізе аўтарам разглядаюцца  розныя праявы музычнага жыцця рыцараў: сігнальная музыка, баявая духоўная музыка, паходныя капэлы, парадныя вайсковыя аркестры, а таксама рыцарскі эпас, духоўная і свецкая рыцарская паэзія.

Асобны раздзел прысвечаны музыцы, якая гучала ў рыцарскім асяроддзі ў мірны міжваенны час. Так, аўтар апісвае, якія музычныя інструменты выкарыстоўваліся падчас паляванняў, у побытавым сольным выканальніцтве, пры жалобных цырымоніях, распавядае пра рыцарска-шляхецкія танцы, каралеўскія і магнацкія прыдворныя капэлы, капэлы музычных бурсаў езуітаў.

Ваенныя дзеянні і побыт рыцараў знаходзілі адлюстраванне ў беларускім сялянскім фальклоры. У кнізе разглядаюцца сялянскія фальклорныя жанры, прысвечаныя рыцарскай тэматыцы, такія як гістарычныя песні, народныя і гістарычныя балады,  казацкія песні, лірніцкія спевы.

У канцы кнігі змешчаны спіс літаратуры па тэме даследавання.

Нагадаем, “Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага” не першая кніга аўтарства лідара “Старога Ольсы”. У 2009 годзе ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла кніга Зміцера Сасноўскага “Гісторыя беларускіх музычных уплываў”, прысвечаная ўплыву беларускай музыкі на музычнае мастацтва блізкіх і далёкіх суседзяў. Таксама, Зміцер Сасноўскі з’яўляецца аўтарам кнігі “Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст”, якая можа прэтэндаваць на ролю першага ў Беларусі падручніка па гісторыі беларускай музыкі.

***

Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага / Зміцер Сасноўскі. - Мінск : Кнігазбор, 2010. - 136 с.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"