Пра тое, як ствараліся «Міхасёвы прыгоды», як і пра тое, што значыць сама літаратура ў яго жыцці, мы папрасілі расказаць галоўнага героя згаданай паэмы Якуба Коласа, малодшага сына песняра, доктара тэхнічных навук Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.
— Паважаны Міхась Канстанцінавіч, вось ужо 75 гадоў дзеці нашай краіны з захапленнем чытаюць «Міхасёвы прыгоды». Многім гэты коласаўскі твор, як і мне асабіста, дарагі з ранніх гадоў жыцця. Што б вы маглі сказаць пра тое, як адносіўся да дзяцей Якуб Колас у жыцці?— Па сутнасці Якуб Колас настаўнік. Ён настаўнічаў, выхоўваў і падрыхтоўваў дзетак у першыя і сярэднія гады навучання ў пачатковых школах, таму адносіўся да іх вельмі і вельмі ўважліва. Адчуваючы, што не хапае матэрыялаў для іх навучання, Колас распрацоўваў свае методыкі: і методыку выкладання мовы, і ўвогуле методыку навучання дзяцей. Ён прапрацаваў нямала крыніц, і кніжачка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» спецыяльна была ім падрыхтавана, каб дзеткі маглі ўспрымаць усё наваколле, бачачы і адчуваючы прыроду, усё тое, што адбываецца ў жыцці, ад самага пачатку, ад асновы той прыроды, у якой яны знаходзіліся. І канечне Якуб Колас ужо мэтанакіравана выбіраў і моўныя, і літаратурныя сродкі, каб дзеці лягчэй засвойвалі прадмет. На працягу ўсяго жыцця прагледжваецца яго пільная ўвага да школы і да школьнікаў, да мовы, каб яе вывучалі ў школах, і як вывучалі. Гэта было ў Коласа на працягу ўсяго жыцця.
І ў публіцыстыцы, і ў вершах. Многа вершаў прысвечана дзецям і непасрэдна датычацца дзетвары. Яны вельмі лёгка завучваюцца на памяць. Калі Якуб займаўся справаю выкладання беларускай мовы, ён гэта пытанне дасканала распрацоўваў па розных методыках. Трэба сказаць, што гэта значная навуковая праца пра тое, як лепей падаць школьнікам матэрыял, каб яны маглі добра навучыцца чытаць, рассказваць і асэнсоўваць змест твора. Бо кніга — гэта самая галоўная крыніца ведаў для людзей рознага ўзросту, і разлучацца з кнігай нельга, калі чалавек хоча падняцца вышэй таго ўзроўню, на якім ён знаходзіцца.— Наколькі Якуб Колас дапускаў вымысел у творах для дзяцей?— Амаль уся творчасць Якуба Коласа грунтавалася на фактычным матэрыяле. Напрыклад, верш «Дронік». Сапраўды ў 1935 годзе я злавіў дразда з перабітым крылом, карміў яго, даглядаў, клапаціўся аб ім, пасля ў Мінск перавёз, а потым забыўся пра яго, і той памёр. Якуб Колас усё гэта апісаў у памянёным вершы. У вершы «Рагатка» таксама расказваецца пра выпадак, які адбыўся на самай справе. Мы з сябрамі ішлі купляць гумку для рагаткі, а нейкі хлопец адабраў у нас грошы. Наіўныя былі і сказаць няпраўду, схлусіць для нас было непрымальным. І, канечне, дзеці былі вельмі даверлівыя і іх было лёгка падмануць. Так яно і адбылося. Тут жа з’явіўся і гэты верш. Рагатка — рэч дурная, але такая праўда напісання твора.— Чаму Якуб Колас звярнуўся да апісання менавіта вашых дзіцячых прыгод?— Па-першае, мае старэйшыя браты жылі, можна сказаць, без бацькі, калі ён быў мабілізаваны ў армію, калі жыў далёка ад сваёй сям’і. І, канечне, паўплываць на выхаванне сыноў, убачыць, што адбываецца ў сям’і, не мог. А пазней ужо з меншым, са мною, ён і ў лес у грыбы хадзіў, і каля вогнішча разам сядзелі... Таму тыя падзеі, якія адбываліся ў маім дзяцінстве, ён адлюстраваў у паэме «Міхасёвы прыгоды», якой у гэтым годзе споўнілася 75 год. Там фактычна ўсё грунтуецца на сапраўдным жыццёвым матэрыяле. Трохі, можа быць, зменены імёны. Не было Цішкі і Грышкі, а Інка, Юлька, Наталька, Ганулька — гэтыя дзяўчаты непрыдуманыя. Быў і Ванька з будкі чыгуначніка. Імёны, падзеі — гэта ўсё гісторыя. Але часта Галоўліт прыдзіраўся да шэрагу сказаў Якуба Коласа, таму, можа, і ён крыху дабаўляў мастацкай афарбоўкі. У заканчэнні аднаго з раздзелаў «Міхасёвых прыгод», дзе забіваюць гадзюку, калі кінулі яе на агонь, было напісана: «Каб больш не было яе духу, // На агонь палажылі псяюху». Галоўліт забараніў пісаць слова «псяюха», як лаянкавае. Таму радкі прыйшлося крыху змяніць: «Каб больш не было яе паху, // На агонь палажылі кусаху». Але ўсіх такіх дробязей не ўспомніш. Фактычна, ніякага вымыслу не было, усе падзеі рэальна адбываліся ў жыцці.— Міхась Канстанцінавіч, а якая геаграфія дзіцячых твораў Якуба Коласа?— Паколькі большасць твораў носіць аўтабіяграфічны характар, то яны ўжо звязаныя і з геаграфіяй. «Новая зямля» — Стаўпеччына, як непасрэднае месца дзеяння, але сам твор мае агульначалавечы характар. Трылогія «На ростанях» — Палессе. Многія вершы напісаны і ў Мінску, і на Пухавіччыне. Тыя мясціны, дзе жыў Якуб Колас, і якія запалі ў яго сэрца, адлюстраваны і ў яго творах. Паэма «Міхасёвы прыгоды» была напісана ў Мінску пасля таго, як мы ў 1934 годзе летавалі ў Тальцы.— А ці не засталося нешта па-за ўвагай Якуба Коласа? Былі ж, напэўна, яшчэ жыццёвыя выпадкі, якія маглі б увайсці ў гэту паэму?— Канечне, такія выпадкі былі. І адзін з іх, калі я атруціўся сушанымі грыбамі суседа. Якуб Колас не напісаў і пра тое, як мы з Юркам пайшлі на Свіслач, селі на беразе і назіралі за тым, як плавае цэлы вывадак ужо вялікіх гусей. І раптам адзін гусь забіў крыламі і пайшоў пад ваду. Ніхто не ведае, хто яго пацягнуў. Можа, выдра, можа, сом. Гэта была такая жудасная карціна! Можна шмат прыгадаць розных цікавых падзей.— Міхась Канстанцінавіч, раскажыце, калі ласка, пра сваё дзяцінства. Якім яно Вам узгадваецца?— Успаміны са свайго дзяцінства я змясціў у кнізе «Пад бацькоўскім дахам», якая пабачыла свет у мінулым годзе ў выдавецтве «Беларуская навука». Якуб Колас вельмі шмат працаваў і часу займацца з дзецьмі ў яго не хапала. Ён быў надзвычай загружаны напружанай працай. Калі зараз гэта ўспамінаю, то дзіўлюся, колькі ж трэба было яму мець сіл і энергіі, каб вырашыць усе свае пытанні і ў Акадэміі навук, і ў Саюзе пісьменнікаў, і ў сваёй пісьменніцкай рабоце, і тое-сёе дома... Толькі ў вольныя часы, напрыклад, у нядзелю, ён мог дазволіць сабе паехаць са мной у горад. Але тое не так часта здаралася — раз-два на год.
А ўжо летні адпачынак праводзілі разам. Тут, канечне, можна ўспомніць многае... Згадваю, як летам 1930 года мы збіралі грыбы на Банцараўшчыне. Згадваю, як бацька прыносіў мне кулі са стрэльбішча, якое знаходзілася непадалёк. Была, відаць, кепская заслона, і кулі разляталіся па лесе. Бывала, што мы самі траплялі пад абстрэл, і даводзілася хавацца за дрэвамі. А для малога куля — гэта ж рэліквія. Хадзілі і на рэчку купацца. У грыбную пару Якуб Колас уставаў рана. Гадзін у пяць ішоў у лес, таму мяне малога не падымаў. І ў летні перыяд ён таксама займаўся сваёй пісьменніцкай працай. Але атмасфера ў сям’і была вельмі лагодная. Бацька надзвычай пяшчотна і ўважліва адносіўся да дзяцей. Іншы раз загадкі загадваў, прасіў штосьці вылічыць... Я ніяк не мог зразумець, якая розніца паміж вярстой і кіламетрам. Ён кажа: «На адну чатырнаццатую частку больш». А я яшчэ ў школу не хадзіў, таму не разумеў. Трэба было б, каб ён паказаў графічна, але гэтага чамусьці не зрабіў. Як настаўнік, даваў такую работу, дзе патрэбна падумаць. Якуб Колас прывучаў мяне назіраць за прыродай, бачыць прыгажосць, якая атуляла нас з усіх бакоў.— Ці ўсё было гладка ў вашых адносінах з бацькам, ці гучалі якія-небудзь пярэчанні?— Ніякіх спрэчак і сварак не было. У маленстве, калі я яшчэ не хадзіў у школу, ён, скажам, мог пакласці мне пад падушку варанае яйка, намалюе хатку, бусла і скажа: «Глядзі, Міхаська, што табе бусел прынёс». Іншы раз шакаладку пакладзе, ці пячэнне, каб малы ўзрадаваўся. Час жа быў няпросты, і харчовае пытанне стаяла востра. Трымалі карову і парсюка. Старэйшым братам даводзілася іх пасвіць, але яны не дужа любілі гэту справу. Былі ў нас сабакі, якіх старэйшыя браты спрабавалі дрэсіраваць. Якуб Колас да жывёл адносіўся вельмі лагодна і акуратна. Як настаўнік умеў далікатна пераканаць, што правільна, а што не. Маці ж таксама была настаўніцай, таму і яна ўмела ўлагодзіць усе пытанні, і справядліва, але даволі жорстка кіравала сваімі дзецьмі. Можна сказаць, што ад выхавання бацька быў крыху ў баку, не так шмат удзяляў нам, малым, часу. А дзецьмі больш займалася маці, нашай вучобай, нашымі паводзінамі. Выхаванне ляжала ў асноўным на яе плячах.— Раскажыце, калі ласка, пра пакаленне вашага дзяцінства, якія агульныя рысы з сучаснымі дзецьмі?— Зараз цяжка параўноўваць, бо трэба ўлазіць у скуру сучаснай моладзі. Толькі звонку, агулам можна нешта сказаць. Сённяшняя моладзь адрозніваецца многім. Па-першае, адукацыя сёння больш грунтоўная, больш глыбокая, бо зараз шмат кніг і падручнікаў. У мае дзіцячыя гады амаль не было мастацкай літаратуры. І калі сярэдні брат прыносіў якую-небудзь прыгодніцкую кнігу, то даваў яе мне з умовай, што прачытаю за адзін дзень. Гэта былі добра пашарпаныя кнігі без пачатку і без канца, і невядома, хто быў іх аўтар. Толькі нашмат пазней, калі перачытваў, даведваўся, чые былі гэтыя кнігі. Калі брат Юрка падарыў мне кніжку Марка Твэна «Прыгоды Тома Соера», гэта стала вельмі радаснай падзеяй для мяне. У маім падлеткавым узросце бацька ўлетку прывозіў мне стосы кніг, каб я ўсё прачытаў. Ён браў іх з бібліятэкі Саюза пісьменнікаў. Бацька сачыў, каб я чытаў не абы-што, а добрую, якасную літаратуру. Пазней я многае стаў чытаць з ягонай асабістай бібліятэкі, хоць яшчэ многага і не разумеў.
Асяродак наш складалі такія ж самыя школьнікі, ладзілі свае дзіцячыя гульні, бо нічога іншага не было. Даводзілася прыдумваць усё самім. Цяпер жа ёсць і гітары, і магнітафоны, і мабільныя тэлефоны... Зусім іншы парадак жыцця. Гэта не параўнаць з тым, што было. У нас усе цацкі былі самаробныя. Рабілі рагаткі, самапалы (цяга да зброі заўсёды ёсць у мужчыны, гэта нешта генетычнае). У школе быў даволі дружны асяродак. Стараліся вучыцца. Дапаможнікаў было вельмі мала, немагчыма параўнаць з сённяшнім днём. Не хапала ілюстраванага матэрыялу. Можна было толькі марыць аб такім патоку інфармацыі, які сёння магчыма атрымаць пры дапамозе камп’ютара і тэлебачання. Набыццё ведаў ішло куды маруднейшымі тэмпамі, чым яно можа ісці сёння. На жаль, як даводзіцца бачыць, многія сённяшнія школьнікі не валодаюць тымі пытаннямі, якімі валодалі мы ў свой час. Нягледзячы на сучасныя магчымасці, няма такой зацікаўленасці да вучобы, якая была раней. У нас былі някепскія педагогі і настаўнікі, якія прыходзілі ў школу па сваім прызванні. У настаўнікі павінны ісці самыя здольныя людзі. Бо самае важнае — гэта выхаванне і адукацыя пісьменных талковых людзей. А гэта трэба рабіць пачынаючы з маленства. І калі настаўнік зможа выкарыстаць усё тое багацце, што сёння назапашана ў літаратуры і навуцы, і даць гэта школьнікам, то яны пакажуць неверагодна высокія вынікі. Па сутнасці, самая адказная справа дзяржавы — адукацыя. Нішто не дае столькі для развіцця краіны і народа, як навука. А каб падрыхтаваць людзей да навукі, патрэбна напружаная праца з першага школьнага класа. Калі б гэта адбывалася, то сёння мы жылі б у зусім іншых абставінах, і ўзровень жыцця быў бы зусім іншым. Але нельга папракаць моладзь у тым, што яна не карыстаецца ўсімі магчымасцямі, якія ёй дадзены. Вінаватыя абставіны, у якіх яна жыве. Настаўнікі ў школе і бацькі дома павінны зацікавіць школьную моладзь набываць веды. Для гэтага патрэбныя сапраўдныя педагагічныя падыходы. Гэта не так проста, бо навучанне — справа сур’ёзная, трэба пераадольваць многія цяжкасці.— Што б вы раілі чытаць дзецям?— Трэба больш чытаць прыгодніцкай літаратуры. Творы Прышвіна, Маўра, Талстога, Горкага. Самыя выдатныя творы ў пісьменнікаў — аб іх юнацкіх і маладых гадах. Адна з лепшых кніг Янкі Маўра — «Шлях з цемры», вартая ўвагі яго кніга «ТВТ». Зараз столькі літаратуры, што проста вочы разбягаюцца. Трэба выбіраць найлепшае, тое, што добра ўспрымаецца дзецьмі, тое, што можа іх зацікавіць чытаць кнігі. Бо тэлебачанне, кіно, Інтэрнэт не даюць таго, што дае кніга. Варта глядзець фільмы на навуковыя тэмы, фільмы, прысвечаныя прыродзе. Трэба выкарыстоўваць усе сродкі, каб зацікавіць дзяцей вучыцца. Але галоўнае — больш і больш чытаць кніг, бо пры гэтым чалавек не толькі развівае само ўменне чытаць і асэнсоўваць, аднак ён яшчэ адчувае сябе і героем твора, з’яўляецца мастаком-дэкаратарам, якому трэба многае ўявіць. Кніга праводзіць вялікую выхаваўчую працу, каб чалавек не набіваў гузакі ў жыцці, набіраўся вопыту з мастацкай літаратуры.
Я не педагог і не філолаг, таму цяжка параіць чытаць штосьці канкрэтнае. Для кожнага ўзросту трэба падбіраць сваю літаратуру. Варта больш увагі надаваць гуманітарнай падрыхтоўцы школьнікаў. Бо з такой падрыхтоўкай людзі на шмат лягчэй успрымаюць усё астатняе. У школе трэба больш чытаць паэзіі, у тым ліку на конкурснай аснове, рабіць пастаноўкі па мастацкіх творах. Моладзь вельмі таленавітая, хутка ўспрымае ўсё, але з ёй трэба працаваць. І для гэтага патрэбны кваліфікаваныя кадры. І значыць самая высокая аплата працы павінна быць у настаўнікаў. Настаўнікаў і ўрачоў — людзей, хто непасрэдна звязаны з жыццём чалавека. Павінна быць і разумная палітыка дзяржавы. — Чаго не хапае нашай літаратуры?— На маю думку, літаратуры не хапае гістарычнага рамана, які пачаў распрацоўваць у свой час Уладзімір Караткевіч. І гэта вялікі недахоп у выхаванні ў моладзі патрыятызму, гуманнасці, любові да сваёй краіны і народа. А ўвогуле, беларуская літаратура надзвычай багатая.— Што для вас значыць быць сынам Якуба Коласа?— Я ніколі гэтым не хваліўся, нідзе з гэтым не высоўваўся па прычыне свайго выхавання. Ён проста быў для мяне бацькам.Гутарыў Рагнед Малахоўскі
Фота: kimpress.by