"Ляпіс Трубяцкі" выпусціў музычную паштоўку для беларусаў усяго свету

Гурт "Ляпіс Трубяцкі" вырашыў павіншаваць беларусаў усяго свету з Калядамі і Новым годам музычнай паштоўкай - беларускамоўнай песняй "Грай" з будучага альбома. Паслухаць і спампаваць песню можна на афіцыйным сайце гурта.

- Напярэдадні чароўнага свята мы вырашылі выпусціць песню на беларускай мове, у якой хочам падарыць усім беларусам адчуванне вясны і святочных цудаў, а таксама падтрымаць іх веру ў светлую будучыню, пазітыў і немінучую перамогу дабра над любымі казачнымі пачварамі, - тлумачыць Сяргей Міхалок. - Мы прапануем беларусам, якія жывуць у розных кутках зямнога шара, устаць ў карагод, праспяваць гэтую песню хорам і вярнуць у нашыя шэрагі веру ў сяброўства, братэрства і любоў. "Грай"- першы беларускамоўны сінгл з будучага альбома "Ляпісаў", праца над якім ужо амаль завершана. Як прызнаўся нядаўна Сяргей Міхалок, новы дыск павінен разбурыць стэрэатып аб тым, што "Ляпісы"- гэта ска-панк-група. Выхад альбома прызначаны на сакавік 2011 года.

"Салідарнасць"