Якой была эканоміка Беларусі ў 2010 годзе?

Абяцанні сярэдняга заробку ў 500 долараў, нафта з Венесуэлы, прагнозы фінансавага крызісу… Еўрарадыё ўзгадала пра асноўныя падзеі ў эканоміцы.

Яшчэ на пачатку года Аляксандр Лукашэнка паабяцаў беларусам сярэдні заробак у 500 долараў. “Гэтая лічба святая”, —  сказаў ён, адказваючы на пытанні журналістаў. Сёння, паводле афіцыйных дадзеных, сярэдні заробак складае 475 долараў.Эканаміст Сяргей Чалы у інтэрв'ю Еўрарадыё казаў, што сапраўдны сярэдні заробак у Беларусі роўны 600 тысячам. А такія перакосы адбываюцца таму, што ў нас лічаць сярэднеарыфметычны заробак, што мела сэнс толькі ў савецкія часы, калі людзі зараблялі аднолькава. Сёння 90% насельніцтва заробак у 500 долараў на сабе не адчуюць.Сяргей Чалы: “Сітуацыя дайшла да таго, што замест таго, каб павышаць менавіта колькасць людзей, якія зарабляюць менш, чым у сярэднім, нашы пачалі павялічваць даходы, якія атрымоўвае абсалютная меншасць. То бок, сапраўды, вынік будзе той самы — сярэдні заробак у выніку зноў павялічыцца, але 90% насельніцтва на сабе гэтага не адчуе”.“А ваш заробак большы за сярэдні ці меншы?” —  такое пытанне задавала Еўрарадыё жыхарам Мінску.— Нашмат меншы — можа, у тры разы.— Калі браць сукупны, бо я працую на дзвюх працах, то большы, а калі толькі дзяржаўную працу, то вельмі далёка да гэтага сярэдняга ўзроўню. “Нафта з Венесуэлы —  глупства года”, —  лічыць эканаміст Леанід Заіка.Леанід Заіка: “Абсалютна не адношу да нейкіх значных падзеяў. Гэта праяўленне значнага глупства. Ніякага эканамічнага сэнсу ў гэтым не было”.Давайце ўзгадаем, як беларусы ўспрынялі навіну пра тое, што цяпер нафту будуць вазіць ажно з Венесуэлы.— Я думаю, што гэта вельмі далёка. Па-мойму, для нас гэта будзе неакупляльна.— Гэта ўвогуле смешна. У выніку яна будзе яшчэ даражэйшая, чым калі б мы куплялі нафту ў Расіі. Гэта неразумнае рашэнне.Мытны саюз.У ліпені 2010 года пачаў дзейнічаць Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі. Гэта перакрэсліць інтэграцыю з Еўропай, лічыць Леанід Заіка:“Пасля перамогі Лукашэнкі на выбарах Мытны саюз становіцца больш рэалістычным. Інтэграцыя з Еўропай будзе зведзеная практычна да нуля”.У 2010-м годзе эканамісты прагназавалі фінансавы крызіс для новага прэзідэнта. “На 2013 год прыпадзе пік выплат дзяржаўных пазык”, —  пісаў у сваім блогу эканаміст Сяргей Чалы. На яго думку, такі рост будзе адчувальным для беларусаў. Тое ж самае мяркуе і Леанід Заіка:“Беларусь сапраўды з 2012 года будзе паступова ўваходзіць у стан флатэра —  гэта з’ява, калі на высокіх хуткасцях самалёт пачынае трэсці, і ў яго адвальваюцца крылы, матор, хвост… Праблема ў тым, што ўрад яшчэ не практыкаваў палітыку абавязальніцтваў па пазыках, таму для беларусаў гэта будзе адкрыццём. Калі паглядзець — гэта сапраўды давядзецца аддаваць па 2 мільярды ў год. Народ будзе радавацца, як ён добра раней жыў”.Адзначылі эканамісты і станоўчыя моманты 2010 года.Важна, што ў 2010-м годзе не была праведзеная наменклатурная прыватызацыя, кажа Леанід Заіка.Леанід Заіка: “Магчыма, самае цікавае —  рэзкая змена сітуацыі з развіццём малага і сярэдняга бізнэса. Былі распрацаваныя новыя рашэнні і пастановы па ліцэнзаванні, падаткаабкладанні і г.д”.Нагадаем, што так і не з’явілася дырэктыва №4 пра далейшую лібералізацыю эканомікі. Хаця намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур абяцаў, што яна выйдзе да выбараў прэзідэнта. Вось як пракаментаваў гэта Леанід Заіка:“Зразумела, што яна не магла быць добра зроблена, таму што сутыкнуліся інтарэсы розных групаў. Чыноўнікі апынуліся негатовымі да таго, каб стымуляваць працэс лібералізацыі эканомікі. У гэтым плане Лукашэнка стаў больш наватарам за чыноўнікаў, якія там працуюць”.Не выканалі прагнозны паказчык пра рост эканомікі краіны на 11-13% у 2010-м годзе.Леанід Заіка: “Рост ВУП адбыўся толькі на ўзроўні 6-7%. Выкананне прагнозных паказчыкаў —  гэта ўчорашні дзень. Трэба пераходзіць ад эканомікі дырэктываў да эканомікі ініцыятыў”.Навошта патрэбная дырэктыва №4 — лепш няхай будзе ініцыятыва №1, падсумаваў Леанід Заіка.

Наста Манцэвіч, "Еўрарадыё"