Заснаваная прэмія М. Багдановіча за найлепшы літаратурны дэбют года

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют году ў трох намінацыях — паэзія, проза і пераклад.

"Да намінантаў Прэміі імя Максіма Багдановіча ёсць абавязковыя ўмовы, — кажа сябра журы, пісьменнік Уладзімір Арлоў. — Твор мае быць напісаны па-беларуску, аўтар на момант вылучэння мусіць мець не больш за 35 поўных гадоў".

Да разгляду журы прымае дэбютныя кнігі аўтараў, якія выйшлі цягам году. Могуць разглядацца і грунтоўныя публікацыі ў літаратурных часопісах (раман, аповесць, вялікі перакладны твор). Спіс прэтэндэнтаў на Прэмію імя Максіма Багдановіча за 2010 год фармуецца да 14 лютага 2011 году. Уручэнне адбудзецца ў канцы сакавіка 2011 году. Вылучэнні ад выдавецтваў і аўтараў можна дасылаць на адрас: 220050, а/с 218, Мінск; E-mail: pen@vessobel.by з пазнакай "Прэмія імя Максіма Багдановіча".

budzma.org