Бягучы навучальны год распачаўся для работнікаў адукацыйнай галіны з добрай навіны — з доўгачаканага павышэння ім заробкаў: так, на 10 працэнтаў былі павышаны тарыфныя аклады (стаўкі) усім маладым спецыялістам, накіраваным на работу па размеркаванні ў бюджэтныя арганізацыі. Акрамя таго, педагагічным работнікам, у тым ліку і маладым спецыялістам, тарыфныя аклады (стаўкі) былі павялічаны на 25 працэнтаў. Да таго ж на працягу года двойчы мянялася тарыфная стаўка першага разраду — апошні раз з 1 лістапада. У выніку заработная плата педагагічных работнікаў з пачатку года павялічылася на 500 тысяч рублёў і складае зараз у сярэднім 1 млн 300 тысяч рублёў. У настаўнікаў пасля лістападаўскага павышэння сярэдні заробак складае 1 млн 400 тысяч рублёў (прырост за год склаў 600 тысяч рублёў). У выхавальнікаў дашкольных устаноў — ад 740 да 860 тысяч рублёў (прырост на 320—430 тысяч рублёў). А маладыя педагогі, што працуюць на адну стаўку, атрымліваюць зараз каля 800 тысяч рублёў. І ўсё ж такі ў пытаннях аплаты працы некаторых катэгорый работнікаў засталіся праблемныя моманты, пра якія і пайшла гаворка на сумесным пасяджэнні Прэзідыума ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і галіновага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях у сістэме Міністэрства адукацыі.Як вынікае ўжо з самой назвы, галоўнай мэтай дзейнасці Савета з'яўляецца развіццё ў галіне сацыяльнага партнёрства, а таксама выпрацоўка агульных падыходаў да правядзення сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Менавіта таму ў склад Савета ўваходзіць роўная колькасць прадстаўнікоў ад Міністэрства адукацыі і ад галіновага прафсаюза.— Варта адзначыць, што меры, якія прымаліся па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў галіны, з'яўляюцца недастатковымі ў адносінах да асобных катэгорый работнікаў, — падкрэсліла ў сваім выступленні начальнік упраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі Лідзія Субоцкая.— Прынятыя нарматыўна-прававыя акты несумненна палепшылі матэрыяльнае становішча работнікаў галіны, — канстатавала загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Герасімовіч, — але не вырашылі да канца ўсе праблемы, якія існуюць. Напрыклад, не толькі не вырашылася, але і дадаткова ўскладнілася праблема нізкага ўзроўню аплаты працы маладых выкладчыкаў у ВНУ. Павышэнне тарыфных ставак педагогам на 25 працэнтаў не распаўсюдзілася на прафесарска-выкладчыцкі састаў ВНУ. І зараз сярэдні памер заработнай платы асістэнта, выкладчыка без вучонай ступені і звання з улікам выплат стымулюючага характару складае 750 тысяч рублёў, выкладчыка—стажора — 670 тысяч рублёў, у той час як аспірант атрымлівае стыпендыю каля 870 тысяч рублёў. Гэтая праблема абмяркоўвалася ў розных інстанцыях, але так і не вырашылася на дзяржаўным узроўні.Колькасць асоб з прафесарска-выкладчыцкага саставу, да якіх не прад'яўляюцца патрабаванні па наяўнасці ў іх вучонай ступені і вучонага звання, складае 12,1 тысячы чалавек, а гэта, між іншым, 53 працэнты ад агульнай колькасці прафесарска-выкладчыцкага саставу. Не сакрэт, што па шэрагу напрамкаў абараніцца, каб атрымаць вучоную ступень ці вучонае званне не заўсёды магчыма. Але ці можна жыць на такую зарплату? І ці можна лічыць для таленавітай моладзі прыцягальным варыянтам працаўладкаванне на выкладчыцкую работу ў ВНУ? Пытанне, напэўна, рытарычнае...Асабліва з улікам той акалічнасці, што на выпускнікоў аспірантуры не распаўсюджваюцца тыя прывілеі, якімі карыстаюцца маладыя спецыялісты пасля заканчэння ВНУ.— Сярэдняя разліковая заработная плата асістэнта, выкладчыка ВНУ пры стажы работы 10-15 гадоў складае сёння 790 тысяч рублёў, і гэта менш за разліковую заработную плату выхавальніка—маладога спецыяліста, які працуе ў дашкольнай установе (847 тысяч рублёў), менш за аспіранцкую стыпендыю, — паведаміла Лідзія Субоцкая. — Акрамя таго, з устанаўленнем спецыялістам надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі ўтварылася дыспрапорцыя ў аплаце працы асобных кіраўнікоў і спецыялістаў структурных падраздзяленняў. Узровень аплаты працы галоўных бухгалтараў і загадчыкаў лабараторый, начальнікаў аддзелаў па асноўнай дзейнасці і іншых кіраўнікоў структурных падраздзяленняў устаноў адукацыі сёння ніжэйшы за заробкі спецыялістаў, якія працуюць у гэтых падраздзяленнях, што выклікае справядлівую негатыўную рэакцыю і зніжае матывацыю працы.Трэба патлумачыць, што пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 24 верасня № 129 былі ўстаноўлены надбаўкі да тарыфных ставак (акладаў) за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі спецыялістам бюджэтных арганізацый у памерах 30, 20 і 15 працэнтаў за вышэйшую, першую і другую катэгорыі адпаведна. Раней надбаўкі за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый ўстанаўліваліся ў адукацыйнай галіне толькі педагагічным работнікам. А пасля прыняцця пастановы іх сталі атрымліваць таксама спецыялісты, пасады якіх носяць міжгаліновы характар (бухгалтары, эканамісты, юрысты, інжынеры і іншыя ). У грашовым вымярэнні даплата за другую кваліфікацыйную катэгорыю складае каля 60 тысяч рублёў, за першую — каля 80 тысяч і за вышэйшую — каля 130 тысяч.Пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 13 верасня 2010 года № 24 былі перагледжаны ў бок павелічэння карэктуючыя каэфіцыенты да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў, што тарыфікуюцца з 1 па 12 разрады. У выніку заработная плата гэтых катэгорый работнікаў павялічылася ў сярэднім на 9 працэнтаў. А сярэдні памер заработнай платы работнікаў, якія тарыфікуюцца па першым разрадзе (гэта прыбіральшчыкі, дворнікі, гардэробшчыкі, падсобныя рабочыя), складае зараз каля 500 тысяч рублёў.— Фактычна сёння парушыліся міжразрадныя суадносіны адзінай тарыфнай стаўкі ў прадстаўнікоў розных прафесійна-кваліфікацыйных груп у залежнасці ад іх кваліфікацыі, спецыфікі і складанасці працы, — падкрэсліла Валянціна Герасімовіч. — У выніку змянення карэктуючых каэфіцыентаў тарыфныя стаўкі (аклады) нізкааплатных катэгорый работнікаў павялічваюцца больш высокімі тэмпамі: заработная плата галоўных бухгалтараў, іх намеснікаў і кіраўнікоў гаспадарчых груп зраўнялася ці аказалася нават ніжэйшай, чым зарплата бухгалтараў, якім былі ўстаноўленыя надбаўкі да тарыфных ставак (акладаў) за наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый. У адрас нашага прафсаюза, у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі паступаюць калектыўныя звароты ад работнікаў бухгалтарскіх службаў упраўленняў (аддзелаў адукацыі) па пытаннях аплаты іх працы.Але як выправіць гэтае становішча? Для ліквідацыі дыспрапорцыі ў аплаце працы асобных работнікаў Міністэрства адукацыі прапануе кіраўнікам арганізацый прыбягаць да стымулюючых выплат (надбавак, прэмій) у адпаведнасці з заканадаўствам па аплаце працы з улікам вынікаў дзейнасці канкрэтных работнікаў. Калі зарплата будзе адставаць на працягу толькі некалькіх месяцаў, то гэтая мера, магчыма, і сапраўды можа спрацаваць, аднак калі сітуацыя набудзе "хранічны характар", то трэба шукаць, напэўна, іншыя шляхі для кампенсацыі адставання?Галоўны тэхнічны інспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Лясун агучыла наступныя лічбы: за 9 месяцаў бягучага года ва ўстановах адукацыі былі зарэгістраваныя 34 няшчасных выпадкі на вытворчасці, з іх 2 — са смяротным і 13 — з цяжкім зыходам. Такая сітуацыя патрабуе прыняцця неадкладных мер па папярэджванні траўмавання людзей на вытворчасці.— Адукацыйная галіна мае сваю спецыфіку: кіраўнік і педагогі нясуць адказнасць яшчэ і за ахову жыцця і здароўя навучэнцаў і выхаванцаў, — паведаміла Марына Лясун. — Практыка сведчыць, што без стварэння эфектыўнай службы аховы працы ў галіне абысціся немагчыма. Ужо сёння многія кіраўнікі разумеюць неабходнасць стварэння такой службы, таму шукаюць магчымасць увядзення ў штатны расклад дадатковай адзінкі спецыяліста па ахове працы. Але гэтая праблема вырашаецца складана. Для эфектыўнай работы па граматнай арганізацыі аховы працы ва ўстановах адукацыі патрэбная высокапрафесійная і ўкамплектаваная служба аховы працы. А што мы назіраем цяпер? Кантроль за арганізацыяй работы па ахове працы ў падведамасных установах з колькасцю работнікаў ад 1,5 да 5 тысяч чалавек нярэдка ажыццяўляе ўсяго адзін інжынер па ахове працы пры нарматыўнай колькасці ў адпаведнасці з заканадаўствам 2-3 чалавекі. Улічваючы яшчэ і нізкую заработную плату інжынера па ахове працы (спецыяліста з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй), якая складае каля 500 тысяч рублёў, казаць аб якасці работы ўвогуле не даводзіцца. Скажыце, дзе можна знайсці спецыяліста з вышэйшай адукацыяй, згоднага на такі вялікі аб'ём работы з сур'ёзнай адказнасцю і вельмі нізкай заработнай платай? Тым больш, што спецыялісты з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй сёння без праблем могуць знайсці сабе прымяненне ў любой іншай сферы...Яшчэ адну важную праблему ўзняў старшыня ЦК Мінскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Башко. Ён звярнуў увагу на ўдзел у падвозе дзяцей школьнымі аўтобусамі педагагічных работнікаў. Гэта работа на сёння ніяк не нарміруецца, і, адпаведна, не аплачваецца. Ніхто не бярэ пад увагу і тую акалічнасць, што асноўны кантынгент школьных настаўнікаў складаюць жанчыны, якім таксама трэба сабраць сваіх дзяцей, адвесці іх у дзіцячы садок і гэтак далей. Фактычна гэта пераўтварылася ў грамадскую нагрузку... Пры гэтым настаўнік нясе адказнасць за кожнае дзіця, ён павінен удакладніць, што здарылася, чаму дзіця не едзе ў школу, і гэтак далей. Есць і іншы бок медаля: калі работа ніякім дакументамі не нарміруецца і не аплачваецца, то ўзнікае пытанне: як можна яе пракантраляваць, на якой падставе? Напэўна, ёсць сэнс аплачваць гэтую працу хоць бы за кошт гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы? Не выключана, што і ахвотныя яе выконваць адразу знойдуцца.Сёння Міністэрства адукацыі прапаноўвае ўнесці змяненні ў пастановы, што рэгулююць працягласць работы спецыялістаў сістэмы адукацыі, найперш выхавальнікаў дашкольных устаноў, і аб'ём гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю. Вывучаецца таксама вопыт іншых краін па пераходзе на штатна-акладную сістэму аплаты працы. Цяпер аплата працы педагагічных работнікаў залежыць ад іх нагрузкі. Аднак у бліжэйшыя гады колькасць школьнікаў значна зменшыцца. Адпаведна зменшыцца і нагрузка на настаўнікаў. Таму трэба ўжо сёння думаць, як захаваць дасягнутую планку ў аплаце работы...
Надзея Нікалаева , "Звязда"