Вельмі рэдка такое пабачыш – натоўп у кнігарні. Але ж у суботу а 13-й у «Кніжным салоне» на Калініна сабралося столькі людзей, што чарга сканчалася на вуліцы. Там праходзіла прэзентацыя першага непадцэнзурнага выдання «Ладдзі Роспачы», падрыхтаванае журналістам Глебам Лабадзенкам. Яму дапамагалі знакавыя фігуры ў беларускай культуры – Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Сёмуха, Уладзімір Арлоў... Пабачыць сваімі вачамі інтэрактыўнае (!) выданне, ды й прыняць ўдзел у не менш інтэрактыўнай імпрэзе, з’ехаліся нераўнадушныя да творчасці Караткевіча з розных куткоў Беларусі.
– Да выхаду гэтай кнігі спрычыніліся шмат добрых людзей. І таму я віншую вас і сябе, – распачаў імпрэзу Глеб Лабадзенка. – Калі гэта кніга рыхтавалася, то мной кіравалі два супрацьлеглыя пачуцці. Першае і галоўнае – гэта любоў і павага да Уладзіміра Караткевіча, да ягоных твораў і ягонай асобы. Другое – гэта нянавісць да савецкай сістэмы. Для мяне было вялікім адкрыццём тое, што сапраўды пісаў Караткевіч. Калі вы лічыце, што чыталі «Ладдзю Роспачы», то я спяшаюся вас парадаваць – у вас яшчэ ўсё наперадзе. Таму што тая «Ладдзя Роспачы», якую напісаў Караткевіч, адрозніваецца ад арыгінала на 296 правак цэнзараў і рэдактараў.
У новым выданні маркерам пазначаныя ўсе моманты, дзе цэнзары рабілі праўкі.
“Ладдзя Роспачы” была прысвечана Уладзімірам Караткевічам паэту Рыгору Барадуліну. 46 гадоў рукапіс храніўся ў дзядзькі Рыгора. Ён і напісаў прадмову да гэтай навелы.
Барадулін адзначыў, что Караткевіч быў вельмі вясёлым чалавекам, незабранзавелым. Ды і сам народны паэт на прэзентацыі шмат усміхаўся.
– Пра Караткевіча можна расказваць многа-многа. Але ж не хачу зацягваць час. Хай жыве Караткевіч! Дзякуй Глебу! І хай жыве Беларусь! – так скончыў свой выступ паэт.
Кніга вышла на народныя грошы. На пачатку года Лабадзенка вывесіў ў сваім блоге абвестку пра збор сродкаў на выданне. Грошы перасылалі людзі з Магілеву, Салігорску, Жодзіна, Вілейкі, Мінску і іншых гарадоў. Сярод мецэнатаў з народу апынуліся таксама музыкант Лявон Вольскі і былы міністр культуры Анатоль Бутэвіч.
Віталь Саболька
– Ёсць шмат ідэй для развіцця беларускай мовы і Беларушчыны ўвогуле. Гэтыя рэчы, як і непадцэнзурнае выданне «Ладдзі Роспачы», быццам бы дробныя. Але ж гэта тыя цаглінкі, якія складаюць наш беларускі дом. З дапамогай нас з вамі – ускладчыну – атрымліваецца добрая справа, – адзначыў адзін з ахвярадаўцаў Віталь Саболька (на фота).
Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін
Лявон Вольскі спеў песню на верш Караткевіча і запрасіў усіх 16 снежня на канцэрт «Белая яблыня грому» (на вершы беларускіх класікаў)
Пісьменнік Уладзімір Арлоў і перакладчык Васіль Сёмуха
Алена Якжык, "Салідарнасць"