У выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя Петруся Броўкі” пабачыла свет кніга “Беларускае замежжа/Белорусское зарубежье”. Прэзентацыя выдання прайшла 3 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Аўтарскі калектыў у складзе больш як 20 чалавек працаваў над кнігай каля 2 гадоў. У якасці навуковага рэцэнзента выступіў прафесар Адам Мальдзіс.
Складальнік кнігі і аўтар шэрагу тэкстаў — намесніца начальніка ўпраўлення сацыяльна-культурнай сферы апарата Савета міністраў, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева.
Наталля Голубева
Па словах Наталлі Голубевай, гэтая кніга ёсць спробай узнавіць гісторыю беларускага замежжа,сабраць разам інфармацыю, якая маецца на сённяшні дзень па суайчынніках, якія пакінулі сваю гістарычную радзіму і рассяліліся па розных краінах.
“Прыйшоў час збіраць камяні, -- сказала сп-ня Голубева. -- Мы звяртаемся да ўсіх, хто мае хоць якія дакументы, матэрыялы для таго, каб гэтая кніга стала асновай для таго, каб мы папоўнілі свае веды пра гісторыю беларускага замежжа”.
Відавочна, “час збіраць камяні” прыйшоў ужо даўно. Недарэмна Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” яшчэ ў 2004 годзе заснавала спецыяльную кніжную серыю, прысвечаную беларускай дыяспары – “Бібліятэка Бацькаўшчыны”– і да сённяшняга дня ўжо паспела выдаць 19 кніг. Але ж ініцыятыву па выданні кнігі “Беларускае замежжа” нельга не вітаць, тым больш што 480-цістаронкавы фаліянт у цвёрдай вокладцы, прыгожа аформлены сапраўды прыемна трымаць у руках.
Уладзімір Шчасны
Прысутны на прэзентацыі старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА, пасол па асаблівых даручэннях МЗС Уладзімір Шчасны лічыць, што “такія кніжкі пазбаўляюць нас ад комплексу непаўнавартаснасці”. Пры гэтым, са словаў спадара Шчаснага вынікае, што пазбаўляцца гэтага комплексу варта праз веданне дасягненняў ураджэнцаў Беларусі, якія атрымалі прызнанне ў свеце, хоць многія з іх беларусамі сябе не лічылі. “Мы далі выдатных дзеячаў кінематографу ЗША, мастакоў Парыжскай школы Францыі, кампазітараў Расіі і гэтак далей”, -- адзначыў Уладзімір Шчасны, пры гэтым у сваёй прамове ён не ўзгадаў нікога з выбітных дзеячаў беларускага замежжа, якія вызнавалі сябе беларусамі і, знаходзячыся за мяжой, шмат зрабілі для беларускай культуры, для станаўлення Беларускай дзяржавы.
Выдадзеная Беларускай энцыклапедыяй кніга двухмоўная: кожная старонка падзелена на дзве паловы, адна з іх беларускамоўная, другая – рускамоўная. Шчыра кажучы, чытаць такія старонкі крыху нязвыкла, але тое зроблена, па словах выдаўцоў, з надзеяй прывабіць замежных чытачоў. Аднак, падаецца, другой мовай у такім выданні ўсё-ткі лепш было б абраць англійскую, што якраз значна пашырыла б колькасць чытачоў ва ўсім свеце.
“Кніга знойдзе сваё належнае месца не толькі ў нацыянальным кнігавыданні, але ў сусветным кнігавыданні. Яна будзе вельмі запатрабаваная на нашых шматлікіх міжнародных кніжных імпрэзах. Мы штогод удзельнічаем у такіх выставах, і нам не хапае менавіта кніг такога кшталту, каб праз кнігу паказваць багацце нашай Беларусі, нашай роднай краіны,” – адзначыла падчас прэзентацыі першая намесніца міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.
Лілія Ананіч
Сярод аўтараў выдання – сябры Вялікай Рады Згуртавання Беларусаў свету “Бацькаўшчына”, навукоўцы, чые кнігі выходзілі ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Гэта Наталля Гардзіенка, якая напісала для выдання артыкулы пра беларусаў у Аўстраліі ды беларусаў у Вялікабрытаніі, Алег Гардзіенка (артыкул пра беларусаў ў ЗША), Лявон Юрэвіч (артыкул пра беларусаў у Канадзе), Сяргей Шабельцаў (артыкул пра беларусаў у Аргенціне), Аляксей Каўка (артыкул “Беларусы ў Маскве”), Мікола Нікалаеў (артыкул “Беларусы ў Санкт-Пецярбургу”).
Акрамя вышэйназваных, у кнізе змешчыныя артыкулы пра беларусаў у Казахстане, Польшчы, Украіне, Малдове, балтыйскіх краінах, асобны артыкул прысвечаны выхадцам з Беларусі ў Ізраілі, а таксама агульныя артыкулы па гісторыі беларускай дыяспары, пра дачыненні дыяспары з беларускай дзяржавай, унёсак беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў развіццё сусветнай навукі і культуры.
Безумоўна, карысным для навукоўцаў будзе раздзел кнігі, у якім даецца аналітычны агляд дакументаў па тэме выдання, якія захоўваюцца ў архівах Беларусі.