Ці стане “культурны” савет ламаць сістэму?

Пры Савеце міністраў створаны Рэспубліканскі грамадскі савет па справах культуры і мастацтва. Склад савета даволі разнамасны: ёсць і тыя, каго можна назваць апазіцыянерам, і тыя, хто заўсёды падтрымліваў Лукашэнку.

З кім будуць раіцца?

Кіруе саветам міністр культуры Павел Латушка. Намеснікі кіраўніка савета — старшыня грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Анатоль Бутэвіч і дэпутат ППНС Генадзь Давыдзька.

У склад Грамадскага савета таксама ўвайшлі старшыня Саюза кампазітараў Ігар Лучанок, кіраўнік Саюза мастакоў Уладзімір Савіч, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, вядомы дзеяч Мікалай Чаргінец, народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, драматург Андрэй Курэйчык, лаўрэат Дзяржпрэміі Мікалай Пінігін, прадзюсар Уладзімір Кубышкін, мастацкі кіраўнік “Палаца” Алег Хаменка, кінарэжысёр Валерый Рыбараў, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч і іншыя.

Хадзілі чуткі, што выказвалася прапанова стварыць такі культурніцкі савет пры прэзідэнце — па прыкладзе расійскай Грамадскай палаты. Але нешта не атрымалася. Праўда, многія дзеячы культуры кажуць так: не важна, пры кім будзе дзейнічаць гэты савет, важна, што ён створаны.

“Палітыка раз’ядноўвае, а культура аб’ядноўвае…”

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч задаволены тым, што ў савет увайшлі людзі з вельмі рознымі поглядамі на жыццё.

— Мы пастаянна разважаем пра нейкую дэмакратыю, але ў той жа час гатовы затаптаць у бруд сваіх апанентаў, — выказвае свае думкі Антон Уладзіміравіч “Тут і цяпер”. — Мне асабіста такія “дэмакратычныя” падыходы не падабаюцца. Таму я вітаю, што ў савет запрасілі і Чаргінца, і Лучанка, і Бутэвіча, і іншых. Увогуле, гэта цудоўная ініцыятыва — стварыць такі савет. Ён дасць новыя магчымасці для прадстаўнікоў прафесійных структур, грамадскіх аб’яднанняў, якія вельмі сур’ёзна працуюць у сферы культуры. Цяпер будзе магчымасць выпрацоўваць асноўныя напрамкі развіцця нацыянальнай культуры і адстойваць сваё бачанне перад выканаўчай уладай. Я лічу, што гэта чарговы крок да дыялога. Вось калі прааналізаваць дзейнасць нашага таварыства: нават нягледзячы на тое, што займаем супержорсткую пазіцыю па некаторых пытаннях, мы заўсёды гатовы да дыялога з уладай. І з намі размаўляюць, раяцца, за што мы вельмі ўдзячныя. Рэвалюцыі мы, канешне, не зрабілі, але сумесна з нашымі апанентамі зрабілі шмат пазітыўных крокаў.

А што тычыцца поглядаў тых, хто ўвайшоў у савет, то мы ніколі не збудуем нармальную Беларусь, калі будзем дзяліць людзей па палітычных поглядах. Палітыка нас раз’ядноўвае, а культура павінна аб’ядноўваць.

“На мастацтва ў нас погляд аднолькавы...”

Старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз тэатральных дзеячаў” заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксей Дудараў пакуль не ведае, якія канкрэтна пытанні будуць абмяркоўвацца на пасяджэннях савета, але вельмі задаволены тым, што лёс культуры будуць вырашаць тыя, хто культурай і мастацтвам займаецца шчыльна.

— Гэта проста выдатна, — гаворыць Аляксей Ануфрыевіч нашаму выданню, — бо каму ж, як не нам, ведаць, якія пытанні патрабуюць неадкладнага вырашэння. Я вельмі паважаю чыноўнікаў. У іх несалодкі хлеб, які я ніколі б есці не стаў. Аднак пры ўсім пры тым, калі побач з чыноўнікамі будуць знаходзіцца людзі, якія могуць падказаць, у якім напрамку лепш рухацца, гэта будзе добра. І ўпершыню на такім высокім узроўні захацелі пачуць парады тых, хто мае самае непасрэднае дачыненне да культуры. Дай Бог, каб пачулі…

Што тычыцца тых, хто ўвайшоў у склад савета, то… Мы можам падабацца адно аднаму ці не, прытрымлівацца самых розных поглядаў на жыццё, але на мастацтва ў нас погляд аднолькавы.

Якія пытанні мне б хацелася абмеркаваць у першую чаргу? Мабыць, становішча Творцы. Як бы там мы ні хваліліся, што ў нас яны атрымліваюць і прэміі, і стыпендыі, апошнія дзясяткі гадоў да тых, хто займаецца творчасцю, увагі з боку грамадства было недастаткова. Я маю на ўвазе не ганаровыя званні (хаця і іх таксама недастаткова) і не нейкія матэрыяльныя выгоды (але і гэта не апошняе). Для чалавека мастацтва галоўнае не грошы — важна быць навідавоку, адчуваць: тое, што ты робіш, патрэбна людзям, як хлеб, паветра, вада…

“Шоу-бізнес трэба аддзяліць ад Мінкульта”

Прадзюсар і кампазітар Уладзімір Кубышкін лічыць, што сёння беларускай культурай кіруюць прагрэсіўныя людзі. І ім давядзецца пайсці на непапулярную меру — зламаць існуючую сістэму.

— Тут нельга змяніць сітуацыю адным указам, — гаворыць кампазітар. — Трэба мяняць менавіта сістэму, у якой працуюць дзясяткі тысяч людзей. Без кардынальных змен нічога не атрымаецца. Вось пра гэта я і хацеў бы сказаць на савеце.

Мне, канешне, бліжэй сфера шоу-бізнесу. Я лічу, што яго трэба аддзяліць ад Міністэрства культуры. Мінкульт павінен займацца бюджэтамі, дзяржфінансаваннем, клапаціцца пра музеі, бібліятэкі, тэатры, дзіцячую творчасць, рэстаўрацыі. Гэта тое, што не абыдзецца без дзяржпадтрымкі. А шоу-бізнес — гэта ж бізнес! Выжывем Дзяржава павінна альбо дапамагаць усім (але ж усіх шчаслівымі не зробіш), альбо наогул не дапамагаць. Тады будзе здаровая канкурэнцыя. Мне падаецца, што тыя, хто сёння кіруе культурай, гэта разумеюць. Бо калі б білеты на канцэрты распаўсюджваліся не праз прафкамы, а праз касы, то было б зразумела, хто чаго варты. А сёння, калі нехта з артыстаў сумеў забяспечыць аншлаг, гэта не значыць, што ён такі папулярны на самай справе…

“Дзякуй, што паведамілі…”

Большасць з тых, да каго мы датэлефанаваліся, ведалі, што ўключаны ў склад Грамадскага савета па культуры. Нечаканасцю гэтая навіна стала толькі для заслужанай артысткі Беларусі балерыны Вольгі Гайко.

“Я ўпершыню пра гэта чую! Дзякуй, што паведамілі, — здзіўлена адказала Вольга Уладзіміраўна. — Дзіўна, бо ў нашым тэатры яшчэ ёсць народныя артысты. Нават не ведаю, чым абумоўлены такі выбар. Са мной ніхто перамоў не вёў. Навіна нечаканая…”.

АФІЦЫЙНА

Рэспублiканскi грамадскі савет па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў створаны ў мэтах забеспячэння больш шырокага ўдзелу творчай iнтэлiгенцыi ў ажыццяўленні дзяржаўнай культурнай палітыкі і распрацоўкі канкрэтных мер па іх вырашэнні ў дзейнасці тэатральных, музычных і іншых калектываў мастацкай творчасці і арганізацый культуры.

Асноўныя задачы дзейнасці савета: падрыхтоўка прапаноў па вызначэнні напрамкаў дзяржаўнай палiтыкi ў галiне культуры i мер па яе рэалiзацыi; удзел у падрыхтоўцы праектаў рашэнняў па пытаннях культуры i мастацтва; далучэнне творчых саюзаў да рэалізацыі дзяржаўнай палiтыкi ў галiне культуры.

Арганiзацыйнае забеспячэнне дзейнасцi грамадскага савета ажыццяўляе Мiнiстэрства культуры.

Рашэннi грамадскага савета маюць рэкамендацыйны характар.

Марына Міт, "Тут і цяпер"