Людзей на свеце шмат. Розных. Разумных, аўтарытэтных, празаікаў і навукоўцаў, лірыкаў і фізікаў, музыкаў і мастакоў, рэжысёраў і акцёраў, прыбіральшчыц і манекеншчыц... Але заўжды ёсць сярод іх найбольш вядомыя. Тыя, на каго раўняюцца, з кім раяцца, кім ганарацца, каму зайздросцяць. Вось сёння ў нас модна пастаянна абмяркоўваць і адраджаць нацыянальную ідэю: у кінематографе, у мастацтве, у эканоміцы... Такое адчуванне, што мы крыху заблыталіся. Сучаснаму беларусу як ніколі патрэбна нейкае надзейнае апірышча. Я маю на ўвазе не толькі блізкіх, родных і сваякоў. Але і носьбітаў гэтага самага нацыянальнага. Тых, хто мог бы скіраваць думкі ўсяго народа ў адзінае сугучнае рэчышча.
"Звязда" апытала пяць чалавек, якія займаюцца музыкай, кіно, літаратурай, выяўленчым мастацтвам, гісторыяй і якія маюць свой погляд на тое, пра каго з асобаў кожны беларус сёння абавязкова павінен ведаць. І чаму. Большасць абраных асобаў — прадстаўнікі культуры і мастацтва, своеасаблівыя пасіянарыі. І гэта яскрава пацвярджае важнасць культуры і мастацтва для духоўнага развіцця і жыцця нацыі.Адам Мальдзіс, прафесар, літаратуразнавец, гісторык, пісьменнік:Немажліва мне, чалавеку, які звязаў сябе са складаннем і напісаннем энцыклапедый, выбраць усяго 5 асобаў з усіх сфераў дзейнасці. Бо тады гэта будзе вельмі бедны выбар, а Беларусь, як вядома, багатая на выбітных дзеячаў. Таму я дазволю сабе выбраць 5 прадстаўнікоў прыгожага пісьменства, пра якіх павінен ведаць кожны беларус, творы якіх павінен чытаць і прыслухоўвацца да іх, бо яны, як ніхто, носьбіты беларускага крэда:1. Францыск Скарына.2. Янка Купала.3. Якуб Колас.4. Максім Багдановіч.5. Уладзімір Караткевіч.Таццяна Логінава, кінааператар:1. Васіль Быкаў. Адзін з нямногіх беларускіх літаратараў, які вядомы ўсяму свету і які сказаў новае важкае сваё слова пра вайну.2. Алесь Адамовіч. Гэты пісьменнік меў неверагоднае чалавечае сумленне, валодаў такой бясстрашнасцю! Ён жыў і ствараў у часы, калі ўсе баяліся, але сам ён заўсёды імкнуўся перамагчы страх і дапамагаў перамагаць страх іншым.3. Святлана Алексіевіч. Лічу, што яе кнігі павінен чытаць абсалютна кожны беларус, каб разбірацца ў гэтым свеце, у яго праблемах і, наогул, усведамляць, у якой краіне, на якой зямлі ён жыве. Вельмі крыўдна, што гэты аўтар не выдаецца ў нас, больш яна вядомая за мяжой. Яна чытае лекцыі на Захадзе, а мы бачым яе толькі час ад часу і чытаем інтэрв'ю ў газетах... Гэта не зусім нармальна.4. Барыс Забораў. Гэта чалавек, які эміграваў з СССР у 1980-х гг., стаў мастаком года ў Францыі ў 2000-х гг. Барыс Забораў — гэта з'ява. Калі б ён мог тут, у нас, так жа працаваць, як ён працаваў у Францыі, то Беларусь не страціла б такога выдатнага мастака. Барыса Заборава трэба ведаць як прыклад таго, чаго не павінна больш ніколі здарацца з беларускімі творцамі...5. Валянцін Елізар'еў. Гэта творца, які праславіўся сваімі балетамі на ўвесь свет. Я, напрыклад, перажываю наконт таго, што ён зараз не ставіць спектаклі ў нашых тэатрах, а ставіць недзе ў Японіі, у гарадах Расіі... Ён сярод тых нашых асобаў, якімі мы павінны ганарыцца і ведаць іх, таму што іх ведае ўвесь свет!Аксана Спрынчан,пісьменніца:1. Вацлаў Ластоўскі. Бо ў ім спалучаецца беларуская шматграннасць (пісьменнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзеяч). Да таго ж ён адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэння, а Беларусь спрадвеку была краінай пачатку.2. Язэп Драздовіч. Бо ён адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, а ўсё, што датычыцца гісторыі, у Беларусі найбольш сучаснае. Да таго ж ён пачынальнік касмічнай тэмы ў выяўленчым мастацтве, а Беларусь — гэта святло ў Космасе.3. Ігнат Канчэўскі. Бо ён аўтар праграмнага эсэ беларускай філасофіі "Адвечным шляхам". А жыць магчыма адно тады, калі ставіцца да жыцця па-філасофску. І па-беларуску.4. Эмілія Плятэр. Бо яна ў мірны час збірала, апрацоўвала, спявала беларускія песні і танчыла народныя танцы. А хто спявае і танчыць лепей за беларусаў?! А ў час вызваленчага паўстання 1831 года Эмілія Плятэр змагалася, кіравала паўстанцамі: як сапраўдная жанчына, раскрыла сапраўдную сутнасць Беларусі. Наша краіна — гэта краіна разумных і моцных жанчын.5. Уладзіслаў Чарняўскі. Бо гэты каталіцкі святар — удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя: ён захоўваў агеньчык беларушчыны ў 50—80-х гадах. А ў Беларусі, каб яна рухалася наперад, кожны рух душы павінен быць беларускім.Алеся, спявачка:1. Еўфрасіння Полацкая. Заступніца і асветніца Беларусі, пра якую павінен ведаць кожны патрыёт.2. Францыск Скарына. Па-беларуску вельмі шматгранная асоба, асветнік. Недарэмна ў нашай краіне адным з самых старэйшых узнагарод з'яўляецца ордэн Францыска Скарыны.3. Якуб Колас. Калі мяне пытаюць, чаму Якуб Колас значная для Беларусі асоба, я пытаю ў адказ: а чаму яму стаіць помнік на адной з галоўных плошчаў краіны?! Напэўна, недарэмна.4. Уладзімір Мулявін. Шыкоўны музыка, кампазітар. Чалавек, які можа быць для ўсіх прыкладам ва ўсім. Мой бацька таксама шмат чаму ў яго вучыўся.5. Майкл Джэксан. Поп-культура — гэта сфера, дзе арыентуецца пераважная большасць людзей. І таму яны павінны ведаць гэтага геніяльнага музыку: і ў сэнсе творчага таленту, і ў чалавечым сэнсе (ён быў нязломнай прынцыповай асобай, заўжды выкарыстоўваў максімум сваіх магчымасцяў і ва ўсім ішоў да канца).Леанід Шчамялёў, мастак:1. Якуб Колас. У гэтага вялікага беларускага паэта ёсць такія творы, якія застануцца сярод людзей на доўгія-доўгія часы не толькі ў нашай краіне, але ва ўсім свеце. Ягоная славутая паэма "Новая зямля" — гэта надзвычайны твор мастацтва. З напісанага ў ХХ стагоддзі выпраменьвае столькі любові да нацыі, да людзей, да тых, хто разумее, што такое прыгажосць, Радзіма, Беларусь.2. Пётр Машэраў. Выбітны палітычны дзеяч самага высокага гатунку, адзін з самых цікавых у савецкія часы. Цудоўны кіраўнік, які неверагодна шмат зрабіў для Беларусі. Ён дбаў пра інтарэсы людзей, а яны за гэта яму давяралі. Гэта ў палітыцы досыць рэдка бывае, на жаль... Акрамя таго, як дасведчаны палітык ён падтрымліваў мастацтва, яго разумеў і цаніў. А гэта значыць, што ён дбаў пра духоўнае жыццё свайго народа.3. Яўген Глебаў. Славуты беларускі кампазітар, творы якога прасякнутыя любоўю да чалавека. Тое, што ён напісаў, заўжды было і будзе цікавым. Паказаў высокі сусветны ўзровень беларускага мастацтва.4. Віталь Цвірка. Выбітны і адзін з самых цікавых жывапісцаў нашага часу ў Беларусі. Ён пісаў фарбамі толькі па-беларуску! Тое, што ён зрабіў — усё для нашай Радзімы і пра яе.5. Уладзімір Мулявін. Гэтага чалавека, напэўна, і так усе ведаюць. Па нацыянальнасці Мулявін быў рускім, але тое, што ён зрабіў для Беларусі — гэта подзвіг. Сваім зваротам да беларускасці ён узняў наш нацыянальны аўтарытэт. Яго творчасць — гэта прыклад найвялікшага і найшчырэйшага патрыятызму, да якога Уладзімір Мулявін свядома прыйшоў сам. Кожнаму беларусу варта ў яго гэтаму павучыцца.
Вольга Чайкоўская , Звязда