Слуцкае паўстанне пачалося 27 лістапада 1920 году. Баі з Чырвонай арміяй працягваліся да 28 снежня 1920 году. Спроба стварыць незалежную беларускую дзяржаву апынулася гераічнай, але часовай, бо Чырвоная армія значна перавышала Слуцкія палкі ў колькасці і ўзбраенні.
Адзначыць ўгодкі і ўшанаваць памяць герояў накіраваліся предстаўнікі грамадскіх арганізацый, палітычных партый і проста неабыякавыя да гісторыі бацькаўшчыны людзі.
Сюды ў суботу з Мінска накіраваліся два аўтобусы з прадстаўнікамі беларускіх нацыянальных арганізацыяў. Удзельнікі вандроўкі ўшанавалі памяць змагароў, сказалі ўрачыстыя словы над памятнымі крыжамі, усклалі кветкі і зацяплілі свечкі. У кожным месцы ўшанавання прагучалі песні слуцкіх ваяроў і гімн «Магутны Божа».
Фінальнай кропкай памятнай вандроўскі стаў Слуцк, дзе на гарадскім стадыёне распачаўся мітынг, у якім прыняў ўдзел і кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусеў, старшыня Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які выступіў арганізатарам вандроўкі, сустаршыня БХД Павал Севярынец, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
— Слаўныя падзеі тых часоў не будуць забытыя. Гэтая і іншыя слаўныя даты мусяць стацца днямі нацыянальнага гонару, — адзначыў Кастусёў. — Я наведаў Слуцк каб ўшанаваць памяць слаўных беларусаў, якія, не зважаючы на колькасную перавагу ворагаў, не скарыліся і адстойвалі незалежнасць Бацькаўшчыны.
Цікава, што вандроўка выклікала «жывы» інтарэс з боку праваахоўных устаноў.
Пачынаючы ад мястэчка Грозава, міліцыянты і «людзі ў цывільным» не пакідалі нагляду за ўдзельнікамі акцыі, а ў Слуцку склалася ўражанне, што мясцовыя праваахоўнікі чакалі як мінімум «Плошчы», бо на стадыёне апынулася нават пажарная машына.
Сяргей Стахоўскі, "Салідарнасць"