Публікуем ніжэй тэкст звароту.
Ужо чацвёрты раз у нашай краіне праводзіцца шматлюднае мерапрыемства, удзельнікамі якога вы з’яўляецеся. Нягледзячы на тое, што фармат Усебеларускага сходу не прапісаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яму фактычна нададзеная вызначальная роля ў вырашэнні далейшага шляху развіцця краіны. Але ні на адным з гэтых сходаў практычна не было выступоўцаў, якія прамаўлялі на дзяржаўнай беларускай мове. Не ўздымаліся на іх і пытанні сучаснага стану беларускай мовы як галоўнай каштоўнасці, што вызначае еднасць беларусаў як народа.
У выніку дзяржаўнай палітыкі, якая праводзілася на працягу апошніх 16 год, беларуская мова выцесненая з афіцыйнай сферы ўжытку, крытычна зменшылася колькасць беларускіх школаў, яна так і не з’явілася ў сістэме вышэйшай адукацыі, колькасць актыўных носьбітаў мовы ў Беларусі зменшылася, згодна дадзеных перапісу 2009 г., на 1 мільён чалавек.
Усё гэта ставіць пад пагрозу незалежнасць нашай краіны. Наш усходні сусед працягвае актыўна дэманстраваць свае намеры далучыць Беларусь “шасцю губерніямі” да сваёй велізарнай краіны, таму пытанне захавання і развіцця беларускай мовы -- гэта пытанне захавання беларускай дзяржаўнасці.
Мы звяртаемся да Вас з прапановай аб’ектыўна і строга прааналізаваць нацыянальную палітыку ў Рэспубліцы Беларусь і неадкладна прыняць практычныя захады па забеспячэнні беларускай мове яе статусу дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі. Для гэтага лічым неабходным тэрмінова прыняць закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы і аб’явіць наступны год Годам Беларускай мовы.
Прыняты на пасяджэнні Рады ТБМ
28 лістапада 2010 года