26 лістапада Уладзіміру Караткевічу спаўняецца 80. Многіх пытанняў класіку ўжо больш за чвэрць стагоддзя не задасі, але на некаторыя адказы атрымаць можна. «Выбранае» інтэрв’ю Уладзіміра Караткевіча.
У тэксце выкарыстаны выказванні Уладзіміра Караткевіча з аўтабіяграфіі «Дарога, якую прайшоў», а таксама адказы на пытанні А. Губіч і Таццяны Шамякінай. Фота – uladzimir-karatkevich.com.
– Падчас вайны, калі вы, Уладзімір Сямёнавіч, былі яшчэ дзіцём, загінуў ваш старэйшы брат. А вы ў эвакуацыі апынуліся ў інтэрнаце. Чаму?
– Здарылася звычайная на вайне рэч: доўгі час не ведаў, дзе бацькі і ці жывыя яны наогул, а калі жывыя, то дзе, за лініяй фронту або паспелі эвакуіравацца.
Быў спачатку ў Маскве, потым на Разаншчыне. Пасля давялося ўцякаць і адтуль. На Урал, у наваколле Кунгура. Выпадкова даведаўся, што бацькі ў Арэнбургу. З вялікімі цяжкасцямі (без пропуска і білета) дабраўся да іх. У Арэнбургу скончыў шосты клас.
Потым – нядаўна вызвалены Кіеў (Беларусь яшчэ была акупіраваная). Крашчацік ляжаў у руінах. Па бульвары Шаўчэнкі некалькі разоў на суткі праходзіў трамвай. У руінах універсітэта мы разважаліся, шукаючы міны. Як не трапіў у «палату мінёраў» (па выразу майго друга Барадуліна), сам не ведаю.
Уладзімір Караткевіч у 1959-м
– У 49-м вы паступілі ў Кіеўскі універсітэт на філалагічны факультэт. Яшчэ з дзяцінства марылі стаць пісьменнікам?
– Не, калі паступаў ва універсітэт, я хацеў быць літаратуразнаўцам. Напісаў некалькі прац: «Багдановіч і сучаснасць», «Моўная стыхія Пушкіна», «Беларускія і ўкраінскія школьныя драмы»…
Пасля заканчэння універсітэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: з'явілася задумка аб рамане («Каласы пад сярпом тваім» – С.) на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год.
– Што вас прымусіла паехаць у сакавіку 1953-га ў Маскву на пахаванне Сталіна?
– На пахаванне Сталіна паехаў і падбіў на паездку хлопцаў з пакоя не з-за смутку, а каб бачыць уласнымі вачамі. І ўбачыў. І, разам з хлопцамі, дапамагаў санітарам выцягваць з цісканіны людзей. І патрапіў у пераробку ў Веташным завулку ў дзень пахавання. А гэта ўжо не пакідала ніякіх сумневаў і выклікала адно жаданне: «Хутчэй бы скончылі з усім гэтым»…
1969. Уладзімір Караткевіч на Прыпяці
– Вы – пісьменнік рамантычнага складу...
– Я не пісьменнік рамантычнага складу! Хто хоча, каб я яго паважаў – хай здасць гэта азначэнне, гэты ярлык у архіў.
– Добра. Але ці ёсць у вашых літаратурных герояў прататыпы?
– Я, можа, больш чым хто авантурыст (хоць ніколі не шукаў у авантурах выгады), і жыццё падсоўвае мне і такіх людзей, і такія выпадкі, якія не назавеш штодзённымі.
Вось, скажам, падзеі толькі дзесяці дзён верасня 1978 года. З 9-га па 21-га. Палёт у Душанбе. – Паход у Варзобскую цясніну. – Пастухі, што спускаліся з гор чародамі. – Старажытная крэпасць у Гісары. Рынкі і іх людзі. – Музеі. – Кераміка і яе вывучэнне. – Будоўля Нурэкскай ГЭС. – Над гарамі ў Самаркандзе. – Узбекскае вяселле ля Гур-Эміра. – Абсерваторыя ў Афрасіябе. – Начны кішлак Улуг-бек. – Зноў Душанбе. – Таджык-міліцыянер і яго сям’я. – Спрэчкі аб каране і хрысціянстве. – Начныя кішлакі ў Варзобе. – Пералёт у Абхазію і выхад у мора з рыбакамі, якіх ведаю шмат год…
Гэта не рамантыка. Такім жыццём жывуць многія тысячы людзей. І я хачу жыць і жыву, як яны, і люблю іх, і апісваю.
– Вы сказалі, што лічыце сябе авантурыстам. А маглі б прыгадаць нейкі кур’ёзны выпадак са сваіх падарожжаў?
– Сцэна ў кактэбельскай міліцыі. Пагранічнікі затрымалі. Маёр: «Каго затрымалі? Мы яго шмат год ведаем. Добрыя людзі ўсе спяць, а гэты псіх лазіць ноччу па скалах». Мне гэтыя словы – самая дарагая ўзнагарода.
Падчас экспедыцыі па Палессі на цеплаходзе «Владимир Маяковский». З левага боку ад рубкі ў берэце Валянцін Ждановіч, з правага боку ад рубкі Уладзімер Караткевіч, на пярэднім плане з правага боку Зянон Пазняк (фота з архіва reginaz.livejournal.com)
– Якія мясціны Беларусі вы найбольш любіце і ведаеце?
– Люблю ўсе месцы на Беларусі. Ведаю таксама ўсе. Некаторыя болей, некаторыя меней. Найбольш – Прыдняпроўе, Палессе, Прыдзвінне, Наваградчыну… А ўсё ведаю і люблю. І яшчэ Далёкі Ўсход, Украіну, Урал, горны Крым і Каўказ. І, пасля Беларусі, больш за ўсё – мора.
З жонкай і маці. Уладзімір Караткевіч жаніўся толькі ў 41 год. Жонка пісьменніка Валянціна Браніславаўна Караткевіч памерла ў пачатку 1983 года. Сябар пісьменніка прафесар Адам Мальдзіс узгадваў: «Калі Валя памерла ад анкалогіі, Валодзя як дзіця разгублены быў, хадзіў непрыкаяны».
– Уладзімір Сямёнавіч, разумею, што гэта пытанне будзе складаным, але ўсё ж: якія вашы творы найбольш дарагія для вас?
– Я назаву тры: «Каласы пад сярпом тваім», «Чазенія» і «Ладдзя роспачы». Раман «Каласы пад сярпом тваім» закранае яркую старонку беларускай гісторыі. Аповесць «Чазенія» дарагая мне як успамін аб цудоўных месяцах, праведзеных на Далёкім Усходзе. «Ладдзя роспачы», па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх.
Вядомае фота «Караткевіч з кацянятамі» зрабіў Валянцін Ждановіч. Згодна Уладзіміру Арлову, журналіст і фотамастак Валянцін Ждановіч быў адным з нешматлікіх сапраўдных сяброў Караткевіча. Разам яны былі і ў падарожжы на плыце па Прыпяці летам 1984-га, дзе пісьменніку стала дрэнна. Па вяртанні ў Мінск у Караткевіча развілося страўнікавае кровацячэнне, і ён хутка памёр.Валянцін Ждановіч вельмі цяжка перажываў смерць Караткевіча, казаў пра долю сваёй віны, хоць ініцыятарам трагічнай вандроўкі быў сам пісьменнік
– Вы ж ведаеце ў якім незайздросным стане знаходзіцца нацыянальная культура. Як можна змяніць стаўленне беларусаў да яе?
– Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку годнасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі. І – у сучасным – працай, часам непасільнай, па асвеце моладзі, па абуджэнні ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі.
Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасцей – грамадства здолее ўсё.
Руслан Гарбачоў, "Салідарнасць"