"Калі мы задумваліся аб яго мэтах і задачах, безумоўна, звярталіся да гісторыі Інбелкульта, які быў створаны ў 1922 годзе, і практычна на базе якога была створана Нацыянальная акадэмія навук. Мы прыйшлі да думкі: чаму б не аднавіць і назву? У скарочанай назве новы інстытут так і гучыць: "Інбелкульт", тым самым мы падкрэсліваем, што Інстытут культуры павінен грунтавацца на гістарычных традыцыях, якія былі закладзены нашымі папярэднікамі", — расказаў Тадэвуш Іванавіч.
Таксама спадар Стружэцкі заўважыў, што зараз ва ўрадзе знаходзіцца дзяржаўная праграма "Культура Беларусі", якая разлічана на 2011—2015 гады. "Спадзяёмся, што яе рэалізацыя будзе важным крокам не толькі для павышэння ролі культуры, але і ў цэлым культурнай кансалідацыі грамадства. Спрыяць таксама больш шырокаму ўкараненню нашай роднай беларускай мовы не толькі ў сферы культуры, але ў жыцці грамадства".
Па словах намесніка міністра культуры, 16 снежня адбудзецца знакавая падзея — адкрыццё замкавага комплексу Мір. Шматгадовая праца па аднаўленні гэтага помніка заканчваецца. А ў наступным годзе пачне працаваць і яшчэ адзін культурнаасветніцкі цэнтр — будуць закончаны працы на палацавым комплексе ў Нясвіжы.
Але не толькі тым, што аднаўляюцца помнікі гісторыі і культуры, сёння можа пахваліцца Беларусь. "За апошнія гады ў параўнанні з іншымі нам удалося максімальна поўна захаваць сетку ўстаноў культуры і мастацтва, — заўважыў Тадэўш Стружэцкі. — За гэты час не страчана ніводнага музея, ніводнага тэатра, нязначна скарацілася сетка клубных устаноў, бібліятэк, на што былі суб'ектыўныя прычыны".
Сустрэча вучоных
На міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Нацыянальная культура і мастацтва Беларусі ў еўрапейскім кантэксце" ў Мінску сабраліся вучоныя з краін Прыбалтыкі, Расійскай Федэрацыі, Украіны, усіх рэгіёнаў Беларусі.
Беларускім вучоным ёсць чым пахваліцца. Сярод найбольш буйных работ Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вылучаецца завершанае шасцітомнае выданне "Архітэктура Беларусі. Нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце", аналагаў такой працы пакуль няма ва Усходняй Еўропе. Убачылі свет 8 кніг "Гісторыя гарадоў і вёсак Беларусі" (усяго такіх кніг будзе 16, і ў іх змесціцца інфармацыя больш чым пра 24 тысячы населеных пунктаў нашай краіны). Выдадзены новыя тамы па славянскіх этнакультурных традыцыях, музычным мастацтве і кіно ў межах шматтомнага выдання "Беларусы" (серыя адзначаная прэміяй "За духоўнае адраджэнне").
— Па замове Міністэрства спорту і турызму распрацаваны праект стварэння 52 лакальных турысцка-рэакрацыйных зонаў, падрыхтавана выданне атласа "Турысцкая мазаіка Беларусі", — распавядае дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Аляксандр Лакотка. — Інстытут браў удзел у буйной праектнай тэме "Карэкціроўка генеральнага плана Мінска", у спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўключаны горадабудаўнічыя ансамблі сталіцы 40-60-ых гадоў ХХ стагоддзя.
Віртуальнае вяртанне спадчыны
Адной з праграм па захаванні дакументальнай спадчыны праграма "Памяць свету", якую ЮНЕСКА заснавала ў 1992 годзе. Летась архівы нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў былі ўключаныя ў сусветны рэестр. Вялася праца не толькі з архівамі і бібліятэкамі нашай краіны, але з Літвой, Польшчай, Расійскай Федэрацыяй, Украінай і Фінляндыяй, дзе таксама захоўваліся часткі аднаго з буйнейшых кніжных збораў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. У дзяржаўным гістарычным архіве Беларусі знаходзіцца толькі 20 тысяч з 90 тысяч спраў нясвіжскага архіва, а ў мінскіх бібліятэках — некалькі тысяч кніг з той калекцыі, якая некалі захоўвалася ў Нясвіжы.
У нашу краіну ў электронным выглядзе вернуты архіў Міхала Клеафаса Агінскага. Зроблены вопіс бібліятэкі Храптовіча, распачата работа па праекце віртуальнай рэканструкцыі архіва і бібліятэкі Сапегаў, музеефікацыі Гальшанскага культурнага ландшафту, пачата праца над каталогам "Калекцыя аўтографаў Янкі Купалы". Гэтыя праекты ажыццяўляюцца пры кансультатыўнай, экспертнай і фінансавай падтрымцы ЮНЕСКА.
Як бачыце, дзякуючы выкарыстанню сучасных інфармацыйных тэхналогій, нацыянальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці вяртаюцца ў Беларусь, няхай пакуль толькі ў віртуальным выглядзе.
Алена Дзядзюля, "Звязда"