Беларускае "Паганства" ў здымках Андрэя Лянкевіча: містыка ў нас

Каля двухсот здымкаў беларускага фатографа Андрэя Лянкевіча ўвайшло ў кнігу "Паганства" і аднайменны медыяпраект, прэзентацыя якога адбылася ў офісе Інстытута Гётэ ў Мінску 12 лістапада.

Андрэй Лянкевіч

За тры гады здымкаў і вандровак быў сабраны матэрыял для гэтага праекту, у якім перад гледачом паўстае загадкавы свет дзесяці паганскіх абрадаў, што яшчэ захаваліся ў беларускіх вёсках, сакральных прадметаў беларусаў, капішчаў і камянёў, а таксама птушак і жывёл.

Ірына Мазюк

“Калі я пабачыла першыя здымкі, я люта пазайздросціла, таму што гэта – іншы ракурс, мастацкая праца, не дакументальная", – сказала знаўца беларускай культуры Ірына Мазюк.

Ад раздзела да раздзела чытачы знаёмяцца з жыццёвым цыклам беларусаў, ад зімы да зімы. Важную частку кнігі займаюць тэксты-тлумачэнні да кожнага з абрадаў, прадметаў і іх ролі ў жыцці нашых продкаў.

“Я чуў гісторыю, якая, мне здаецца, вельмі блізкая да таго, каб быць праўдай: сапраўдныя народныя спевы па рытмах вельмі блізкія ды рытмаў нашых сэрцаў. І калі ідуць спевы людзей, якія разумеюць, што яны спяваюць, і мелодыі, якім тысячы гадоў, гэта вібруе разам з чалавекам і дадае яму гадоў жыцця”, – сказаў Андрэй Лянкевіч, прадстаўляючы праект.

Справа – Стэфан Эрыксан, пасол Швецыі ў РБ

У залі сабралося шмат людзей, пераважна, моладзі. Стаіўшы дыханне яны слухалі спевы ўдзельніц Народнага этнаграфічнага фальклорнага калектыву “Юр’еў карагод” з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёну і аповед адной з яго удзельніц Кацярыны Панчэні аб паганскім абрадзе (занесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі, з яго і пачынаецца кніжка) – “Жаніцьба коміна”:

"Комін – сімвал пачатку работы на зімні перыяд. З гэтага дня, як коміна пажэняць (сыпалі семачкі, бо канфет тады не было), ужо зналі, што пара засеўкі ў полі рабіць (тады бажыну сеялі, жыта), праць, ткаць".

"Пасвяці, каміночку, ясненька. Пабуджай калядачку раненька. Шыці, прасці, ткаці – маладым, падаруначкі дарыць старым", – падхапілі яе сяброўкі: Валацэвіч Марыя (баба Маня), Марозава Наталля, Кулік Алена.

Аўтар падзякаваў усім, хто дапамог стварыць кнігу, – Ірыне Мазюк, Святлане Палішчук, Сяргею Шабохіну, Раману Маладзяшыну, Сяргею Кандраценку, Юлі Качанавай, выдавецтву Fundacja Villa Sokrates і Нямецкаму фонду Маршала, а таксама кампаніі "Будзьма беларусамі!". І згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў:

– З чаго ўсё пачалося?

– Усё вельмі проста: я ўбачыў у газеце "Звязда" адзін з рэпартажаў Анатоля Клешчука аб гэтай вёсцы. Мяне моцна зачапіла, што ёсць традыцыі, якія доўжацца тысячы гадоў, якія не перапыняліся. З гэтага ўсё і пачалося.

– Ці сапраўды была містыка пад час стварэння праекту?

– На вокладцы падчас друку знік твар. У друкарні проста спалохаліся, спынілі друк, бачачы, што нешта незвычайнае. Ці то брак, ці што… Быў цэлы шэраг такіх выпадкаў: у дызайнера зламаўся кампутар, завезлі ў рамонт, аказалася, што з ім усё нармальна, прывезлі назад – ён зноў не працуе.

– Ці атрымалася зрабіць тое, што Вы задумалі?

– Мне здаецца, што фотаздымкамі атрымалася перадаць той настрой, тую сітуацыю, якую, як мне здавалася, я бачу і чую. Вось бабулі сёння прыехалі і сказалі: "Дзякуй вялікі, мы ледзьве не плакалі". Гэта і ёсць струны, якія ў нас б’юцца, звязваюць усіх нас.

Хочацца спадзявацца, што з’яўленне такіх мастацкіх дакументаў, дапаможа нам не страціць традыцый продкаў, захаваць іх.

Зарына Кандрацьева, budzma.org