Авалодаць тэхнікамі традыцыйных беларускіх рамёстваў дапамогуць кнігі серыі “Майстроўня”, заснаванай Студэнцкім этнагарафічным у 2009 годзе з мэтай запоўніць недахоп метадычнай літаратуры па традыцыйных рамёствах і абудзіць цікавасць да іх вывучэння.
Першай кнігай серыі стаў практычны дапаможнік В. Селівончык “Ткацтва на дошчачках”, у якім падрабязна разглядаецца тэхніка ткання, прыёмы стварэння ўзораў, прапануецца шэраг вырабаў як традыцыйнага, так і сучаснага характару.
Для тых, хто займаецца рэканструкцыяй беларускіх народных строяў, а таксама для ўсіх аматараў традыцыйнай беларускай культуры і тых, хто цікававіцца дызайнам адзення, нядаўна з’явіўся практычны дапаможнік М. Віннікавай “Гарсэт, кабат, шнуроўка: безрукаўка ў беларускім народным адзенні”.
У кнізе можна даведацца гісторыю з’яўлення безрукавага адзення на тэрыторыі Беларусі, тыпы безрукавак і іх лакальныя асаблівасці, а таксама матэрыялы вырабаў і прыёмы аздаблення безрукавак.
Прыклады аздаблення безрукавак
Найбольшую практычную цікавасць уяўляе апошні раздзел дапаможніка, дзе даюцца схемы крою і кароткія апісанні аўтэнтычных безрукавак, якія дапамогуць пры стварэнні рэканструкцый традыцыйнага беларускага касцюма і мадэляванні адзення з элементамі народных строяў.
Абедзве кнігі багата ілюстраваныя каляровымі схемамі, малюнкамі і фотаздымкамі.
Далей ў серыі “Майстроўня” запланавана выданне кніг пра традыцыйны беларускі скураны абутак ды пра стварэнне карунак і пульсэтак.