ТБМ адзначае, што колькасць жыхароў краіны, якія назвалі сваёй роднай мовай беларускую, за апошнія 10 гадоў значна зменшылася. Як і колькасць людзей, якія штодня размаўляюць па-беларуску. Такія вынікі атрыманы падчас перапісу насельніцтва Беларусі. “Гэта выклікана нядбайнымі адносінамі беларускай улады да захавання і пашырэння мовы тытульнай нацыі, найперш у сферы адукацыі. Складваецца ўражанне, што ўрадоўцы не разумеюць простых рэчаў: не будзе мовы — не будзе незалежнасці, а значыць, і краіны. Беларускі этнас можа знікнуць, як зніклі прусы ці яцвягі”, — падкрэслілі ініцыятары паслання. Зварот прыняты на пасяджэнні сакратарыята ТБМ 29 кастрычніка. “Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі, а таксама іншых краін таксама падтрымаць нас. І даслаць адпаведныя лісты ў адміністрацыю прэзідэнта”, — сказаў кіраўнік арганізацыі Алег Трусаў. З прапановай абвясціць “Год роднай мовы” ТБМ звяртаецца да ўладаў не першы раз. “Але хоць яны і не абвяшчаюць, усё роўна для мовы нешта робяць. Таму што любая ўлада ў любой краіне рэагуе на грамадскую супольнасць. І раней ці пазней мы свайго даб’емся”, — сказаў Алег Трусаў. ТБМ, паводле яго слоў, увесь час атрымлівае маленькія перамогі. І такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат. Пасля зваротаў ТБМ стала з’яўляцца на беларускай мове рэклама на білбордах і тэлевізіі. Адмысловыя лісты былі дасланыя ў цэнтральныя офісы кампаніі Gallina Blanka (у Іспанію) і Samsung (у Паўднёвую Карэю). “Мы казалі, што ў нас дзве мовы, зрабіце па-беларуску, будзе не горш, — распавёў кіраўнік ТБМ. — Яны зрабілі. І атрымалася, што на самой справе лепш. На 10 працэнтаў продаж павялічваецца, калі рэклама падаецца на беларускай мове. На фоне рускай мовы яна звяртае на сябе ўвагу і запамінаецца. Больш таго, рэкламы па-беларуску сталі даваць у рускамоўныя газеты. Купляеш “Камсамолку” — а там на беларускай мове рэклама. І гэта дзейнічае бездакорна”. Калі ТБМаўцы “ўзяліся” за хлеб, першым іх падтрымаў Мінскі хлебазавод № 1. Ён пачаў уводзіць беларускамоўныя этыкеткі, а следам за ім і іншыя хлебазаводы. З “Камунаркай” змагаліся некалькі гадоў, і пачалі з’яўляцца “беларускамоўныя” цукеркі. З беларускай мовай сталі электрычкі і грамадскі транспарт. На двухмоўе перайшлі метро і вакзалы. Асабліва ТБМ выдзяляе супрацоўніцтва з поштай. Як паведаміў Алег Трусаў, палова ўсіх марак выходзіць па прапанове ТБМ. Выдаюцца віншавальныя паштоўкі па-беларуску. Да 400-годдзя Гальшанскага замка з’явіўся канверт з яго выявай. А наступная ініцыятыва ТБМ — выдаць мастацкую паштоўку з мінскім Чырвоным касцёлам, які сёлета адзначае 100 гадоў. Кіраўнік ТБМ мяркуе, што гэта таксама будзе зроблена: “Бо мы даем даход. Усе нашы прапановы акупляюцца. І такую паштоўку кожны купіць”. Як адзначыў Алег Трусаў, можна перамагчы step by step, як кажуць амерыканцы — крок за крокам. “І наша тактыка дае нам плён, — лічыць ён. — Чыноўнікі ведаюць ТБМ. Можа яны і не вельмі нас любяць, а некаторыя зусім не любяць. Але ж мы кантактуем. Мы ходзім на прыёмы, пішам лісты. А калі нічога не рабіць, а толькі на выбарах, як некаторыя партыі, з лозунгам пастаяць і ўсё, дык і адпаведныя адносіны будуць. Таму і гэты зварот — яшчэ адна кропля ў агульны кубак беларускамоўнага пітва. І як толькі там будзе тысячная кропля, яно перальецца і мы атрымаем вынік”.
Алена Варажбей, "Новы час"