Беларусь: спачатку эканоміка, потым палітыкаЗа месяц з лішкам да прэзідэнцкіх выбараў Беларусь перажывае ажыўленне дыялога з Захадам і наплыў еўрапейскіх палітыкаў. Гэтак, у кастрычніку Мінск наведала прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, якая заявіла, што Літва гатова “супрацоўнічаць і абараняць інтарэсы Беларусі ў Еўразвязе настолькі, наколькі Беларусь будзе гэтага хацець”. 2 лістапада ў Мінску пабывалі міністры замежных спраў Германіі і Польшчы Гіда Вэстэрвэле і Радаслаў Сікорскі, якія прывезлі беларускім уладам выразнае пасланне з Бруселю: “Будуць сумленныя выбары па ўсёй працэдуры, будзе падтрымка ад Еўразвязу”. Прычым асабліва падкрэслівалася, іх “цікавіць не вынік, а якасць”. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка запэўніў высокіх гасцей, што выбары ў Беларусі пройдуць па самых дэмакратычных стандартах, “без сучка и задоринки”. “Мы ловім на слове прэзідэнта Лукашэнку”, — заявіў Сікорскі журналістам.У якасці патэнцыйнай фінансавай выгоды для нашай краіны ад збліжэння з Еўропай упершыню была названа канкрэтная лічба. Гэта 3 млрд еўра, якія Беларусь здолее атрымаць з розных крыніц на працягу наступных трох гадоў. “Калі гэтая фінансавая дапамога будзе накіроўвацца на стварэнне працоўных месцаў, новых тэхналогіяў, яна нам
Уладзімір Макей. Фота: Антон Матолька. |
Рональд Пафала. Фота: bundestag.de |
Будучыя выбары Рональд Пафала назваў “пробным каменем", дадаўшы, што падмуркам дэмакратычных выбараў ёсць змена ўлады. "Сыход у адстаўку, змена ўлады заўсёды болесныя, але гэта неад'емная частка дэмакратыі", — абсалютна празрыста намякнуў нямецкі міністр, папрасіўшы пры гэтым, каб яго не зразумелі няправільна. У якасці прыклада ён назваў экс-канцлера ФРГ Гельмута Коля, якога не пераабралі пасля 16 гадоў ва ўладзе.Са свайго боку Уладзімір Макей прызнаў, што "так, як сёння праходзіць выбарчая кампанія, яна ніколі не праходзіла", і што ў такім духу яна будзе праведзена да канца. Каментуючы закіды апазіцыі (неўключэнне яе прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ды немагчымасць патрапіць у дзяржаўныя СМІ), агучаныя кіраўнікамі МЗС Польшчы і Германіі днём раней, Макей заўважыў, што праблема палягае ва ўдасканальванні выбарчага заканадаўства і ў немагчымасці “імгненна змяніць псіхалогію чалавека”.“Выступ Макея на адкрыцці Мінскага форума быў дыпламатычна вытрыманы і не такі жорсткі, як летась, — заўважае Аляксандр Мілінкевіч. — Мне падабаецца, калі гаворыцца, што мы будзем у адной еўрапейскай сям’і, заяўляецца аб пашырэнні супрацоўніцтва з Еўразвязам. Таксама ёсць пэўнае прызнанне праблемаў. Улада ж таксама мяняецца. Тым больш калі стала ясна, што без мадэрнізацыі мы не выйдзем з таго стану, у якім ёсць. А партнёр па рэфармаванні і мадэрнізацыі — перш за ўсё Еўразвяз і Германія”. “Жорсткага непрызнання чакаць не варта”Ацэньваючы візіты еўрапейскіх палітыкаў у Беларусь напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, частка экспертаў сышлася на думцы, што яны на карысць дзеючага прэзідэнта. “Не стаў бы так казаць. Навідавоку спроба Еўразвяза ажывіць пытанне, якое яшчэ месяц назад падавалася страчаным і бесперспектыўным. Цяпер у выніку літоўска-польска-нямецкага націску тэма Беларусі зноў вяртаецца на еўрапейскі парадак дня, — адзначае ў інтэрв’ю TUT.BY Віталь Сіліцкі. — Гэта ажыўленне на руку тым, хто жадае ў Беларусі пераменаў і руху нашай краіны ў еўрапейскім накірунку. Іншая рэч, ці спраўдзяцца гэтыя намаганні”.На думку доктара паліталогіі, адносіны беларускіх ўладаў да дэмакратычных каштоўнасцяў не змяніліся, але цяпер яны гатовыя ісці на большыя саступкі. “Наколькі вялікія? Настолькі, наколькі ім дазволяць еўрапейцы. Калі Еўропа праглыне балаган з апазіцыйнымі кандыдатамі і імітацыю падліку галасоў пры поўным кантролі над датэрміновым галасаваннем ды выдасць за гэта абяцаныя 3 мільярды, дыялог пасунецца далей. Калі ж грошай не будзе, усё зноў замарудзіцца”, — лічыць Сіліцкі.Прагназуючы магчымую рэакцыю Еўропы на вынікі выбараў, кіраўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў мяркуе, што ў любым разе ўжо зразумела, што “жорсткага непрызнання чакаць не варта”. “Максімум будуць дзяжурныя заявы, у якіх адзначаць, што ўсё ж пэўнага прагрэсу ўлады дасягнулі (калі яны раптам не сарвуцца з катушак). Напэўна, замарудзіцца дыялог, але далей за цяперашнюю сітуацыю адкату не будзе дакладна”, — перакананы палітолаг. Гэткую думку падзяляе і Аляксандр Мілінкевіч. “Вельмі шкадую, што ўжо прыходзяць першыя трывожныя сігналы з выбаркамаў, куды не ўключаюць дэмакратычных прадстаўнікоў. Гэта замаруджвае вельмі неабходную для нас рэформу. Не думаю, што Еўропа праглыне гэтую і іншыя хібы сёлетніх выбараў. Аднак і супрацоўніцтва пасля іх не перапыніцца, бо ўсе зразумелі: ізаляцыя не дае плёну”. Экс-кандыдат у прэзідэнты прыпушчае, што ў горшым выпадку “будзе абмежаваны кантакт”, прызнаючы, што ігнараваць уладу, якая трымае ў сваіх руках эканоміку і вызначае сацыяльны кірунак развіцця, непрадуктыўна. “Таму я выступаю за працяг дыялогу. Спадзяюся, у хуткім часе мы ўбачым “дарожную карту” далейшых стасункаў з Еўразвязам, пра якую кажам ужо тры гады”. Нагадаем, у лістападзе ў Мінску таксама чакаюць Еўракамісара па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфана Фюле. Мяркуецца, што ён прывязе Сумесны прамежкавы план — “дарожную карту” далейшых узаемадачыненняў Беларусі і ЕЗ. Мэта плана, аб намеры скласці які Фюле ўпершыню заявіў пасля двухдзённага візіта ў Мінск у ліпені, — правядзенне ў нашай краіне рэформаў у сферы палітыкі, дэмакратыі і правоў чалавека, судовай сістэме і эканоміцы.
Кастусь Лашкевіч, Tut.by