"Вавёрка" – сімвал яднання

Да латвійскіх школьнікаў восеньскія канікулы прыходзяць на тыдзень раней. І гэты час дзеці выкарыстоўваюць для вандровак. У вучняў Рыжскай беларускай школы падарожжы па гарадах этнічнай радзімы сталі добрай традыцыяй.

З панядзелка па сераду, 25-27 кастрычніка, рыжскія беларусы гасцявалі ў Брэсце, гэта быў чацвёрты калектыўны візіт у нашу краіну.

Кіраўніцтва школы выбрала Брэст невыпадкова, галоўнай мэтай было паказаць дзецям Брэсцкую крэпасць – святое для кожнага беларуса месца, дзе пачалася вайна.

У кароткай, але насычанай праграме былі экскурсія па крэпасці, візіт у Белавежскую пушчу і сустрэча з вучнямі Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М. Машэрава. З равеснікамі рыжане арганізавалі круглы стол, падчас якога падзяліліся звесткамі аб школе і вучобе.

Ганна Іванэ, дырэктар Беларускай асноўнай школы ў Рызе, адразу задала тон: аб сваёй школе лягчэй размаўляць па-беларуску. Яна працуе ў ёй з першых дзён заснавання ў 1994 годзе і апошнія дзесяць год – дырэктарам. У якасці родных у Рыжскай школе выкладаюцца тры мовы – беларуская, руская, латвійская. Дадаткова – любая іншая замежная. Таму ў Латвіі этнічныя меншасці маюць унікальную магчымаць не асімілявацца, а інтэгравацца ў латвійскае асяроддзе, застаўшыся беларусамі, палякамі, яўрэямі. Ганна Іванэ шчыра прызналася: калі ў сярэдзіне 80-х скончыла аддзяленне беларускай мовы БДУ і пераехала да мужа ў Рыгу, лічыла, што дыплом проста пакладзе на паліцу. І была вельмі задаволена з’яўленню ў латвійскай сталіцы беларускай школы. Пачыналі з аднаго класа, які налічваў дзесяць чалавек. Сёння тут навучаюцца 110 вучняў з першага па дзявяты класы. Многа гэта ці мала? Ганна ўпэўнена – вельмі мала.

– У Латвіі даволі вялікая беларуская дыяспара – каля 90 тысяч чалавек, – разважае дырэктар. – Дарэчы, у 30-я гады тут было каля трыццаці беларускіх школ. Сёння мы – адзіныя на ўсю краіну. Мне падаецца, магло быць значна больш. Але ж беларуская памяркоўнасць праслежваецца і за мяжой – часцей беларусы аддаюць дзяцей у рускія альбо латвійскія школы. З іншага боку, у нас атрымліваюць адукацыю не толькі беларусы, але і латвійцы, і рускія.

Напярэдадні новага навучальнага года школа змяніла адрас – пераехала ў новы будынак. З гэтай падставы беларускія ўлады аказалі рыжанам значную матэрыяльную дапамогу: перадалі абсталяванне, мэблю, літаратуру. У Брэсце прадстаўнікі школы атрымалі яшчэ адзін важны падарунак – камплект руска-беларускіх слоўнікаў, складзеных з улікам новых правіл беларускага правапісу, з якім у настаўнікаў і дзяцей пакуль цяжкасці. У школы з’явілася надзея, што гэта першая за 16 год існавання матэрыяльная падтрымка не будзе апошняй: нацыянальная школа за мяжой патрабуе большых інвестыцый, чым у сваёй краіне. Але ж і значэнне яе вялікае: у Латвіі беларуская школа – гэта суполка нацыянальнай культуры, твар нашай краіны. Рыжане вельмі добра ставяцца да школьнага ансамбля «Вавёрка». Ён сімвалізуе, што між нашымі краінамі значна больш агульнага, чым мы думаем – па-латвійску назва рыжай жывёліны гучыць падобна да беларускай.

Аднак трывожныя вынікі русіфікацыі ў Беларусі адчуваюцца: падчас «круглага стала» вучні шчыра спрабавалі размаўляць па-беларуску, але гэта давалася з вялікай цяжкасцю і гасцям, і гаспадарам. Дарэчы, Рыга прадэманстравала больш беларускасці: дырэктар несупынна падкрэслівала, што нам трэба вывучаць і ведаць беларускую мову. Хіба што этнічныя беларусы ў іншых краінах карыстаюцца ёй часцей і ставяцца да яе з большай павагай. У рыжскай школе на роднай мове дзеці вывучаюць не толькі літаратуру і пісьменства – урокі выяўленчага мастацтва і музыкі таксама праходзяць па-беларуску.

"Вечерний Брест"