Зміцер Сасноўскі зрабіў сабе помнік

“Калісьці Аляксандр Сяргеевіч Пушкін напісаў такі верш “Я помнік сабе зрабіў нерукатворны”. Не з цэглы, не з мармура, а з простых слоў. Зміцер Сасноўскі таксама зрабіў сабе помнік, помнік са словаў”.

“Калісьці Аляксандр Сяргеевіч Пушкін напісаў такі верш “Я помнік сабе зрабіў нерукатворны”. Не з цэглы, не з мармура, а з простых слоў. Зміцер Сасноўскі таксама зрабіў сабе помнік, помнік са словаў”, -- так ахарэктэрызаваў выхад кнігі Зміцера Сасноўскага “Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст” вядомы беларускі выдавец Анатоль Тарас падчас яе прэзентацыі, якая прайшла 27 кастрычніка ў страўні “Камяніца”.

Кніга выйшла ў выдавецтве “Харвест” накладам 1000 асобнікаў у серыі “Неизвестная история”, заснаванай Анатолем Тарасам у 2006 годзе з мэтай абудзіць цікавасць беларусаў да роднай гісторыі і культуры.

“Сёння ў нас маленькае свята. З’явілася яшчэ адно люстэрка нашай культуры, нашай гісторыі, нашай Бацькаўшчыны”, -- сказаў Анатоль Тарас падчас прэзентацыі кнігі.

Хаця кніга не мае адпаведных грыфаў Міністэрства адукацыі, яна можа прэтэндаваць на ролю першага ў Беларусі падручніка па гісторыі беларускай музыкі, бо афіцыйнага падручніка і нават зборніка лекцый па гэтай дысцыпліне пакуль у Беларусі не выдадзена. Гэта і прымусіла лідара “Старога Ольсы” заняцца напісаннем кнігі.

“Ад моманту, калі першыя асобныя выданні па гісторыі беларускай музыкі пачалі збірацца, калі ўзнікла ідэя іх аб’яднаць, да моманту з’яўлення кнігі прайшло 9 год”, -- распавёў Зміцер Сасноўскі.

Канешне, было страшна “першы раз біцца галавой аб сцену”, -- прызнаўся Зміцер. – Я чакаў, пакуль выйдзе нейкі афіцыйны падручнік, каб на яго абаперціся”.

Падручнік так і не з’явіўся, і Зміцер усё ж такі наважыўся напісаць такі падручнік сам. Пасля стаў шукаць выдаўца. Пазнаёміўшыся з Анатолем Тарасам, сказаў яму пра намер выдаць кнігу.

“Я думаў, Вы напішаце штосьці жывейшае,а Вы напісалі занудна. Але гэта супер. Бо гэта класічны падручнік. Тут ёсць сухое выкладанне фактаў гісторыі беларускай музыкі”, -- так, па словах Зміцера Сасноўскага, выказаўся Анатоль Тарас пра рукапіс кнігі.

У выніку прыкладна праз год пасля гэтай размовы з друку выйшла кніга “Гісторыя беларускай музычнай культуры ад старажытнасці да канца XVIII ст”. У выданні тэматычна і храналагічна сістэматызаванае выкладанне гісторы беларускай музыкі ад старажытных музычных прылад да музычнай культуры канца XVIII стагоддзя. Даецца класіфікацыя беларускіх інструментаў у замежных музеях, звесткі пра жыццё і дзейнасць на тэрыторыі Беларусі заходнееўрапейскіх кампазітараў эпохі барока .

Па словах Зміцера Сасноўскага, “адкрыцці -- на кожнай старонцы кнігі, бо гэтай тэмай ніхто не займаўся”. Так, у кнізе ўпершыню цалкам надрукаваны тэкст гімна “Багародзіца”, упершыню ўзняты тэмы вайсковай, сігнальнайі і эпічнай музыкі, упершыню ў айчынным музыказанаўстве зроблены арганалагічныя даследаванні над музычнымі прыладамі першабытнага часу і яшчэ шмат чаго ў гэтай кнізе ўпершыню. Асобна трэба адзначыць складзены аўтарам васьмімоўны даведнік народных інструментаў.

Як адзначыў Анатоль Тарас, застаецца толькі чакаць пакуль Сасноўскі прынясе яму новы том кнігі, і будзе новы помнік, і новае люстэрка айчыннай гісторыі.

Таццяна Печанко