Віталь Гуркоў: "Беларусы патэнцыйна маюць выключны байцоўскі ген"

"Быць беларусам – што гэта значыць?" — Budzma.org i TUT.by распачынаюць новы сезон праекту, які стартаваў у траўні 2010. Сёння на пытанні анкеты "Быць беларусам – што гэта значыць?" адказвае Віталь Гуркоў ― шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе. Сёлета стаў лепшым байцом К-1 ва Ўсходняй Еўропе.

"Быць беларусам – што гэта значыць?" — Budzma.org i TUT.by распачынаюць новы сезон праекту, які стартаваў у траўні 2010. Вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Адказы падаюцца на мове арыгіналу. Сёння на пытанні анкеты "Быць беларусам – што гэта значыць?" адказвае Віталь Гуркоў ― шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе. Сёлета стаў лепшым байцом К-1 ва Ўсходняй Еўропе.

hurkoujpeg

― Быць беларусам - што гэта значыць? Якое значэнне вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?

Беларус – той, у каго сямейныя карані тэрытарыяльна звязаны з нашай зямлёй. Нават калі чалавек будзе крычаць, што ён рускі, ён усё адно – беларус, хоць і са згубленай самасвядомасцю. Гісторыя размыта, людзі ёй не цікавяцца, таму і "губляюцца".

Быць беларусам, нармальным, сёння – гэта адраджаць гісторыю, мову, нешта рабіць для Беларусі. Напрыклад, зборна па та йландскім боксе – гэта беларусы. Мы ездзім па свеце, часта перамагаем, крычым "Беларусь!", апрануўшы нашы "боршч"-касцюмы (яны чырвона-зялёна-белыя, як боршч са смятанай). І многія даведваюцца што на зямлі ёсць такая тэрыторыя.

― Якія унікальныя беларускія рысы характару і светапогляду ўласцівыя беларусам?

На жаль, наша ўнікальная рыса – аморфнасць і абыякавасць да сваёй культуры, мовы і гісторыі. Сапраўды ў свеце мала народаў, якія гэтак жа, як беларусы, свядома топчуць тое, чым павінны ганарыцца.

― Назавіце тры/пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх – беларус не беларус.

1. Пераклад Бібліі на беларускую мову Францішкам Скарынам. Гэты знакаміты беларускі дзеяч, дарэчы, даў нашаму народу настаўленне ў кнізе "Юдзіф" пра тое, што перш за ўсё трэба любіць сваю зямлю і сваю мову.

2. Грунвальдская бітва, у якой наша войска (Вялікага княства Літоўскага) сумесна з палякамі ў 1410 годзе разбіла крыжакоў (самае небяспечнае войска на той час). 3. Кар’ера нашага военачальніка Канстанціна Астрожскага, які пад Воршай разбіў утрая большае маскоўскае войска у 1514 годзе

4. Падзелы Рэчы Паспалітай. Гэта дзяржаўнае ўтварэнне складалася з дзвюх частак і з’яўлялася канфедэрацыяй Польшчы і Вялікага княства Літоўскага (гістарычная назва Беларусі). Землі Вялікага княства адышлі да Расіі, што нанесла па нашай гераічнай гісторыі асноўны ідэалагічны ўдар.

5. Вялікая айчынная вайна. У гэтай самай крывавай вайне ў гісторыі чалавецтва найбольш пацярпела наша зямля. Танкі з Беларусі не злазілі. І, нягледзячы на гэта, мы вытрымалі і сёння маем патэнцыял і рэзерв абараняць сваю незалежнасць і ўзмацняцца.

― Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?

Беларусы павінны паважаць і хрысціянскія, і народныя традыцыі (напрыклад, Купалле). У мяне перад вачыма прыклад – краіна Мексіка. Там хрысціянства і нейкія старажытныя традыцыі і веравызнанні спляліся ў гарманічны сімбіёз. Поўная талерантнасць да СВАЙГО.

― Беларус без ведання беларускай мовы ці беларус?

На жаль, гісторыя развярнулася так, што не кожны беларус гэтым цікавіцца – наступствы апалячвання, русіфікацыі. І што цяпер, не лічыць яго беларусам? Вядома, думаючы чалавек павінен разумець – хто ён, адкуль, якую мову ён павінен ужываць, вывучаць, паважаць.

― Чым беларускім вы ганарыцеся?

Бульбай, чыпсамі, гарэлкай "Бульбаш", хакеем, трактарамі і пераможцамі "Дажынак":). А калі сур’ёзна, ганаруся гістарычнымі падзеямі, пра якія ўзгадаў вышэй. І тым, што беларусы патэнцыйна маюць выключны байцоўскі ген, які, праўда, трэба абуджаць.

― Што робіць нас беларусаў адметнымі сярод суседзяў?

Калі каротка, менш за ўсіх выкабеньваемся.

― Што робіць беларусаў адметнымі ва ўсім свеце?

Агромістая колькасць людзей, якая істотна паўплывала на сусветную гісторыю, — ураджэнцы Беларусі. Першы і сённяшні прэзідэнты Ізраіля (Вейцман і Перэс), шматлікія нобелеўскія лаўрэаты, стваральнікі амерыканскай мафіі (кекс з-пад Горадні), нацыянальны герой Чылі (Ігнат Дамейка), род Радзівілаў і гэтак далей…

― Як вы бачыце будучыню Беларусі?

Цяжкае пытанне. Хацеў бы бачыць свабодны, самадастатковы народ, які мае гонар, які б паважалі ва ўсім свеце.

Пра праект “Быць Беларусам: другі сезон”.

budzma.org