На што мы толькі не пойдзем дзеля востранькіх пачуццяў! А вы спрабавалі выпіваць беленькую і гуляць у азартныя гульні ў... святым месцы? НЕ? Сітуацыю можна паправіць! Хутка гэта стане магчымым. Так гавораць. Ды і "будаўніцтва" ўжо вядзецца поўным ходам.
Прызнаюся — гучыць жудасна. Магу толькі ўявіць рэакцыю святароў, людзей старэйшага ўзросту ці проста глыбока веруючых. І якая розніца, пра які храм вядзецца гаворка: царкву, касцёл ці малельны дом баптыстаў? Ці важна? Весткі пра тое, што сінагогу ХVІІ стагоддзя ператвараюць у начны бар — месца, дзе можна будзе падсілкавацца і пагуляць у більярд, а пасля на другім, дабудаваным паверсе адпачыць, — хутка абляцела краіну. Няўжо з малатка стала дазволеным прадаваць і святыя месцы? І мы абыякава на гэта глядзім? Ці зноў з'явіліся тыя бюракраты, якім усё дазволена і "плащ на золотой подкладке все прикроет недостатки"? Няўжо тое, што будавалі нашы продкі гадамі, мясцовыя чыноўнікі прадаюць за капейкі?Лёс яўрэйскай малельніУвогуле ў горадзе Высокім Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці было ў свой час 6 сінагог. Сінагога, пра якую ідзе зараз гаворка, у горадзе Высокае прастаяла ўжо больш за 400 гадоў. Як адзначаюць гісторыкі і краязнаўцы, пабудаваная яна ў далёкім 1607 годзе. Да 1925 года яна была малітоўным домам мясцовай яўрэйскай абшчыны. У час вайны, кажуць, там трымалі палонных... У савецкі перыяд, падчас барацьбы з "опіумам народа", сінагогу ператварылі ў склад, канюшню, была там і майстэрня, і спартыўная школа. Падчас правядзення аднаго з рамонтаў заўважылі міноры — рытуальныя падсвечнікі. Гэта пацвярджае, што тут калісьці сапраўдны была сінагога. У 1972 годзе яна стала звычайным хлявом, а праз дваццаць гадоў яе прызналі аварыйнай. У той час улады чамусьці не лічылі важным уключаць гэты аб'ект у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Магчыма, таму, што гэта патрабавала і абавязвала іх выдзяляць грошы з бюджэту на рэканструкцыю будынка, падтрыманне парадку, рэканструкцыю... Таму ўжо ў 1993 годзе, паводле дагавора куплі-продажу, сінагогу аддалі ў прыватныя рукі. Гаспадар наладзіў там аўтасэрвіс. Уладальнік не вельмі клапаціўся пра захоўванне архітэктурнай каштоўнасці, пажары не адзін раз апальвалі сцены будынка. У 2009 годзе ў сінагогі з'явіўся новы гаспадар.Так было на самай справе?Як высветлілася падчас размовы з новым уладальнікам, гэтую пабудову ўвогуле планавалі зносіць як аварыйны будынак. Калі ў мінулым годзе вырашаўся яе лёс, адбылося пасяджэнне, удзел у якім прымалі галоўны равін Брэсцкай вобласці і першыя людзі горада... "Яўрэяў у горадзе не засталося і грошы ўкладваць сюды ніхто не збіраўся", — гаворыць новы гаспадар. Былому ўладальніку будынак стаў непатрэбным, таму на "выгадных умовах" яго прадалі. Дзеля бяспекі. Кіраваліся адным — рухне ў адзін момант на чыесьці плечы... Справа ў тым, што сінагога размяшчаецца паблізу цэнтра, а непадалёк — прыгожая рэчка. Чым не пейзаж? Вось і аблюбавалі гэтае месца алкашы. Так былая сінагога ператварылася ў месца канцэнтрацыі асацыяльных элементаў. "Бутэлькі і іншае смецце я вывозіў каля двух тыдняў. Там жа быў сапраўдны публічны дом!..". — "Гэта ў тым сэнсе, што я разумею?" — "Напэўна ж. Доўгі час ганяў гэтых аматараў выпіць. Будынак быў не агароджаным, не дагледжаным, па сценах пайшоў грыбок, цэгла пачала развальвацца. Не буду хваліцца, але я навёў парадак. Дамовіліся, пасля памятную дошку ўсталюем на доме". Але навошта чалавеку прыгоды? Навошта здалася тая сінагога? Навошта купляў яе і пра што думаў? Аднак новы гаспадар адзначыў, што набываў "ніякую не сінагогу". "Я купляў "хлеў" для "рэканструкцыі яго пад жылы дом", так і пазначана ў тэхпашпарце. І год пабудовы значыцца — "1936", — тлумачыць ён. У дадатак да ўсяго атрымліваецца, што сінагога памаладзела больш чым на 300 гадоў?! І што гэта, падтасоўка фактаў і дакументаў? На старыя сцены плануюць дабудаваць яшчэ адзін паверх. Па звестках супрацоўніка краязнаўчага партала Kаmеnеts.bу, "нельга выключыць, што пабудова ХVІІ стагоддзя можа не вытрымаць і разваліцца. Сцены з вапнавага раствору, які замешвалі пару стагоддзяў назад, зусім слабыя, кладка стала распаўзацца". Па словах гэтага чалавека, адзін з уваходаў у будынак упрыгожвалі каваныя вароты яшчэ тых часоў, а гаспадар вырашыў выкарыстаць частку гістарычнага будынка ў якасці дзвярэй для свайго гаража. А калі б будынак у свой час быў занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, прыватніку яго не аддалі б.Хто вінаваты?Шукаць вінаватых можна доўга. І гаварыць пра тое, што справа ўпіраецца ў грошы. У кожным раёне знойдуцца такія "некалі культурныя" аб'екты, за якімі няма каму нават даглядаць, — не тое што праводзіць рэканструкцыю, каб запрашаць турыстаў. На гэта патрэбна шмат грошай. А іх, як вядома, лішніх ніколі ў раёне няма. Ды і ахвотных укладваць іх у такія аб'екты асабліва не знойдзеш. Сёння інвестарам патрэбны дакладныя праграмы і вынікі працы. А хто можа гарантаваць поспех у такіх выпадках? Каб зразумець, што ж было насамрэч у тым будынку, я вырашыла патэлефанаваць у мясцовы райвыканкам. Там, думаю, дакладна ўсё ведаюць. Але мне паведамілі, што "ні гістарычных, ні архіўных звестак пра будынак не захавалася". Ніякіх. Увогуле. І таму пракаментаваць сітуацыю немагчыма. А адзін з камянецкіх краязнаўцаў, Георгій Мусевіч, які за 20 гадоў напісаў мноства гісторыка-краязнаўчых публікацый, брашур, выдаў кнігі "Мой горад" і "Жыццё і смерць апошняга караля Польшчы", а сёння — "Народ, які жыў сярод нас", сцвярджае: была там сінагога, пабудаваная ў ХVІІ стагоддзі, пасля — школа, а затым тое, пра што вы ўжо ведаеце... У гэтай кнізе і ў "Энцыклапедыі яўрэйскіх абшчын — Валынь—Палессе", выданай у Іерусаліме, ёсць інфармацыя пра гэты будынак, пра сінагогу. Сінагога ў горадзе Высокае, як нам вядома, у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў не занесена. Але ў гэтым вінаваты толькі мы самі, бо, у адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, прапанову пра ўнясенне якога-небудзь будынка ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў можа зрабіць любая фізічная ці юрыдычная асоба. Насамрэч, калі сітуацыя была ў нашых руках, чаму не выкарысталі магчымасць? Чаму ніякіх мераў не прадпрымалі? Скажаце, у 90-я толькі гэтым і было займацца? Магчыма, вы маеце рацыю. Лягчэй перакладаць усю адказнасць на чыноўнікаў. Дзе была наша ініцыятыва ў час, калі яна была патрэбна? Тым больш, змяніць сітуацыю мог кожны і любы з нас. Шкада, што ў першую чаргу нас хвалююць свае праблемы.Няма нікога горш за сляпога, які сам заплюшчвае вочыШмат будынкаў, сапраўдных архітэктурных каштоўнасцяў не толькі на Брэстчыне — па ўсёй Беларусі прападае. Ведаеце, што цікава? Мы адкладваем увесь год грошы на летні адпачынак, каб падчас яго атрымаць асалоду ад паездкі за мяжу, падзівіцца на архітэктурныя казкі заморскіх краін, а сваё захаваць не можам. Нават тое, што цудам (не горшае за іншаземнае!) не было разбурана ў вайну! Не ўвесь жа час гаварыць пра тое, якім павінен быць чалавек. Прыйшоў час ім стаць. Можа, усё ж памятная дошка лепш, чым дом публічны?..
Таццяна Болтуць, "Звязда"