Праект закона яшчэ ў пачатку верасня трапіў у Палату прадстаўнікоў, аднак да гэтай пары дэпутаты яго не разглядалі. Чарговае пасяджэнне восеньскай сесіі запланавана на 29 кастрычніка, – паведамілі ў прэсавай службе Палаты прадстаўнікоў:
– Гэта праект не разглядаўся. 28 кастрычніка будзе вядомая павестка дня, таму раней нельга сказаць, ці ён будзе разглядацца ці не 29 кастрычніка.
РР: Ці існуе верагоднасць, што праект закона будзе разгледжаны яшчэ ў гэтым годзе?
– Я вам на гэтае пытанне адказаць не магу, як будзе, так яно і будзе, там будзем бачыць.
Нават калі праект закона аб малым памежным руху трапіць на разгляд Палаты прадстаўнікоў яшчэ падчас восеньскай сесіі, яго павінна яшчэ ўзгадніць Вышэйшая палата беларускага парламента. Пазней закон павінен падпісаць Прэзідэнт краіны.
Можна канстатаваць, што без палітычнай волі з беларускага боку закон аб малым памежным руху паміж Польшчай і Беларуссю не запрацуе хутка. Польскі бок поўнасцю ратыфікаваў падпісаную дамову аб малым памежным руху яшчэ ў чэрвені гэтага года.
Валянціна Лаеўская, Радыё Рацыя