На з’яўленне праекта "У нескладовае" паўплываў Павел Латушка

Раман Арлоў і грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма Беларусамі!" прэзентуюць першы альбом праекта "У нескладовае" 28 кастрычніка ў мінскім клубе "Рэактар".

Раман Арлоў і грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма Беларусамі!" прэзентуюць першы альбом праекта "У нескладовае" 28 кастрычніка ў мінскім клубе "Рэактар".

Гэта першы беларускамоўны праект, які мае сваёй базай сталіцу суседняй краіны Маскву, а таксама ў тым, што праект з’яўляецца па сутнасці all-stars band. У ім удзельнічаюць такія вядомыя музыкі як Ганна Хітрык, Юля Глушыцкая, Аляксандар Памідораў, Алег Хаменка, Уладзімір Пугач, Віктар Рудэнка, Яўген Чалышаў, Руся, Аляксей Стокс, Вадзім Касалапаў, а цяпер далучыўся яшчэ і Аляксей Хлястоў.

За нядоўгі час існавання праект ужо быў прадстаўлены на канцэртах у Маскве і Мінску. На песню з аднайменнай назвай "У нескладовае" рэжысёрам Мікалаем Батвіннікам у Макве зняты кліп. А зараз завяршаецца праца над запісам дэбютнага альбому.

– Ідэя праекта "У нескладовае" цалкам адпавядае ідэі кампаніі "Будзьма беларусамі". Менавіта культура ёсць тым, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі, пазнавальнымі ва ўсім свеце. Нездарма для назвы праекта ўзятая менавіта гэтая літара, якая адрознівае беларускі алфавіт ад усіх іншых. Больш за тое, мы вельмі зацікаўлены ў папулярызацыі праекта ў Маскве і на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, паколькі ў Расіі пражывае каля мільёна беларусаў, — гаворыць каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі" Алена Макоўская.

Так сталася, што сам не ведаючы таго, да ідэі стварэння праекта "У нескладовае" спрычыніўся міністр культуры Беларусі Павел Латушка. - У 2009-м годзе Павел Латушка аб’явіў наступны – 2010 год годам беларускай культуры ў межах Расійскай Федэрацыі. Мой сябра Вадзім Марголін патэлефанаваў мне з Масквы і прапанаваў зрабіць такі праект, як "У нескладовае". База праекта часткова размешчана ў Маскве з тым, каб папулярызаваць ідэю музыкі на беларускай мове ў Расіі. Праўда, зараз праект пашыраецца ўжо і на тэрыторыю Украіны, - распавядае лідар праекта "У нескладовае" Раман Арлоў. - Музыку і тэксты на 90 адсоткаў пішу я. Але ў нашай камандзе шмат таленавітых людзей, якія мне дапамагаюць.

Апроч Рамана Арлова, рухавікамі "У нескладовага" ёсць музыкант Вадзім Марголін і прадзюсар Дзмітры Вайтэнка, якія займаюцца крэатыўным прадусаваннем праекта ў Маскве.

Першая прэзентацыя альбома адбудзецца ў Маскве, 21 кастрычніка, у клубе "Шанці". Прэзентацыя ў Мінску запланавана на 28 кастрычніка, а ў лістападзе музыкі едуць з канцэртам ў Кіеў.

Канцэрт ў Мінску 28 кастрычыніка Месца: клуб "Рэактар" (вул. В.Харужэй, 29) Час: 19.00 Кошт квіткоў: першыя сто – 20 тыс, наступныя 25 тыс., у дзень канцэрта 30 тыс, столікі 50 тыс.

budzma.org