Дзень беларускага пісьменства ў Браславе

У Браславе аддзначылі Дзень беларускага пісьменства. Тут у Доме культуры адбыўся літаратурна-музычны вечар, пад час якога прысутных пазнаёмілі з жыццёвымі шляхамі беларускіх асветнікаў. Прыняў удзел у свяце і беларус з Даўгаўпілса (Латвія),  пісьменнік і паэт Станіслаў Валодзька.

Са сцэны свае вершы чыталі браслаўскі паэт Данііл Волчак і госць з Даўгаўпілса паэт Станіслаў Валодзька. Затым выступалі пераможцы раённага дзіцячага конкурса паэтычных твораў Анастасія Радзевіч і Кастусь Іванчык.

Народны ансамбль "На панадворку" (мастацкі кіраўнік Марыя Шынкевіч) выканаў шэраг беларускіх народных песен, а таксама песню браслаўчан кампазітара Альберта Белуся на верш паэтэсы Тэрэзы Крумплеўскай "Мая Браслаўшчына" і песню паэта Уладзіміра Карызны і яго сына кампазітара Уладзіміра Карызны "Браслаўскі край". Вакальнае трыо з Ахрэмаўцаў у саставе Вялянціны Кука, Ванды Сіроткі і Леаніда Лаўрыновіча праспявалі песню "Дранікі" на словы С. Валодзькі кампазітара А. Белуся. У свяце прымала ўдзел галоўны рэдактар часопіса "Алеся" Тамара Бунто. Яна расказала аб часопісе, які ўзначальвае, і прачытала верш, дасланы чытачкай "Алесі".

Гасцям свята была падорана кніга "Браслаўскія зоры", дзе побач з цудоўнымі фотаздымкамі змешчаны паэтычныя радкі Ф. Чэрні, У. Карызны, М. Мятліцкага, А. Мятліцкай, С. Лобач, С. Валодзькі, Т. Крумплеўскай, Д. Волчака, В. Ляснеўскай і А. Крупко.

У фае Дома культуры можна было пазнаёміцца з фотавыставай "Мой край", выставай "Старонкі браслаўскай пісьменнасці", а таксама з кніжнай выставай-кірмашом.

У завяршэнне госці і гаспадары свята наведаліся на Замкавую гару.

-

-

-

svitanak.lv