Беларускай літаратуры стала больш

Літаратуразнаўца Аксана Бязлепкіна спытала ў чытачоў свайго жж: “Хто ў нас з пісьменнікаў выказваўся супраць іншамоўнай беларускай літаратуры ХІХ ст.? Ведаю, што А.Глобус. Хто яшчэ?”. Пытанне выклікала жывы рэзананс.

Літаратуразнаўца Аксана Бязлепкіна спытала ў чытачоў свайго жж: “Хто ў нас з пісьменнікаў выказваўся супраць іншамоўнай беларускай літаратуры ХІХ ст.? Ведаю, што А.Глобус. Хто яшчэ?”. Пытанне выклікала жывы рэзананс, праўда, каментатары амаль не спрачаліся па тэме, адно выказвалі свае меркаванні, аднак гэта лішні раз засведчыла праблему – ці лічыць творы, напісаныя, напрыклад, беларусамі пра Беларусь і ў Беларусі, але не па-беларуску, часткай беларускай літаратуры. А гістарычныя творы і пісьменнікаў тых часоў, калі і слова Беларусь не існавала, ці залічваць у гісторыю нашай літаратуры?

Гэта можна было б лічыць праблемай толькі пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў, калі б мы не так хістка пачуваліся ва ўласнай краіне, калі б больш (сама)упэўнена маглі лічыцца адзінай нацыяй. Пакуль жа гэтае пытанне выходзіць за межы літаратурныя і літараратуразнаўчыя.

Погляд на нашую літаратуру як на шматмоўную склаўся ў беларускім літаратуразнаўстве напрыканцы ХХ ст. Дзякуючы гэтаму ў гісторыю літаратуры былі ўведзеныя шматлікія імёны і творы. Гістарычная сітуацыя ў нас была такая, калі творы, якія канцэптуальна з’яўляюцца часткай нацыянальнага пісьменства, былі напісаныя на іншай мове, што ж паробіш? (Сёння сітуацыя ў гэтым сэнсе не надта адрозніваецца ад той, колішняй). А прыналежнасць твора/аўтара да гісторыі адной нацыянальнай літаратуры зусім не азначае адсутнасці яе ў іншай – часцей за ўсё такія творы з’яўляюцца супольнай спадчынай некалькіх літаратураў, і гэта здорава.

На беларускім філфаку кожны новы набор, як правіла, ведае на колькі імёнаў гістарычных пісьменнікаў больш, чым папярэдні, – даследнікі пастаянна адкрываюць невядомыя раней творы і аўтараў, перакладнікі – перакладаюць іх на сучасную беларускую мову. Я і здзівілася, і ўзрадавалася адначасова, калі ўбачыла змест новай кнігі Сяргея Кавалёва “Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу” – столькі імёнаў! Так, мажліва, паэзія ВКЛ эпохі Рэнесансу – гэта не тая літаратура, якую хочацца чытаць у метро або дома на канапе, але, пагадзіцеся, прыемна ўсведамляць, што гісторыя нашай літаратуры складаецца не з двух твораў і трох аўтараў. Якіх, дарэчы, паэтаў Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу вы змаглі б назваць, не зазіраючы ў падручнікі-энцыклапедыі-інтэрнэт?

Манаграфія, якая з’яўляецца “панарамным даследаваннем шматмоўнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу”, будзе цікавая, як адзначаецца ў анатацыі, “філолагам, гісторыкам і ўсім, хто цікавіцца культурай Вялікага Княства Літоўскага”, а астатнім прапаную хаця б зірнуць на змест, асабліва тым, у каго ёсць праблемы з нацыянальнай самаацэнкай.

vokladka1

Кавалёў, С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу : манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск : Кнігазбор, 2010. — 376 с. ISBN 978-985-6976-10-3.

Змест

Уводзіны………………………………………………………………………………………………. 5

Раздзел 1. Гісторыка-культурны кантэкст развіцця паэзіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у эпоху Рэнесансу…………………………… 18

Раздзел 2. На чужыне. Паэтычныя творы ўраджэнцаў Вялікага Княства Літоўcкага ў замежных выданнях…………………….. 41 2.1. Францішак Скарына, Марцінас Мажвідас і пачаткі вершаскладання на нацыянальных мовах………………………………………………. 41 2.2. Ян Вісліцкі ў беларускай культурнай прасторы………………………………… 52 2.3. Мікалай Гусоўскі: феномен творчасці і парадоксы рэцэпцыі……………………………………………………………………………………………… 74

Раздзел 3. "Чужынцы". Паэтычныя творы іншаземных аўтараў, напісаныя ў Вялікім Княстве Літоўскім……………………………………….. 101 3.1. Мода на паэзію: Пётр Раізій, Ян Мылій, Пётр Стаенскі………………………. 101 3.2. Рэлігійна-метафізічная паэзія ў пратэстанцкіх канцыяналах……………. 128 3.3. Першы палітычны верш: "Да Палякаў і да Літвы" Андрэя Волана……………………………………………………………………………………………….. 135 3.4. Чалавек у люстэрку смерці: творчасць Цыпрыяна Базыліка…………….. 143 3.5. Паэтызацыя гісторыі ў творчасці Мацея Стрыйкоўскага…………………. 160

Раздзел 4. Ліцвінская школа. Паэзія позняга Рэнесансу ў сталічных выданнях……………………………………………………………………. 180 4.1. Адваротны бок рэнесансавага гуманізму: "Лямант няшчаснага Рыгора Осціка"…………………………………………………………………………………… 180 4.2. Рэлігійна-палемічная паэма "Апалагетык, альбо Абарона канфедэрацыі"……………………………………………………………………………………. 203 4.3. Пачаткі радзівілаўскага эпасу: "Апісанне маскоўскага паходу князя Крыштафа Радзівіла" Францішка Градоўскага………………………………. 215 4.4. Пад знакам Каліопы і Кліа: творчасць Андрэя Рымшы………………………. 225 4.5. Ян Радван, вучань Гамера і Вергілія…………………………………………………. 245 4.6. Сціплая муза Яна Казаковіча…………………………………………………………… 257 4.7. Літва contra Масковія ў творчасці Гальяша Пельгрымоўскага………….. 268

Раздзел 5. Ад айчыны да сусвету. Зварот да ўніверсальнай праблематыкі…………………………………………………………………………………… 292 5.1. Рэлігійна-філасофская паэзія Станіслава Кулакоўскага……………………. 292 5.2. Ян Пратасовіч, паэт-энцыклапедыст……………………………………………….. 305 5.3. "Барвачка": касметычныя рэцэпты ад Радагляда Гладкатварскага………………………………………………………………………………….. 318

Заключэнне…………………………………………………………………………………………. 328 Summary……………………………………………………………………………………………… 334 Літаратура………………………………………………………………………………………….. 339 Паказальнік імёнаў………………………………………………………………………………. 363

Тацяна Нядбай, budzma.org