Калі беларускія літаратары дачакаюцца Нобелеўскай прэміі?

Беларускі пісьменнік Георгій Марчук, прадстаўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі, пазмагаецца ў гэтым годзе за літаратурнага Нобеля. Пакуль на форумах TUT.BY высвятляюць, хто такі Марчук, навіна стала падставай для іншых пытанняў – за што даюць “нобелеўку”, наколькі вялікія шанцы беларускіх літаратараў такую прэмію атрымаць, хто варты…

Беларускі пісьменнік Георгій Марчук, прадстаўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі, пазмагаецца ў гэтым годзе за літаратурнага Нобеля. Пакуль на форумах TUT.BY высвятляюць, хто такі Марчук, навіна стала падставай для іншых пытанняў – за што даюць “нобелеўку”, наколькі вялікія шанцы беларускіх літаратараў такую прэмію атрымаць, хто варты… Прадстаўнікі двух літаратурных аб'яднанняў ацанілі шанцы Беларусі на атрыманне узнагароды са Швецыі.

Гэта ўжо другая па ліку спроба Георгія Марчука пабароцца за Нобеля. У мінулым годзе СПБ ужо вылучаў яго кандыдатуру.

Георгій Марчук
Пра літаратара распавядае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец: - Георгій Марчук – адзін з яскравых таленавітых пісьменнікаў. У яго ёсць апавяданні для дзяцей, афарызмы, проза, ён добры драматург. Яго п’есы ставяцца ва многіх тэатрах не толькі Беларусі, але і іншых краін. Ён, напрыклад, першы, хто выдаў 500 афарызмаў. Апошні твор “Крык на хутары”, які быў уключаны ў школьную праграму, - гэта сапраўды яскравы твор, які па свайму мастацкаму ўвасабленню не саступае сусветным стандартам. Арыгінальны сюжет, самабытны характар герояў сведчыць пра нешараговы талент Марчука. Таму гэтага чалавека, які больш за 40 год працаваў у розных жанрах, мы і вырашылі прадставіць.У Швецыі будуць ацэньваць раман Марчука “Крык на хутары”. На сёння, па словах Чаргінца, зроблены 3-4 пераклады твора на іншыя мовы – рускую, сербскую, балгарскую… Твор, які прэзентуе Марчук, сёння ўключаны ў школьную праграму. Ёсць пераклады на іншыя мовы казак аўтара і яго афарызмы. Чаргінец узгадаў таксама, што некалькі год таму канкурэнтны Саюз беларускіх пісьменнікаў вылучаў як намінанта на Нобеля Рыгора Барадуліна. “Але няглядзячы на тое, што Барадулін – дастойны паэт, можа быць, не зусім удалы твор быў вылучаны…”, - разважае старшыня СПБ. - Мы чакаем вынікаў, - кажа старшыня СПБ. - Усё робіцца ў строгім сакрэце. Нам толькі даслалі двойчы паведамленне аб тым, што раман прайшоў на наступны этап. Але ў любым выпадку радуе, што Марчук прайшоў адбор і знаходзіцца на стадыі, калі будуць разбірацца і вырашаць, каму аддаваць Нобелеўскую прэмію. Гэта ўжо сваеаблівая узнагарода за тое, што ён робіць. "Да беларускага Нобеля - непачаты край працы"На думку старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэя Хадановіча, лічыць, што Беларусь сёння-заўтра атрымае Нобеля – утопія. Гэтыя чаканні – заўчасныя. - Момант, калі Беларусь бліжэй за ўсё была да літаратурнага Нобеля, - залаты час міжнароднай вядомасці Васіля Быкава, калі яго раманы актыўна перакладаліся на большасць еўрапейскіх моваў, - перакананы Хадановіч. - Не ведаю, чаго тады не хапіла. Можа быць, таму што некалькі падобных да Быкава пісьменнікаў-экзістэнцыялістаў атрымала сваю Нобелеўскую ўзнагароду раней, чым мог бы Васіль Уладзіміравіч. Можа быць, таму што Беларусь ніколі не мела сурёзнага міжнароднага лобі. А што граху таіць, уручэнне Нобелеўскай узнагароды – гэта не толькі літаратурная, а ў прынцыпе і палітычная падзея. Андрэй Хадановіч прыгадвае гісторыю рускіх нобелеўскіх узнагародаў, якая сведчыць пра “водгук то на пацяпленне, то на пахаладанне адносін Сусвету з Саветскім саюзам”. - У часы пахаладання “нобелеўкі” атрымлівалі актыўныя антысаветчыкі, напрыклад, Бунін за ангажаваную прозу ці Пастэрнак (не за арыгінальныя вершы, а за палітычна-ангажаваны раман “Доктар Жывага”). У часы пацяплення, наадварот, атрымаў узнагароду, савецкі пісьменнік Шолахаў. Безумоўна, “нобелеўкай” узнагарождваюць і напраўду вельмі вартых пісьменнікаў, кажа старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра. Сярод апошніх прыкладаў - Гюнтэр Грас і Архан Памук. - Але усё часцей і часцей “нобелеўка” мае кан’юнктурны жэст ва ўручэнні - таму ці іншаму рэгіёну, той ці іншай палітычнай альбо сэксуальнай арыентацыі, таму ці іншаму гендэру, - аналізуе беларускі літаратар. - Па планеце па-ранейшаму раскіданы гарачыя кропкі, цікавыя Еўропе экзатычныя кантыненты і г.д. На гэтым фоне Беларусь можа не так атракцыйна выглядаць. І, напрыклад, у пяць разоў большая, чым мы, Украіна, таксама не мае свайго Нобеля. Нават на хвалі “аранжавай рэвалюцыі” лідэры ўкраінскай літаратуры не наблізіліся да яе атрымання. У гэтым сэнсе лічыць, што Беларусь сёння-заўтра атрымае Нобеля, - утопія.Беларускіх літаратараў, якія маглі мець шанец атрымаць Нобеля, не так і шмат, але яны ёсць. Андрэй Хадановіч узгадаў Алеся Разанава, чые кніжкі выходзяць па-нямецку і “чыё імя ёсць прэзэнтатыўным і годна прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне”, і шырока вядомую ў Еўропе Святлану Алексіевіч, чый “міжнародны поспех не выглядаў бы выпадковым”. У будучыні ПЭН-цэнтр магчыма і прадставіць на Нобеля ці кагосьці з узгаданых кандыдатаў, ці кагосьці іншага. “Справу трэба рабіць, нават разумеючы, што яна вельмі павольная. Гэта проста кропелькі. Але мы ведаем з прыказкі, што кропелькі здольныя тачыць і камень”, - разважае Хадановіч. Усе астатнія нашыя прэтэнзіі на Нобеля, па словах старшыні ПЭН-цэнтра, – гэта самавылучэнні:- Вырашыла кола некалькі год таму, безумоўна, неабыякавых да, безумоўна, геніяльнага паэта Рыгора Барадуліна вылучыць на “нобелеўку”, але зразумела, што гэта ўтапічна, бо паэзія неперакладальная, а барадулінская паэзія пагатоў неперакладальная, - кажа Хадановіч. Да намінаванна Георгія Марчука на Нобеля Андрэй Хадановіч ставіцца са скепсісам:- Варта, я думаю, запытацца, у любым еўрапейскім ПЭН-цэнтры альбо нейкай іншай сур’ёзнай літаратурнай арганізацыі, напрыклад, саюзах пісьменнікаў, хто такі Марчук і, я думаю, мне не трэба будзе іранізаваць: яны паіранізуюць самі. Нічога кепскага няма ў тым, што сябры і калегі Марчука нейкім чынам яго вылучылі. Шчыра жадаю яму поспехаў, бо па-ранейшаму не страціў надзею. А раптам здарыцца нейкі цуд і на беларускай вуліцы. Але мне здаецца, што такія чаканні перадчасныя яшчэ. Да беларускага Нобеля, по словах Хадановіча, непачаты край працы: - Пачынаць трэба з харошых перакладаў. Не можа атрымаць у Швецыі літаратар Нобелеўскую узнагароду, чые творы не чытае шведскі чытач альбо ангельскамоўны чытач ў Еўропе, якога не ўзгадваюць у літаратурным высокім бомондзе, які не цыркулюе, не едзіць на літаратурныя сустрэчы, фестывалі і г.д. Перш за ўсё трэба ўкладаць сродкі ў міжнародную прапаганду сваёй літаратуры, трэба выхоўваць у замежных краінах патэнцыйных перакладчыкаў і трэба з большай павагай найперш самім да сябе навучыцца ставіцца. Бо калі мы самі сваю літаратуру будзем лічыць другаснай, правінцыйнай, то чаго ўжо чакаць ад еўрапейцаў, шведаў і г.д. Як выбіраюць нобелеўскіх лаурэатаў?
Фото:
Фото: nobelprize.org

Па сённяшні дзень Нобелеўская прэмія застаецца адной з самых прэстыжных міжнародных прэмій, якую можна атрымаць за выдатныя працы ў галіне фізікі, хіміі, медыцыны, фізіялогіі, эканомікі, за літаратурныя творы і дзейнасць па ўмацаванні міру. Нобелеўскія прэміі заснаваны ў адпаведнасці з апошняй воляй Альфрэда Нобеля, арганізатара і саўладальніка многіх прадпрыемстваў па вытворчасці выбуховых рэчываў, які ў 1867 г. вынайшаў дынаміт, а ў 1888-м - балісты. Фонд Нобеля быў створаны як прыватная незалежная няўрадавая арганізацыя, а першую прэмію ўручылі ў 1901 годзе. Перыядычна дзейнасць камітэту крытыкуецца. Так, абурае факт, што многія значныя аўтары, якія паўплывалі на літаратуру 20 стагоддзя, свайго Нобеля так і не атрымалі. Выходзяць артыкулы пра неадназначнасць прысуджэння прэміі. А Нобелеўскі камітэт лічаць адзіным у свеце, на каго не ўплывае грамадская думка. Згодна з правіламі, вылучаць на Нобеля ў галіне літаратуры ўпаўнаважаны члены акадэмій, інстытутаў (з аналагічнымі членам Шведскай акадэміі задачамі і мэтамі), прафесары гісторыі літаратуры і мовазнаўства універсітэтаў, лаурэатры “нобелеўкі” ў літаратуры, а таксама аўтарскія саюзы. Такім правам у Беларусі надзелены як абодва саюза пісьменнікаў, так і Беларускі ПЭН-цэнтр.Як паведамляе афіцыйны сайт Нобелеўскай прэміі, Нобелеўскі камітэт высылае пісьмы-запрашэнні тым, хто, на яго думку, мае права быць вылучаны. Упаўнаважаныя арганізацыі і асобы таксама могуць вылучаць сваіх кандыдатаў. Сам сябе літаратар намінаваць не можа. “Імёны намінантаў і іншая інфармацыя пра намінацыі не можа быць раскрыта на працягу 50 год”, гаварыцца на сайце. Нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне літаратуры выбіраюць 18 членаў Шведскай акадэміі, таксама Нобелеўскі камітэт ацэньвае заяўкі і дае свае рэкамендацыі (гэта яшчэ 4-5 прадстаўнікоў). У верасні патэнцыяльныя лаурэаты атрымліваюць запрашэнні, да 31 студзеня магчыма падаць заяўку тым, хто запрашэння не атрымаў. Затым камітэт прадстаўляе спіс літаратараў на пацвярджэнне Шведскай акадэміяй. У красавіку камітэт адбірае 15-20 імёнаў для разгледжання іх у якасці папярэдніх кандыдатаў. У маі вызначаюцца пять фінальных кандыдатаў. На працягу лета члены Шведскай акадэміі чытаюць творы кандыдатаў і ацэньваюць іх творчасць. У верасні – абмяркоўваюць, а ў кастрычніку канчаткова выбіраюць лаурэатаў, імёны якіх агучваюць. 10 снежня ў шведскай сталіцы пераможца атрымлівае медаль і грашовую ўзнагароду (напрыклад, у 2008 годзе прэмія складала 1,399 млн долараў ЗША). Што датычыцца Георгія Марчука, ён быў вылучаны на прэмію ў 2009 годзе, але не атрымаў узнагароды. Згодна з правіламі ён можа працягнуць удзельнічаць у спаборніцтве сёлета.

Таццяна Цюхай, Tut.by